Атаман Улаховіч: У Гродне няма маіх людзей, тут не мая аўдыторыя
Знаёмства са светам кандыдацкага казацтва пачалося з тэлефоннага званка кіраўніку ініцыятыўнай групы Мікалая Улаховіча. Бадзёры жаночы голас на тонінгу прапаноўваў “распрастаць крылы і ляцець разам з ёй”, і неяк не вязаўся з сур’ёзным мужскім барытонам, які адказаў нарэшце на званок і перарваў выпрабаванне таннай папсой. Ужо тады падумалася, што ад сустрэчы з кандыдатам таксама можна чакаць сюрпрызаў. Так і атрымалася.
Сустрэча з Мікалаем Улаховічам праходзіла ў актавай залі гарадзенскага тэхналагічнага каледжу. Але прыезд “галоўнага дзяржаўнага казака” Беларусі не выклікаў ажыятажу і цікавасці – большасць крэслаў засталіся пустымі, на сустрэчу прыйшло некалькі чалавек, якія, як высветлілася пазней, былі знаёмыя з Мікалаем Улаховічам раней. Удвая больш было журналістаў, якія традыцыйна мітусіліся ў пошуках удалага плану для фота і хоць нейкай інфармацыі для матэрыялу. У залі таксама прысутнічалі некалькі назіральнікаў ад АБСЕ, якія ўвесь час нешта запісвалі ў свае нататнікі, а таксама давераныя асобы палітыка.
“Я прыехаў сюды, каб паразмаўляць з моладзю! Я падстройваўся па часе, каб моладзь магла прыйсці і паслухаць мой выступ. Дык дзе ж яна? Мне сёння нават не дазволілі плакат свой павесіць у калідоры і раздаць свае ўлёткі ў фае гэтага каледжа. Я такога стаўлення не разумею. Я першы раз сустракаюся з падобным,” – абурана махаў рукамі кандыдат.
На ўваходзе ў актавую залю паставілі двух хлопцаў-дзяжурных, якія сачылі за тым, каб які-небудзь заблукаўшы цікаўны студэнт не перашкодзіў выступу Мікалая Улаховіча. Не сказалі б, што народ ламіўся на сустрэчу, але некалькі чалавек гэтыя дзяжурныя ўсё ж развярнулі.
“Цяпер ніхто не скажа, што я праўладны кандыдат. Ды які я праўладны? Улада так не робіць, яна сваіх падтрымлівае, а тут што? Толькі перашкаджаюць! Але тут не мая аўдыторыя, таму я паеду далей, у іншых месцах ёсць мае людзі, “- горача казаў атаман.
Хоць Мікалай Улаховіч шмат абураўся, але выказаўся па некалькіх пытаннях сваёй праграмы. Прыводзім некалькі цытат:
“Калі я стану прэзідэнтам, то не збіраюся падымаць заробкі штучна. Вы павінны зарабіць гэтыя грошы, паважаныя таварышы, нікуды вам ад гэтага не падзецца. Паблажак нікому не будзе”
“Расія – гэта наш стратэгічны партнёр. Што гэта за размовы пра расійскія ваенныя базы, размяшчаць ці не размяшчаць у нас, калі мы ў адзіным ваенным саюзе? Смешна. Мы даўно ўжо адзіная армія”
“У НАТА нас ніхто не збіраецца прымаць і не прыме, незалежна ад таго, хто ва ўладзе. Нават калі ўлада зменіцца, у НАТА Беларусь не прымуць па-любому”
“Я па думкам і ідэям прарасейскі кандыдат, але гэта не значыць, што мяне фінансуе Расея. Я фінансую сябе сам. Было б інакш – я перад вамі тут не стаяў бы. У нас, дзякуй Богу, спецслужбы добра працуюць, разарвалі б на часткі”
“Расіі не патрэбна Беларусь у якасці губерні. Гэта глупства. Калі б трэба было, даўно мы былі б губерняй. Але такога ніколі не будзе. Хоць канешне, якой бы мы не былі ганарлівай, моцнай краінай, трэба прызнасць, што ў Расіі імперскіх замашак хапае”
“Задума з ДНР і ЛНР была памылкай. Крым – гэта так, заслуга Пуціна, Крым павінен быў сысці ў Расію. А вось з ДНР ўцягнулі таварыша Пуціна ў авантуру”
“Я катэгарычна супраць вайны, не хачу, каб нашы беларускія хлопцы ваявалі ні ў Данецку, ні яшчэ недзе. Але калі вайна прыйдзе на нашу зямлю, я буду першы, хто стане грудзьмі на абарону, і паглядзім тады, дзе будуць гэтыя так званыя нацпатрыёты, а дзе будзе Улаховіч. Я вось пайду і канкрэтна буду стаяць хоць у герба, хоць у сцяга, і скажу “Не, дзяцей не дамо!”
“У Гродне наогул няма казакоў. Прадстаўніцтва маёй арганізацыі ёсць ва ўсіх абласных гарадах, акрамя Гродна. Я ўвогуле ўпершыню чую, што тут ёсць казакі. Можа, нейкія і ёсць, але гэта не арганізацыя, такіх шмат. Наша ж велізарная заслуга, што мы дамагліся прызнання беларускага казацтва. Мы, на роўных з украінцамі і рускімі, як тры галіны аднаго дрэва, можам казаць, што неаддзялімы. Але казацтва – не нацыянальнасьць. У вас у Гродне праходзяць фестывалі, дзе побач з казахамі ідуць нібыта казакі. Гэта не казакі, а клоўны. Казак можа быць беларускім, рускім, данскім, цвярскім, кубанскім, запарожскім, проста ўкраінскім сябе называць. Але, прабачце, проста ісці з балалайкай на плячы або гармонікам – гэта ўжо не казацтва. Мы саслоўе, а не нацыя”
Такую палкую прамову так ніхто і не рашыўся перарваць. Пытанняў да кандыдата таксама не было. “Тады на гэтым усё. Сэнсу працягваць нашу размову пры ўсім тым, што адбываецца, я не бачу. Я паеду далей, ёсць і іншыя аўдыторыі, не такая, як тут. Знойдзем маю аўдыторыю”, – ганарліва заявіў Мікалай Улаховіч і было ўжо збіраўся рашуча пакінуць залю, але яго прыпынілі назіральнікі з АБСЕ.
Хударлявая жанчына разам з перакладчыцай задала некалькі пытанняў кандыдату. Такая ўвага з боку еўрапейскіх гасцей яўна спадабалася Улаховічу і растапіла яго жорсткае атаманава сэрца. Ён даверліва паскардзіўся назіральнікам на такое непаважнае стаўленне да кандыдатаў. Ён усё ж такі разлічваў на поўную залю маладых вушэй, у якія можна было б заліць сваё бачанне свету і будучыні нашай краіны.
“Я ўпэўнены, што калі б не ахоўнікі гэтыя маладыя, яшчэ б дзесяткі два зайшло на нашу сустрэчу. Людзі зазіралі, цікавіліся. Але ім загадаў выкладчык, яны і стаяць. Я не пайду да дырэктара і ня буду трэсці сваім пасведчаннем кандыдата ў прэзідэнты, нават размаўляць з ім не буду. Усё, на гэтым – алес. Вы – сведкі, вы ўсё бачылі, мне гэтага дастаткова. Гэта сітуацыя вельмі паказальная – да мяне не пускаюць моладзь, мяне баяцца.
І гэта балюча адаб’ецца па ЦВК. Вось вы (назіральнікі АБСЕ – рэд.) напішаце пра гэта, і на мяне адразу ж выйдуць з ЦВК, запытаюць, што здарылася? І я ўжо патлумачу. Я не з той пароды, хто труціцца маркоўным фрэшам (маецца на ўвазе эканаміст Віктар Цярэшчанка, які так і не здолеў стаць кандыдатам у прэзідэнты, а праславіўся за кошт свайго атручвання маркоўным сокам і пісання скаргаў), піша скаргі. Зразумейце мяне правільна. Калі зараз пачнецца разбіральніцтва, тыя маладыя людзі, якія стаялі каля ўваходу, будуць ўцягнутыя ў гэты канфлікт. Мне іх шкада. Я з’еду, а што будзе з імі? Іх жа могуць выключыць з гэтага каледжа. Для афіцэра гэта непрыгожа, я не прывык скардзіцца наогул “, – разважаў Мікалай Улаховіч.
“Заўтра я паеду ў Віцебск. Там будзе ўсё зусім па-іншаму, прыязджайце туды! Будзе спачатку сустрэча ў школе, потым пікет наш казачы, потым у Палацы культуры – канцэрт казачы, і ўсё па поўнай праграме. У Гродне ў мяне арганізацыі казачай няма. У Гродне за мяне ніхто нават подпісы не паставіў, тут не мая аўдыторыя”, – пераконваў назіральнікаў кандыдат.
Затым, крышку задумаўшыся, ён нечакана заўважыў, што Беларусь ужо пайшла па шляху дэмакратызацыі.
“Калі б я сказаў, што за Еўрасаюз, то мяне не зразумелі б мае сябры ў Беларусі і Расіі. Я за супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, але гэта не значыць, што я за тое, каб ўступаць туды. Я за тое, каб мы былі са старэйшым братам. Мы як галінкі аднаго славянскага дрэва, павінны трымацца адзін аднаго.
Я, прыйшоўшы на пасаду прэзідэнта, не зраблю горш. І не дапушчу ніякіх ваганняў у грамадстве. Але я не ведаю, каго назваць сёння лідэрам у палітыцы, які мог бы з дзеючым прэзідэнтам пазмагацца. Хоць я і спадзяюся адарваць ад прэзідэнта свой адсотак электарата. Я адчуваю, што ён ёсць”, – сказаў напрыканца кандыдат у прэзідэнты.
Усе накіраваліся да выхаду. Мы ж у гэты час вылавілі дзяжурнага, які ўсю сустрэчу з атаманам прастаяў у дзвярах. “Скажыце, а вам сапраўды далі ўказанне нікога не пускаць?” – доўга не цырымонячыся запыталі мы.
Цвёрда трымаўся юнак на дапросе. “Ніякага ўказання не было, а стаяў, каб потым людзям паказаць выхад”, – адвёўшы позірк, пралепятаў ён.
На выхадзе з каледжу мы перакінуліся парай словаў з назіральнікамі АБСЕ. Беларусь і беларусы ім вельмі падабаюцца, але наконт уражанняў ад выбарчага працэса ў нашай краіне яны адказалі вельмі абстрактна і агульна ды параілі чакаць афіцыйных справаздач.
Нагадаем, першым кандыдатам у прэзідэнты, які прыехаў ў Гродна, была Таццяна Караткевіч. 29 верасня яна сустрэлася з выбаршчыкамі ў Скідзелі і Гродне. У нашым горадзе на яе сустрэчы быў сапраўдны аншлаг.
Фота Яна Лялевіча