Яцвягі – таксама вікінгі? ТОП-5 тэзаў пра нарманаў ад Генадзя Семенчука
Нарманізм і антынарманізм – гэта не супрацьстаянне навуковых канцэпцый, а супрацьстаянне ідэалогій. Антынарманізм, ад Ламаносава да Сталіна з Маўродзіным, гэта чыстай вады ідэалагема, якая мае вырваць на гістарычным полі народы Усходняй Еўропы менавіта з Еўропы і прымацаваць да Еўразіі. Усе гэтыя “антынарманскія” дыскусіі нагадваюць мне ток-шоў Салаўёва, то бок суцэльнае марнатраўства.
Вобраз “дзікуна-вікінга”, які забіваў, рабаваў, гвалціў ды эксплуатаваў мясцовае насельніцтва – гэта міф. Першае, што рабілі вікінгі на нашых землях – гэта закладалі гандлёва-рамесніцкія гарадзішчы, як гарадзішча на Менцы. Падкрэслю, неўмацаваныя гарадзішчы! Вікінг быў узброеным ваяром, каб мець змогу бяспечна гандляваць у тыя часы.
А канкурэнцыя ды сутычкі ў нарманаў былі найперш паміж самімі сабой за кантроль гандлёвых шляхоў, а не з мясцовым насельніцтвам.
Нарманізм – гэта ідэя, а не фізічнае перасяленне агромнай колькасці скандынаваў куды-кольвек. Даследчыкі падлічылі, што калі ўсе паходы вікінгаў былі б арганізаваныя этнічнымі скандынавамі, іх колькасць была б фантастычнай, скандынаўскія жанчыны не маглі наўпрост нарадзіць столькі.
То бок вікінг – гэта не абавязкова скандынаў, не этнічная прыналежнасць. Гэта саслоўе, род заняткаў, чалавек, які займаецца гандлем і вайной.
Сюжэт пра Уладзіміра і Рагнеду вельмі характэрны для нарманскага свету. Бо Уладзімір быў, імаверна, сынам крывічанкі – “ключніцы Малушы” – а бацькам яго быў Святаполк. Дык вось, словы Рагнеды “Не хачу разуць рабыніча”, якія і дагэтуль часам выкарыстоўваюць дарэчы і не дарэчы сапраўдныя беларускія жанчыны, вельмі проста тлумачацца ў гэтым кантэксце.
Рагнеда – паўнавартасная прадстаўніца нарманскага свету, а Уладзімір – ледзве не байструк, чалавек ніжэйшай касты. То бок, нарманства ўспрымалася як шляхецтва, знак якасці для чалавека.
Таямнічыя яцвягі, якіх лічылі літоўска-балцкім племенем, пра якое амаль нічога няма ані ў летапісных, ані ў археалагічных крыніцах, таксама маюць дачыненне да нарманаў. Бо гаворачы пра шлях “З варагаў у грэкі” мы часцей за ўсё забываем пра іншую артэрыю – нёманска-прыпяцкую, тэрыторыя вакол якой і належыла легендарным яцвягам.
Цікава, што няма тыповай яцвяжскай археалагічнай культуры Панямоння, скажам VIII-XI стст., затое акурат да ХІ ст. тут прысутнічаюць скандынаўскія рэчы, якія пасля раптоўна знікаюць. Чаму? Больш старадаўнія гарадзішчы, кшталту Ясельды і Франапаля, наўпрост былі знішаныя, а на змену ім прыходзяць Пінск, Берасце, гарадзішча на Шведскай гары ў Ваўкавыску – фарпосты кіеўскіх князёў, якія, згодна летапісам “хадзілі на яцвягаў”.
Дык хто такія яцвягі? Гэта поліэтнічная вайскова-гандлёвая карпарацыя з выразным нарманскім следам. Упэўнены, што на Панямонні адбываліся тыя ж працэсы, што і ў Кіеве з Ноўгарадам, куды мясцовыя запрасілі кіраваць скандынаваў. Проста наш рэгіён не даследваны ў даным кантэксце. Таму менавіта заняпад яцвягаў у летапісах храналагічна супадае са знікненнем скандынаўскіх рэчаў у археалагічных слаях.
…Ну і апошняе, я добра памятаю, як на маёй радзіме ў Ваўкавыску, доўга захоўвалася дыялектная назва металічнага якару – “яцвяг”, з націскам на першы склад. Чым не згадка пра сівыя часы вандроўных ваяраў-вкінгаў?
Дыскусія ў галерэі “Крыга” была арганізаваная “Гарадзенскай Бібліятэкай” пры падтрымцы Асамблеі Няўрадавых Арганізацый.
Фота Яна Лялевіча