Хрыстос з дакорам глядзеў на аматараў бутэрбродаў або Чаму я збег з выставы Стратовіча

|

Не, я не пра другое прышэсце, не пра “скрыгат зубоў” і агонь з нябёс. Я пра тое, калі б Ісус Хрыстос узяў ды ціха прыйшоў паглядзець на нас чалавечымі вачыма. Што б ён убачыў? Справа не ў тым, як успрымаць Хрыста, а ў духоўных і маральных правілах, каторыя прынес ён на зямлю.

Чалавецтва не змянілася ні на ёту з часоў Рымскай імперыі. Людзі “абраслі” гаджэтамі, а сутнасць засталася. Усе мы грашым і шукаем бервяна ў вачах суседзей, хлусім і шукаем хітрыкаў у словах сваіх знаёмых. Не верым. Нават самім сабе.

 

Таму не выпадае разважаць, як успрымуць Хрыста нанова. Хутчэй за ўсё, яго чакае не крыжаванне, а банальныя 15 сутак. І пацягне ён свой крыж у міліцэйскі пастарунак, пад гогат і злы шэпт тлустых цётак, п’яных мужычкоў і дзяўчынак з колай, як на карціне Стратовіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. А навокал усе будуць працягваць жраць, піць, блудзіць, як на карціне “Ліхія 90-я”, а Ісус будзе паглядаць на ўсё гэта з рахманым дакорам. Квінтэсенцыя жыцця. Квінтэсэнцыя выставы.

Сатырычна-гратэскны стыль Валерыя Стратовіча спалучае драму і камедыю, таму, разглядаючы творы, можна не толькі філасофстваваць, але і смяяцца. З іншых, з сябе. Кожны, калі дасць рады, можа знайсці свайго персанажа сярод вобразаў суайчыннікаў на карцінах Валерыя. Негледзячы на тое, што біблейская тэма праходзіць “чырвонай стужкай” праз усю выставу – анёлы, Хрыстос і святы Себасцьян шпацэруюць на карцінах сярод сучасных людзей, гуляюць сёння сярод нас.

Гэта адзначалі шматлікія выступаючыя на вернісажы. А потым пачалася неафіцыйная частка. Большасць пацягнулася есці канапкі-цукеркі і запіваць гэтае сокам-віном. Я адразу збег. Ці то не хацелася пераўтварацца ў персанажа карцін Стратовіча, а можа Хрыстос з карціны “Спас” глядзеў з рахманым дакорам…

 

Выставу можна пабачыць у галерэі “Крыга” да 6 кастрычніка.

 

 

Валерый Стратовіч нарадзіўся ў 1963г. на паўночным Каўказе ў Расіі. У 1981 -1986 гг. вучыўся ў Віцебскім педінстытуце на мастацка-графічным аддзяленні. З 1987 г. працуе ў Гродне.

Прымае ўдзел у мастацкіх выставах з 1988г. Працы знаходзяцца ў дзяржаўных установах Рэспублікі Беларусь і прыватных калекцыях.

 

Фота Яна Лялевіча