“Караткевіч – з бел-чырвона-белым сцягам. Гэта мяне не задавальняе, хаця ўладу трэба мяняць” – апытанне ў Гродне
Жанчына сярэдняга веку: “Папраўдзе, то мне няма калі іх слухаць. Праўда, я і не памятаю, хто ў нас яшчэ ў кандыдатах, не ведаю іх прозвішчаў. Бачыла, што выступае жанчына і яшчэ два мужчыны. У яе праграме нешта за моладзь, падвышэнне заробкаў, а астатнія, то і не ведаю…”
Мужчына пенсійнага веку: “А што тут каго яшчэ абіраць, выбары ўжо адбыліся…”
Мужчына перадпенсійнага веку: “З іх самая разумная – Караткевіч. Яна насамрэч годная, каб яе абралі прэзідэнтам. Астатнія апаненты — толькі дзеля таго, каб расцягнуць гэтую ціну. А потым яны скінуць свае галасы Лукашэнку і збягуць”.
Мужчына сярэдняга веку: “Толкам нічога пра іх не магу сказаць. Праўда, аднаго бачыў па тэлебачанні. Гайдукевіч, Караткевіч, а трэцяга не памятаю. Але ніхто і праграмаў іх нідзе не кідае, і па тэлебачанні вельмі рэдка паказваюць”.
Малады мужчына: “Нічога пра іх не ведаю, няма нідзе ніякай інфармацыі, і па тэлебачанні ніхто не паказвае. Прозвішчы – так, здаецца, памятаю, але каб пачуць ці пабачыць, то не. Нават не ўяўляю, якія яны. Вось калі Жырыноўскага ў Расіі ведаю, то там ведаю. А ў нас іх не афішуюць, няма свабоды слова”.
Мужчына перадпенсійнага веку: “У мяне з’явілася цікавасць да Караткевіч, калі яе пабачыў. Але яна з бел-чырвона-белым сцягам, а гэта мяне не задавальняе, хаця ўладу трэба мяняць. Пра астатніх магу сказаць простую рэч — гэта статысты, пенсіянеры, і што тады мяняць шыла на мыла?”
Мужчына сярэдняга веку: “Бачыў жанчыну толькі, і яна будзе кіраваць сэрцам…”
Маладая жанчына: “А вось нам толькі сёння ўлётку кінулі, будзем знаёміцца, хаця да выбараў літаральна некалькі дзён. Прозвішчы чула, але хто яны такія, пакуль не вывучыла”.
Таццяна Караткевіч сустрэнецца з гарадзенцамі 29 верасня.