Ветрапарк магутнасцю да 80 МВт узвядуць у Ашмянскім раёне

Рэалізоўваць праект будзе РУП “ВА “Беларуснафта”. На зямельным участку праведзены адпаведныя даследаванні і замеры, атрыманыя ўсе неабходныя заключэнні, якія пацвярджаюць магчымасць і мэтазгоднасць стварэння тут магутнага ветрапарку.

 

Наступным этапам стане аб’ява тэндэру па набыцці неабходнага абсталявання. Ужо ў кастрычніку прадстаўнікі нямецкай інжынірынгавай кампаніі, якая будзе ўдзельнічаць у тэндэры на выраб абсталявання, прыедуць на мясцовасць для правядзення замераў.

 

Як паведамілі ў абласным выканаўчым камітэце, згодна з інвестыцыйным праектам на зямельным участку ў Ашмянскім раёне мяркуецца стварыць ветрапарк магутнасцю 60 МВт, для чаго ўсталяваць каля 30 ветраэнергетычных установак. Аднак інвестар разглядае магчымасць павелічэння агульнай магутнасці да 80 МВт.

 

Рэалізацыя інвестпраекта прадугледжваецца ў 6 этапаў да 2020 года. Аб’ём выдаткаў ацэньваецца ў 160 млн еўра.

 

Ветраэнергетыка лічыцца адным з перспектыўных напрамкаў для Гродзенскай вобласці, эксперты высока ацэньваюць патэнцыял рэгіёну ў выкарыстанні энергіі ветру. У раёне вёскі Грабнікі ў Навагрудскім раёне РУП “Гроднаэнерга” была ўсталяваная першая ў Беларусі ветраўстаноўка магутнасцю 1,5 МВт, якая сёння працуе больш эфектыўна, чым любы ветраагрэгатар на кантынентальным шэльфе ў Еўропе, лічаць эксперты.

 

Ветрагенератары устаноўлены таксама ў Смаргонскім, Дзятлаўскім раёне. Да будаўніцтва яшчэ аднаго ветраэнергетычнага парку прыступіла ў бягучым годзе РУП “Гроднаэнерга” ў Навагрудскім раёне, яго магутнасць складзе каля 7,5 МВт.

 

Крыніца: БелТА