Сувязь з Богам, крытычныя дні і сакрэтныя акаўнты: адкрываем таямніцы жаночай мабілізацыі па-гарадзенску

|

Мабільны тэлефон гэта ўжо не раскоша а сродак сувязі, а мабільны інтэрнэт – магчымасць быць на сувязі з усімі і паўсюль. Для жанчын гэта асабліва важна, бо шырокі набор іх дабравольных і не вельмі абявязкаў вымушае быць мульціфункцыянальнымі і адначасова трымаць у фокусе ўвагі працу, дом, сям’ю, уласны фізічны стан і знешні выгляд.

 

Людміла, праграміст, расказваючы пра мабільныя дадаткі на сваім тэлефоне, першапачаткова адзначае традыцыйныя сервісы, якія выконваюць асноўную функцыю тэлефона – камунікацыю. “Гэта Facebook/Messenger, Vkontakte, Viber, WhatsApp, Gmail і  Skype”.

 

Наступная група дадаткаў, адзначаная ёю, дае доступ да вузкаспецыялізаванай інфармацыі, неабходнай у сувязі з прафесійнай дзейнасцю. Людміла згадвае Converter+, Google Translate, Weather, Foursquare, Google Maps, Shazam, Calculator. Абавязковай часткай мабільніка для яе з’яўляюцца таксама арганайзеры Calendar, Notes, Toggl Timer.

 

Калі ж у яе з’яўляецца вольны час, які складана запоўніць падзеямі ў рэале, на дапамогу прыходзяць Books, Music, SoundCloud, Pandora, TED, Youtube – дадаткі, каторыя дапамагаюць карысна бавіць час, напрыклад, у транспарце.

 

Важную частку дадаткаў на тэлефоне ІТ-ледзі займаюць таксама дадаткі, каторыя даюць доступы да службовых акаўнтаў, але іх Люда не пералічвае з нагоды строгай канфедэнцыйнасці інфармацыі.

 

Журналістка Вольга адзначае, што карыстаецца мабільнымі дадаткамі ў асноўным для працы. Яна адзначае, што вельмі карысным для яе з’яўляецца  Evernote – сэрвіс, які дазваляе хутка ствараць нататкі. “З дапамогай гэтай праграмы захоўваю цікавыя для мяне матэрыялы, запісваю важныя рэчы. Падабаецца простая сістэматызацыя ўсіх матэрыялаў і сінхранізацыя з камп’ютарам”.

 

Таймінг – важная рэч ў жыцці Вольгі, абавязкі па планаванні яна дзеліць з дадаткам Sunrise Calendar, які стаў для яе альтэрнатывай звычайнаму календару.

 

Вольга актыўна карыстаецца  дадаткамі сацыяльных сетак – twitter, facebook, instagram каб сачыць за навінамі.

Таксама  сацыяльныя сеткі дапамагаюць сачыць за жыццём публічных людзей, палітыкаў і знакамітасцей.

 

Для таго, каб быць заўсёды на сувязі, Вольга выкарыстоўвае Skype, а вольны “мабільны” час бавіць з LinguaLeo – дадаткам  для вывучэння англійскай мовы.

 

Наталля, бізнес-трэнер, таксама першапачаткова адзначае важнасць “кантактных” сервісаў. Яна выкарыстоўвае Skype, Viber, Messenger. Пры гэтым Наталля зазначае, што “пакет кантактных дадаткаў” на яе мабільніку сфармаваўся пад уплывам таго, чым карыстаюцца сябры, кліенты і бізнес-партнёры. “Адзін кліент калісьці так і сказаў: Я таму з вамі так рэдка кантактуюся, бо ў вас няма Viber’а”, – згадвае Наталля.

 

Наступны дадатак на яе тэлефоне гэта Biblia – урыўкі з Бібліі на кожны дзень. Яна кажа, што калі не кожны дзень, то вельмі часта ім карыстаецца, таму што сустракацца з Богам можна не толькі наведваючы царкву ці касцел, але і праз яго словы, доступ да каторых у сучасным свеце дае ў тым ліку мабільны інтэрнэт.

 

Планаваннне гэта не толькі праца, але і стыль жыцця Наталлі, таму штодзеннік Calendar – неад’емная частка яе мабілкі. AccuWeather – даведка надвор’я – раіць, як апрануць дзіця на прагулку ці што запланаваць на выходныя. Эканомія часу – прычына з якой Наталля аддае перавагу безнаяўным разлікам і інтэрнэт-банкінгу.

Таксама ёсць на мабільніку анекдоты – на выпадак, калі чытаць кніжку няма часу.

 

Наступны пакет дадаткаў Наталля выкарыстоўвае ў выпадках “калі ўсе сродкі скончыліся, а дзіцяці ўсё роўна нявесела ў дарозе”. Гэта Grzechotka, Odglosy zwierzat, Kids Songs&Rhymes.

 

Ірына, выкладчыца, наперш выкарыстоўвае інтэрнэт-дадаткі для сувязі. “Мае дзеці вучацца за мяжой, я і муж таксама часта выязджаем у далёкія камандзіроўкі – у гэтай сітуацыі міжгароднія ці міжнародныя перамовы праз тэлефон разбураць сямейны бюджэт за дзень. Таму Skype і Viber даўно сталі часткаю паўсядзеннасці ў нашай сям’і. З тае самае нагоды сацыяльныя сеткі таксама прысутнічаюць на маім мабільніку. Калі ад дзяцей доўга няма звестак, то заходжу на іх старонкі ў Facebook ці  vkontakte, або праглядаючы сваю стужку бачу здымкі з імі ад агульных сяброў. Гэта дае магчымасць быць у курсе падзей іх жыцця”.

 

Прафесійная дзейнасць выкладчыка патрабуе дакладнага таймінгу. Таму, каб не выпусціць нешта з-пад увагі, Ірына вядзе запісы ў SPlanner – стандартным арганайзеры фірмы Samsung.

 

Таксама Ірына выкарыстоўвае “чыста жаночы” каляндарны дадатак LoveCycles, што дазваляе адсочваць крытычныя дні. Яна адзначае, што такія перыяды варта браць пад увагу пад час доўгатэрміновага планавання. “Гэты дадатак мае магчымасць накаплення і аналізу статыстычных дадзеных і дапамагае аказваць на пытанні гінеколага, звязаныя з жаночым здароўем, пад час планавых візітаў”.

 

У арганізацыі здаровага ладу жыцця Ірыне дапамагае крокамер Pacer. Яна усталявала яго, калі стала заўважаць, што вага цела паступова павялічваецца. “Канечне – узрост, замядленне метабалізму, праца ў асноўным за камп’ютарам, перамяшчэнне ў асноўным на аўтамабілі – усё лагічна. За мітуснёй бывае цяжка выдзеліць час на актыўны рух. Здаецца, і так набегалася за дзень, а па факту – не”. Зараз мабільны дадатак сочыць, колькі крокаў і кіламетраў прашла Ірына за дзень. “Калі бачу, што пад вечар крокаў менш чым прызначаная з улікам маіх фізічных дадзеных норма, адкладаю ўсё і іду на шпацыр “у рэал”. У гэты час фатаграфую мабільнікам, калі бачу нешта цікавае і адсылаю здымкі ў Facebook ці Instagram”.

 

Чытай таксама:

 

Мабільныя дадаткі, якімі часцей за ўсё карыстаюцца гарадзенцы