Візавыя цэнтры ва ўсёй Беларусі спынілі працу, бо больш не могуць прымаць валюту

|

“У цяперашні час мы не прымаем дакументы. Справа ў тым, што сёння ўступіла ў сілу новая пастанова Нацыянальнага банка, і візавыя цэнтры цяпер не маюць права прымаць консульскі збор ад кліентаў у замежнай валюце. Цяпер гэта пытанне вырашаецца”, – тлумачаць у візавым цэнтры Літвы ў Мінску.

 

Такую ж інфармацыю паведамляюць кліентам і ў даведачных службах візавых цэнтраў Іспаніі і Грэцыі. Іх філіялы прыпынілі прыём дакументаў па ўсёй рэспубліцы.

 

У Нацыянальным банку TUT.BY пацвердзілі, што з гэтага часу візавыя цэнтры могуць прымаць ад кліентаў толькі рублі. Якім чынам яны будуць разлічвацца з пасольствамі і дзе возьмуць для гэтага валюту – партнёры павінны дамовіцца паміж сабой самастойна.

 

Раней візавыя цэнтры прымалі ад кліентаў сэрвісны збор за свае паслугі ў рублях, а консульскі збор – у замежнай валюце. Зараз усе разлікі ў доларах і еўра забароненыя.

Пры гэтым самі дыпламатычныя і іншыя афіцыйныя прадстаўніцтвы замежных дзяржаў могуць прымаць да разліку валюту. Консульскія аддзелы пасольстваў працуюць у ранейшым рэжыме.