Твары і гісторыі. 3-я частка

|

Дарогі і транспарт

Уражвае сістэма транспарту, якая ў Нямеччыне дастаткова развіта. Вялікія гарады злучаюцца аўтамагістралямі. Пакрыццё аўтамагістраляў, здаецца, разлічана на тое, каб па іх мог ганяць сам Міхаэль Шумахер…

 

Аднак тут ёсць усё ж такі абмежаванне: аўтамабілі, якія могуць развіваць хуткасць вышэй за 200 км/г павінны ездзіць з хуткасцю ніжэй за 200 км/г. Гэтае абмежаванне ўвялі для таго, каб кіроўцы звышхуткіх аўтамабіляў не збівалі ўвагу кіроўцаў, што рухаюцца з меншай хуткасцю. Якая максімальная хуткасць на аўтамагістралях, дакладна вызначыць не магчыма. Вядома адно: калі аўтамабіль рухаецца з хуткасцю 120 км/г, то адносна яго ёсць тыя, хто ездзіць значна хутчэй, і тады ты сябе пачуваеш так, быццам твой аўтамабіль едзе з хуткасцю 80 км/г.

 

Аўтамагістралі, як і ў нас, дзеляцца на два бакі руху, паміж якімі заўсёды стаіць невысокі металічны плот або растуць невялічкія кусты. Гэта зроблена для таго, каб кіроўцы, якія рухаюцца насустрач не асляплялі святлом іншых удзельнікаў руху. Кожны з бакоў дзеліцца яшчэ на чатыры дарожныя паласы. Па трох могуць ехаць усе, а па чацвёртай, самай скрайняй правай паласе, якая абмежавана ад іншых трох тлустай суцэльнай белай лініяй, могуць рухацца толькі хуткая дапамога або паліцыя, якія спяшаюцца на месца аварыі.

 

Самыя аўтамагістралі адгароджаныя ад лесу сеткай для таго, каб на дарогу не выбягалі жывёлы. Для жывёлаў над магістралямі збудаваныя бетонныя масты або пад магістралямі пракладзены падземныя тунэлі. Менавіта ў гэтых вызначаных месцах жывёлы могуць пераходзіць на другі бок лесу, перасякаючы такім чынам дарогу.

 

У месцах, дзе магістраль праходзіць праз населены пункт, ён адгароджаны сцяной, якая ізалюе мясцовасць ад шуму на магістралі. Сама сцяна, засаджана зялёным плюшчом, для таго, каб злівалася з прыродным ландшафтам і тым самым не адцягвала ўвагу кіроўцаў. Таксама ў Нямеччыне, як і ў нас, існуюць двухпалосныя дарогі, якія звычайна злучаюць невялікія гарады, мястэчкі і вёскі. Такія дарогі заўсёды віляюць і рэдка праходзяць праз населеныя пункты. Гэта зроблена для таго, каб транспарт не парушаў экалогію мясцовасці і не перашкаджаў сваім шумам жыхарам. Уздоўж дарогі растуць вельмі старыя дрэвы. Гэтыя алеі былі пасаджаныя яшчэ ў ХІХ ст. для коней, якія маглі адпачываць у засені дрэваў, што засланялі іх ад сонца, а таксама для арміі, якая хадзіла па дарогах.

 

 

На захадзе Нямеччыны такія алеі ўжо павысякалі, але зараз у знак настальгіі па былых часах адсаджваюць зноў. Дрэвы растуць даволі блізка ад дарогі і, здавалася б, нясуць у сабе вялікую небяспеку, але немцы лічаць, што пры аварыі вінавата не дрэва, а кіроўца, які здолеў у яго патрапіць. Існуе спецыяльная дарожная служба, якая ўвесь час сочыць за тым, якія дрэвы неабходна спілаваць, для таго, каб яны раптам не ўпалі на дарогу ад старасці або падчас урагану. Пасля розных стыхійных бедстваў служба робіць агляд усіх дарог, з мэтай прыбраць паламаныя дрэвы. На месцы старога спілаванага дрэва заўсёды садзіцца новае.

 

 

 

 

У гарадах, як правіла, ёсць роварныя сцежкі, якія займаюць палову тратуараў. Усе пешаходы, якія рухаюцца па тратуарах дакладна ведаюць, што за мяжу роварнай сцежкі заступаць нельга, паколькі роварысты ведаюць свае правы вельмі добра, і калі што не так, могуць падаць на вас у суд. У Берліне вельмі лёгка ўзяць ровар на пракат. Іх можна знайсці ўсюды: прышпіленыя замком да слупа, да плота. Каб узяць такі ровар, трэба патэлефанаваць па тэлефоне, нумар якога знойдзеш на самым двухколавым транспарце, і паведаміць нумар гэтага канкрэтнага ровара. Радыёсігнал ад дыспетчара адкрые замок, і вы можаце ехаць, куды жадае душа. Натуральна, гэта паслуга платная. Калі патрэба ў ровары знікне, можна пакінуць яго ў любым месцы, трэба толькі павесіць замок, прымацаваўшы ровар да чаго-небудзь. Таксама ёсць і звычайныя роварныя стаянкі, дзе за пэўную плату можна ўзяць ровар і пакатацца на ім. Немцы вельмі любяць катацца на роварах, таму бяруць іх з сабою нават у адпачынак.

 

 

 

 

 

 

 

У Берліне вельмі развіта наземная (S-бан) і падземная (U-бан або метро) сістэма транспарту. Сістэма метро дзейнічае ў межах гораду, наземная сістэма дзейнічае, як у межах горада, так і далёка за яго межамі. У гэтую сістэму ўключаюцца невялічкія прыгарадныя гарады ў ваколіцах сталіцы, такія як Патсдам, Араніенбург і г.д. Існуе і адпаведная сістэма квіткоў. За паездку ў адзін бок вы можаце заплаціць 2 эўра 20 цэнтаў. Існуе так званы суткавы білет. Каштуе ён 6.50 эўра на адну асобу. Гэты білет дазваляе ездзіць як наземным, так і падземным транспартам у любыя накірункі, дазволеныя берлінскай сістэмай гарадскога транспарту да 3.00 гадзін ночы. Ёсць яшчэ групавыя квіткі, а таксама квіткі на праезд чалавека і яго ровара.

 

Энергія і… спадчына

 

Калі рухацца ад невялікага гораду да вёскі ці ад вёскі да вёскі, можна заўважыць вялікую колькасць ветракоў, якія выпрацоўваюць энергію. Звычайна гэтыя ветракі знаходзяцца недалёка ад населеных пунктаў. Любы жыхар вёскі або групка жыхароў могуць набыць вятрак, які забяспечвае энергіяй не толькі ўладальнікаў, але і свайго роду дазваляе прадаваць гэтую энэргію дзяржаве.

 

 

 

Прынцып дзеяння такі. Усе плацяць дзяржаве грошы за энергію па аднолькавых тарыфах. Пасля дзяржава ўладальнікам ветракоў плаціць грошы за тое, што ветракі выпрацоўваюць энергію на яе карысць. Грошы, якія атрымлівае ўладальнік ветрака, у некалькі разоў пакрываюць тую суму, якую ён заплаціў дзяржаве за энергію. Аднак існуе праблема размеркавання энергіі, якую выпрацоўваць ветракі, паколькі энэргія трапляе толькі ў лакальную энергасетку і пры вялікім ветры, вятрак выпрацоўвае больш энергіі, чым патрэбна, г зн. што можа ўзнікнуць перагрузка сеткі.

 

Знізу ветракі малююцца ў зялёны колер. Ад самай зямлі гэты колер цёмны, пасля святлейшы і так святлее, пакуль не дасягае ўзроўню кустоў або дрэваў, якія растуць у ваколіцы. Зроблена гэта зноў такі для таго, каб не адцягваць увагу кіроўцаў, якія праязджаюць каля ветракоў. Зараз ветракі стараюцца будаваць чым далей ад населеных пунктаў, бо часам пры моцным ветры шум ветрака або цені яд яго крылаў, якія трапляюць у дом, перашкаджаюць жыхарам.

 

Як і ў Беларусі, у Нямеччыне ўздоўж дарог ёсць рапсавыя палі. Рапс у Нямеччыне вырошчваюць для таго, каб вырабляць з яго біяпаліва, якое ў экалагічным плане больш бяспечнае, чым звычайнае паліва. Аднак існуе праблема вялікіх фінансавых затрат, бо рапс патрабуе пры сваёй апрацоўцы шмат вады, а яна ў Нямеччыне вельмі дарагая. Дарэчы вада, якая трапляе ў каналізацыі, бярэцца з адтулін у зямлі, штосьці накшталт нашых звычайных студняў.

 

 

 

Немцы маюць неблагія грошы з турызму. Так жыве, напрыклад, горад Вітэнберг, дзе нарадзіўся і працаваў у свой час Марцін Лютэр, заснавальнік лютэранства. Чалавек, які знешне падобны да Марціна Лютэра зараз праводзіць экскурсіі па горадзе. Ён апрануты як Марцін Лютэр, расказвае так, быццам мы разам з ім знаходзімся ў яго часе, ходзім па вуліцах, дзе жывуць лепшыя сябры Лютэра, заходзім у царкву, дзе ён працуе.

 

 

 

 

 

Ці, напрыклад, уладальнік замка Х ст. Томас Петцальд у вёсачцы Клёдэн, які адкрыў у замку рэстаран, у будучым хоча арганізаваць роварны турыстычны маршрут, які будзе праходзіць праз яго ваколіцы, арганізаваць розныя вясковыя забавы, кшталту ткацтва, прання кудзелі, стрыжкі авечак і т.п. рэчы. Дарэчы, спадар Петцальд набыў свой замак усяго за 1 эўра.

 

 

Захапляе таксама і стаўленне немцаў да сваёй архітэктурна-культурнай спадчыны. Калі глядзіш на замкі, палацы, цэрквы Х або ХІІ ст., узнікае ўражанне, што гэта будынкі не раней за ХVI і XVII ст., у настолькі добрым стане яны захаваліся.

 

Заканчэнне будзе