Тыповая Гародня: “сталінкі” ў горадзе або пачатак тыповага будаўніцтва

|

Чытайце таксама: Тыповая Горадня. Перадгісторыя

 

Першае пасляваеннае будаўніцтва – квартал на Дзяржынскага

 

Першая паваенная пяцігодка слаба адзначылася ў будаўніцтве горада. Збольшага прыводзіліся ў належны стан пашкоджаныя і пакінутыя перадваеннымі жыхарамі дамы, расчышчаліся ад друзаў новыя пляцы пад будучую забудову. Перадваеннага жылля агулам хапала для патрэбаў горада.

 

Выключэнне – квартал аднапавярховых дамкоў на вуліцы Дзяржынскага, якія збудаваў для сваіх рабочых Цагляны завод (цяпер КБМ). Іх і прынята лічыць першым паваенным будаўніцтвам у Гродне. Але аб гэтым цікавым квартале са сціплым дэкорам адмыслова пагаворым у наступных выпусках.

 

Шыкоўныя сталінкі можна паблытаць з дамамі XVIII стагоддзя

 

Зараз-жа разгледзім першыя паваенныя дамы, якія рэдка ўтвараюць кварталы і збудаваныя на пакінутых вайной пустэчах у гістарычным цэнтры горада. Збудаваныя ў 1950-56 гг. яны маюць больш  багатае аздабленне экстэр’ераў ад сваіх папярэднікаў. Недасведчаны мінак часта можа паблытаць гэтыя дамы з архітэктурай мяжы XVIII-XIX ст. – настолькі шыкоўны дэкор часам надавалі ім савецкія архітэктары. Аднак і яны з’яўляюцца прадуктамі тыповага будаўніцтва, клоны многіх такіх дамкоў можна сустрэць у гарадах былога СССР.

Да найбольш ранніх паваенных дамкоў залічым шэраг двухпавярховых будынкаў, узведзеных для супрацоўнікаў тонкасуконнага камбіната ў 1950-51 гг. Два дамы адрасам Падольная 6 і 8 з’яўляюцца прадстаўнікамі серыі 205-7, распрацаваныя маскоўскім Гипрогорам (Дзяржаўны інстытут праектаваньня гарадоў).

 

Два дамы ў глыбіні вуліцы адрасам Падольная 8а і 10а маюць нечым падобны праект, на жаль намі не ўстаноўлены.

 

Не менш прыгожым гіпрогораўскім праектам ёсць серыя 1-203-122. Гродна мае дзве інкарнацыі: аднапад’ездны адрасам Захарава 37/1 і двухпад’ездны на Сацыялістычнай 28.

 

Пры гарадскім стадыёне стаяць тры адметныя шматкватэрныя двухпавярхоўкі адрасамі Серафімовіча 1 (аздабленне знішчанае пасля рэканструкцыі), 1а і 1в. Будынкі маюць эклектычны дэкор і вельмі нагадваюць старыя вайсковыя казармы, аднак, напэўна, з’явіліся ў паваенныя гады паводле нейкага мясцовага праекта.

 

Адзіная аўтарская сталінка “як у Мінску” – на Карбышава

 

Класічнымі багата дэкараванымі сталінкамі з’яўляюцца  чатырохпавярховыя інтэрнаты, праекты якіх распрацаваныя адмысловым інстытутам Гипровуз. Тры паменшаныя серыі 1-404-1 знаходзяцца адрэсамі Кастрычніцкая 4, Парыжскай Камуны 6, Сацыялістычная 66. Пабольшаным варыянтам будзе сэрыя 1-404-3, інкарнацыяй у Гродне з’яўляецца інтэрнат адрасам Сацыялістычная 53.

 

Таксама з манументальных (як у Мінску) сталінак Гродна можа пахваліцца чатырохпавярховым будынкам на вул. Карбышава 13. Мажліва, гэта адзіны аўтарскі праект жылога будынка эпохі сталінскага ампіра ў нашым горадзе. Першы паверх, прызначаны для кропкі побытавага абслугоўвання, сцены якога аздобленыя рустам, а вокны выкананыя ў форме арак. Наступныя паверхі аддзеленыя ад цокаля карнізам. Частка вокнаў аздобленая трохкутнымі і паўкруглымі франтонамі. Прамежкі між трэцім і чацвёртым паверхамі запоўненыя філёнкамі. Скончваецца будынак карнізам з класіцыстычнымі кансолямі.

 

Асабліва масавымі сталінкамі першай паловы 1950-х у горадзе з’яўляюцца шматкватэрныя дамы з эркерамі ў фасадах. Найстарэйшы праект гіпрогораўскай серыі 205-6 рэалізаваны ў Гродне на вуліцы Падольнай 2, 4 і 10.

 

Вельмі падобным, але некалькі змененым з’яўляецца праект 211-1, інкарнацыі якога знаходзяцца пад адрэсамі: Валковіча 6, 8, 10; Рэйманта 23, Дарвіна 24, Цітова 3, Гагарына 13.

 

Двухпад’ездны варыянт серыі 211-2 рэалізаваны пад адрэсамі: Батанічная 5, Серафімовіча 2, Гагарына 11, 15, 16.

 

0 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

1 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

Трохпад’ездны вуглавы варыянт серыі 211-3 рэалізаваны пад адрэсамі: Валковіча 14, Кірава 30, Цітова 10.

 

2 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

3 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

4 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

5 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

6 align=”” alt=”сталінкі Гродна сталинская архитектура Гродно 1950-е” width=”725″ height=”483″ >

І нарэшце трохпавярховы варыянт серыі 204-5 рэалізаваны пад адрэсамі: Леніна 30, Сацыялістычная 24, Касманаўтаў 31, 33; Дарвіна 18.