Не самыя турыстычныя Канары: выспа Тэнэрыфэ, пляжы і клімат

|

У нашым грамадстве адпачынак на Канарскіх курортах адносіцца да катэгорыі прэстыжных. Чым жа так прыцягвае еўрапейскіх грамадзян далёкі пералёт? Трапіўшы туды амаль выпадкова (скарысталася даўняй прапановай сяброўкі, якая 10 год назад пабралася шлюбам з добрым канарскім хлопцам), і будучы зусім не класічнай пляжнай турысткай, я вырашыла падзяліцца сваімі назіраннямі падчас вандровак па выспе і паспрабаваць знайсці адказ на пытанне – у чым жа сакрэт прывабнасці Канараў?

Гішпанцы заваявалі архіпелаг у XV ст., курортам жа ён стаў толькі ў 70-х гадах XX ст. На гэтыя гады прыпадае будаўнічы бум. На выспе Тэнэрыфэ пераважна курортнай зонай лічыцца паўднёвы-захад – там знаходзіцца шмат гатэляў, там самая высокая па выспе тэмпература.

 

Мяккі клімат – галоўны вызначальны фактар гэтага райскага месца. Сярэдняя гадавая тэмпература тут +25. Узімку турысты едуць сюды за кавалкам лета, улетку – за камфортным, не спякотным надвор’ем. Я люблю лета ў самым апошнім парадку, пасля больш халодных пор году, а аказалася там у жніўні – самым спякотным месяцы нашага паўшар’я ў любой яго кропцы.

Так, я вельмі баялася, што не вытрымаю спякоты. На самой справе, я раскрыла першы сакрэт Канараў – акеанічны вецер стварае лёгкі прахалодны вэлюм вакол людзей. Неба за час майго знаходжання там ніколі не было бязвоблачным цэлы дзень. Неба было жывым! Яно часта змяняла свой малюнак, жыва рухалася, радавала нас і сонцам, і аблокамі, і раптоўным лёгкім дожджыкам, які я называла там “святая вільгаць”, бо яна, вільгаць, уяўляла сабой рэдкія, буйныя і цёплыя кроплі. Гэта было чароўна!

Паколькі Канарскі архіпелаг утварыўся шляхам вулканічнай дзейнасці, то ўсе пляжы складаюцца з чорнага драбнюткага пяску, ён блішчыць на сонцы сваімі дыяменцікамі вельмі ўрачыста.

 

Аднойчы мае сябры вырашылі паказаць мне прыгожы дзікі пляж на паўночным узбярэжжы, спускацца да якога трэба было вельмі доўга жывапіснымі мясцінамі па вельмі крутых прыступках. Па дарозе сустрэлі стары маёнтак, пабудаваны для аднаго з заснавальнікаў выспы. А потым пад моцныя хвалі акіяну мы пераадольвалі цяжкі шлях па валунах, тут я спявала хвалу сваім красоўкам беларускай вытворчасці, якія шмат дапамагаюць мне ў маіх актыўных пешых вандроўках.

 


 

Пабегаўшы па вадзе, пазагараўшы і нарабіўшы шмат фота, я вырашыла ўладкавацца на даволі высокім валуне не ў першай лініі ад берагу і аддацца нірване. Надоўга расслабіцца не ўдалося – неверагодна моцная хваля наляцела на мяне з такой моцай, што спіхнула з камяню, накрыла цалкам вадой і паваліла, на шчасце, на песок, а не на суседнія камяні. Так, маладая дзяўчына з канарскім сіняком гэта круцей за роўны загар, хоць і таксама канарскі, праўда?

 

Працяг будзе…