Галоўнае не грошы, а стварыць суполку. Як працуе першы ў Гродне каворкінг
Нешта паміж працай дома і ў офісе
– Ідэя арганізаваць прастору накшталт калектыўнага офіса ўзнікла даўно, – успамінае Аляксандр Кулевіч, дырэктар вэб-студыі “Тирекссофт”. – Гадоў пяць таму я вучыўся ў Мінску. У той жа час дыстанцыйна працаваў праграмістам. Аднойчы трапіў у сталічны каворкінг і зразумеў, як гэта зручна: іншая абстаноўка, чым дома, нішто не адцягвае тваю ўвагу. І пачаў задумвацца, каб зрабіць нешта падобнае ў Гродне.
Першы ў свеце каворкінг адкрыўся ў ЗША ў 2005 годзе. Гэта нешта сярэдняе паміж працай дома і ў офісе. Чалавек застаецца свабодным, далей самастойна плануе свой графік. Але працуе ў офісе, дзе знаходзяцца незалежныя адзін ад аднаго людзі. Як правіла, з каворкінгу карыстаюцца аддаленыя супрацоўнікі (праграмісты, дызайнеры, капірайтэры, перакладчыкі) і нават маладыя кампаніі. Арэнда офіса нашмат даражэйшая за каворкінг, а дома вельмі цяжка размяжоўваць працу і адпачынак.
У бягучым годзе калектыў вэб-студыі, дзе працуе Аляксандр, зменшыўся, і ў памяшканні з’явіліся свабодныя месцы. У гэты момант дырэктар вырашыў ажыццявіць ідэю з каворкінгам: на вольныя месцы запрасіць працаваць фрылансераў.
– Зрабілі рамонт і ўвесну адкрыліся. Рэкламы ніякай не было. Як правіла, пра нас даведваюцца ад знаёмых, праз сацыяльныя сеткі. Пішуць, тэлефануюць. Хтосьці прыходзіць, спрабуе. Я назіраю, ці цікава гэта гарадзенцам наогул.
Камфортная атмасфера і працоўны настрой
Аляксандр запрашае ў пакой, дзе працуюць людзі. Зручная і добра абсталяваная для эфектыўнай працы прастора. Сталы, крэслы, неабходныя капіравальная тэхніка, прынтэр, доступ у інтэрнэт, тэлефон. На паліцах – кнігі, ля камп’ютараў – сімпатычныя кактусы. Відаць, у перапынках хтосьці адпачывае, іграючы ў шахматы.
У калідоры ёсць кухонны куток і мяккая канапа. Тут можна разагрэць сабе ежу, заварыць каву ці чай, пачаставацца салодкім. Там жа на адной са сцен вісіць дартс, дзе ёсць мажлівасць праверыць сябе на гатоўнасць да новых перамог.
– На сённяшні дзень наша памяшканне разлічана на 9 працоўных месцаў. Агульная плошча – 60 квадратаў. Пры неабходнасці можам абсталяваць яшчэ некалькі месцаў.
Усяго ў гарадзенскім каворкінгу тры кабінеты. У наступным пакоі заўважаем невялікія штангі і кілімок, а ў апошнім – акварыум з рыбкай і бясформеннае крэсла. У планах – зрабіць душавую кабіну.
Каворкінг: для каго?
– Да мяне перыядычна прыходзілі падарожнікі, якія вымушаны працаваць у дарозе, – распавядае Аляксандр. – Нядаўна напісала дзяўчына, якая патлумачыла, што кампанія збіраецца пашырацца, а мажлівасці змясціць дадатковых супрацоўнікаў не мае. Хочуць паспрабаваць у нас. Працуюць дызайнеры, прадпрымальнікі, і, у большасці сваёй, праграмісты. Каворкінг дапамагае пашырыць круг зносін, пазнаёміцца з людзьмі, якія могуць быць табе цікавыя і карысныя. Да таго, працаваць у адзіноце цяжка: чалавек – істота сацыяльная.
Прысутны ў час нашага візіту праграміст Аляксандр зазначыў, што дома цяжка прытрымлівацца графіку. Блізкім нялёгка растлумачыць, што ты “на працы”. У каворкінгу ён змог правільна раставіць прыярытэты, самаарганізавацца і пачаць працаваць у камандзе. Прадпрымальнік Мікалай таксама кажа, што дома ўвесь час нешта адцягвае ўвагу. Ён разглядае каворкінг як танны спосаб спробы працы ў офісе.
– Мне цікава, – гаворыць дырэктар каворкінга, – каб людзі прыходзілі працаваць мінімум на тыдзень. Паспявалі схадзіць у банк і заплаціць за паслугу. Але калі гэта дзень ці два, можна прыйсці папрацаваць бясплатна (усміхаецца).
Гарадзенскі каворкінг адкрыты кругласутачна. І месца даволі зручнае – у цэнтры горада. Як правіла, людзі прыходзяць у прамежку с 9 да 18 гадзін. Пастаянныя кліенты, якія працуюць ад месяца і больш, маюць свае ключы і прыходзяць у любы зручны час.
На каворкінгу зарабіць немагчыма
– Працуем са стратамі, – прызнаецца Аляксандр. – Каворкінг увогуле заўсёды будзе ў мінус. На ім немагчыма зарабіць. Арэндуемая плошча не танная, асабліва ў цэнтры… Але грошы ў каворкінгу не галоўнае! Тут хутчэй зацікаўленасць сабраць людзей з сумежнымі інтарэсамі разам. Стварыць суполку, каб нешта, мажліва, рабіць сумесна. У Мінску, напрыклад, некаторыя каворкінгі нагадваюць бізнес-інкубатары: збіраюцца невялікія кампаніі і дзеляцца сваім вопытам.
Пакуль што Аляксандр знаходзіцца ў пошуку людзей, каго гэта можа зацікавіць.
– Па натуры я тэхнар, таму не шмат часу і сіл прысвячаю ідэі каворкінга. Намагаюся, але гэта не тое, чым я стопрацэнтна займаюся. Таму і ўкласці грошы ў нікуды я не магу. Зараз шукаю партнёраў, людзей, гатовых паўдзельнічаць у гэтай справе і, мажліва, прапанаваць для развіцця ідэі нешта сваё.