“Тэкст праляжаў у Гілевіча 41 год”. У Гродне прэзентавалі кнігу ўспамінаў пра Ларысу Геніюш
Міхась Скобла адзначыў, што траціна кнігі гэта ўспаміны 60 аўтараў, што ўзгадваюць Геніюш добрым удзячным словам. Адзін з тэкстаў, перад тым, як патрапіць у кнігу, прайшоў доўгі шлях: у 1971 годзе Ларыса Геніюш перадала яго Васілю Быкаву, а ён праз год перадаў тэкст Нілу Гілевічу. У Гілевіча ён праляжаў 41 год і толькі потым патрапіў да Скоблы.
Пра жыццёвы лёс Ларысы і яе мужа Янкі расказаў прафесар Аляксей Пяткевіч.
Выступіў і праваслаўны святар Аляксандр з Зэльвы. Ён нагадаў, што Ларыса Геніюш была вельмі веруючым чалавекам. На 90-годдзе паэткі ў царкве ўсталявалі памятную шыльду, на 100-годдзе – адкрылі пры царкве невялікі музей.
У пачатку 90-х у Гродне ў Каложскай царкве адбываліся чытанні імя Геніюш. Айцец Аляксандр пажадаў, каб гэтая традыцыя хутчэй аднавілася.
На сустрэчы ўпершыню прагучала песня Таццяны Грыневіч-Матафонавай “Ой ляны” на верш паэткі. Акрамя тэкстаў Геніюш прагучаў яшчэ і паланэз Агінскага “Развітанне з Радзімай”.