У Гродне не ставілі прывітальныя брамы Саветам: ТОП-5 цікавостак пра 1939 год ад Анджэя Пачобута

Ці чакалі гарадзенцы прыходу бальшавікоў?


Былі тыя хто чакаў, хто марыў пры надыход саветаў, НКВД і г.д. Але гэта з’ява была, скажам так, агульнаеўрапейская. Вядомы французкі паэт Луі Арагон у 1931 годзе напісаў верш дзе былі радкі “Я спяваю пра ГПУ для Францыі”, у якім заклікаў да стварэння ГПУ, якое пакладзе канец усяму свету.

 

У Гродне, таксама былі тыя, хто хацеў НКВД для Гродна і марыў пра канец свету. Быў таксама пэўны працэнт людзей, якія прытрымліваліся камуністычных поглядаў і арыентаваліся на СССР. Але яны былі меншасцю. Падтрымка камуністычнай Партыі Польшчы і яе аўтаномнай часткі КПЗБ была значна меншай, чым спрабуе пераканаць нас савецкая ці сёняшняя афіцыйная беларуская гістарыяграфія.

Анджэй Пачобут


Як гарадзенцы сустракалі саветаў?

 

У верасні 1939 года Гродна стаўся адзіным горадам на далучаных да СССР тэрыторыях Польшчы, дзе саветы сустрэлі арганізаваны і адчайны супраціў. Тыя асобы, якія стаялі на чале абароны Гродна ў першай фазе: віцэпрэзідэнт Раман Савіцкі і маёр Бенедыкт Сэрафін, яны дакладна ведалі пра тое, што з мілітарнага пункту гледжання сітуацыю ўжо не выправіш, што Польшча прайграла ў вайне, разам з тым яны лічылі, што, нягледзячы на гэта, варта змагацца, перш за ўсё ў імя гонару і годнасці.

 

“В основном мирно” і “русский город Белосток”. Што ведаюць гарадзенцы пра 17 верасня? (ВІДЭА)

 

Першапачаткова выглядала на тое, што ў Гродне таксама ўсё пойдзе па вядомым сцэнары – стварэнне рэвалюцыйнага камітэта, паляванне на людзей, якіх паводле класавай тэорыі належала знішчыць – гэта значыць на тых, каго сёння мы называем прадпрымальнікамі, а таксама на прадстаўнікоў польскай улады і інтэлігенцыі, ў тым ліку на святароў. Пасля – урачыстая сустрэча частак Чырвонай Арміі.

 

Такі сцэнар – з рознымі мясцовымі варыяцыямі – быў у большасці населенных пунктаў. У Гродне яго таксама спрабавалі рэалізаваць абапіраючыся на савецкіх дыверсантаў і мясцовых камуністаў. Але не ўдалося. Дыверсанты і камуністы ў выніку сутычак былі разбітыя, таму ставіць прывітальныя брамы не было ахвотных.


Наколькі моцны быў супраціў бальшавікам у Гродне?

 

У Гродне не было значных вайсковых частак. Усе яны былі на фронце і змагаліся з немцамі. Тут былі паліцыянты, рэзервісты, моладзевая парамілітарная арганізацыя “Стшэлец”. Менавіта гэтыя сілы далі першы адпор саветам 20 верасня.

 

Ужо ў час першай атакі было знішчана шэсць танкаў. Загінуў камандзір бальшавіцкай танкавай часткі, яе камісар, але помнік паставілі старэйшаму палітруру Гарнавых. Справа ў тым, што ён быў сакратаром партыйнай арганізацыі. І гэта было вырашальным, калі выбіралі каго ўшаноўваць.

 

“Пад прыгнётам панскім”. Тэст па гісторыі ад “Твайго стылю”

 

Уначы ў горад увайшло злучэнне на чале якога стаяў генерал Вацлаў Пшэздзецкі. Ён узяў на сябе кіраванне абаронай і спрабаваў падпарадкаваць сабе ўсе пункты абароны Гродна. Не ўсё паспеў зрабіць. Але пад ягоным кіраваннем 21 верасня была адбіта чарговая атака саветаў. Улічваючы, што Гродна было адзіным мейсцам, дзе Чырвоная Армія сустрэла ўзброены супраціў, то сілы саветаў тут хутка павялічваліся. Падыходзілі новыя злучэнні.

Больш пра падзеі верасня 1939 года ў Гродне Анджэй Пачобут расказваў на сустрэчы ў галерэі “Крыга”

 

Дыспрапорцыя сіл увесь час павялічвалася і ў вечары 21 верасня генералам Пшэздзецкім было прынята рашэнне адступаць у бок мяжы з Літвой. Улічваючы, што абарона не была цэнтралізаваная, а шмат у чым стыхійная, не да ўсіх пунктаў гэты загад дайшоў.

 

Бальшавікі, якія былі праінфармаваны дзеючымі ў горадзе дыверсантамі пра сыход галоўных сілаў абарноцаў Гродна, не рызыкнулі ўваходзіць у горад увечары.

 

22 верасня з раніцы пачалася зачыстка Гродна. Апошнія пункты абароны – гэта казармы 81 пяхотнага палка, які бараніла група слонімскіх паліцыянтаў ці Дом Стшэльца – сучасны “Дом афіцэраў”. Гэта найменш вядомая частка гісторыі абароны Гродна. Вядома, што ў гэты час было растраляна шмат удзельнікаў абароны, сярод іх і моладзь, і падлеткі.


Якім чынам бальшавікі ўсталёўвалі тут новыя парадкі?

 

Прыйшла таталітарная ўлада, якія кіравалася класавай тэорыяй, гэта значыць хутка з’явілася НКВД, якое пачало знішчэнне класавых ворагаў. Пачаліся расстрэлы і дэпартацыі. У СССР панавала класавая ідэалогія, ворагамі лічыліся капіталісты. Паняцце гэта дастаткова шырока трактавалася ў верасні 1939 года. У Гродне  пад час зачысткі доказам прыналежнасці да рабочага класа былі мазалі. Чырвонаармейцы і мясцовыя хаўруснікі правяралі рукі на вуліцах горада, забівалі тых, хто не меў мазалёў.

 

Адзін з відавочцаў тых падзеяў распавядаў: ягоны сусед, сталяр, сімпатызаваў камуністам і калі баі скончаліся, апрануў добрае адзенне і разам са сваім малым сабачкам з кветкамі пайшоў сустракаць таварышаў. Калі яго, прыгожа апранутага і з сабачкам, пабачылі, то палічылі буржуям і застрэлілі, таксама застрэлілі жывёлінку. Або два польскія салдаты вярталіся да дому, у ваколіцах вёскі Адамавічы іх зупынілі мясцовыя камуністы. У аднаго не было мазалёў на руках, яго забілі, другога ў якога былі мазалі – адпусцілі.

 

Нават тыя, хто быў задаволены прыходам саветаў? хутка расчараваўся ў іх уладзе. Найбольш яскрава гэта праявілася ў чэрвені 1941 года, калі частка насельніцтва сустракала немцаў як вызваліцеляў. Праўда, яны таксама хутка пераканаліся, што нацысты нічым не лепшыя.


Што здарылася з партыямі, накшталт КПЗБ, КПЗУ пасля прыходу саветаў?

 

Камуністычная Партыя Польшчы разам са сваімі аўтаномнымі часткамі была яшчэ ў 1938 годзе распушчана рашэннем камінтэрну. Прычына – шмат агентаў польскіх спецслужбаў у яе шэрагах.

 

Мясцовыя камуністы былі расчараваныя. Яны лічылі, што гэта яны павінны быць тут першымі сакратарамі, ім павінна належыць улада, яны павінны атрымоўваць усе гонары, яны ж столькі гадоў працавалі для камуністычнай ідэі і СССР. Але тут на табе – СССР прыйшоў, а яны на трэціх ролях. Гэта выклікала незадаволенасць.

 

Але сцвярджэнне, што масавыя рэпрэсіі праводзіліся ў дачыненні да мясцовых камуністаў, гэта няпраўда. Былі тыя, хто патрапіў пад рэпрэсіі, але ў параўнанні з іншымі групамі насельніцтва гэта значна меншыя лічбы. У цэлым, іх прызначылі на пасады, якія мелі другаснае значэнне. Самая высокая пасада – намеснік старшыні аблвыканкама – была ў Сяргея Прытыцкага. Таксама былі яны дэпутатамі Вярхоўнага савета, але пасады ў абкамах ці райкамах – а там была рэальная ўлада – ніхто з іх не атрымаў. Сюды былі прывезеныя правераныя кадры з Усходу, і менавіта яны тут будавалі камунізм.

 

Сведкі ж тых падзей узгадваюць прыход бальшавікоў па-рознаму. У залежнасці ад таго, каму яны спачувалі ў той перыяд. Разам з тым, адэптаў байкі пра “вызвольны паход” у выглядзе, якім яе прадстаўляла савецкая прапаганда, Анджэй Пачобут не сустракаў.

 

Фота Яна Лялевіча