Дакрануцца да кіно: у Гродна пройдзе квір-кінафестываль “Дотык”
– Зараз такое мноства новых слоў з’явілася, што часам цяжка разабрацца ў іх сэнсах і прызначэннях. Вось, уласна, “квір” – гэта пра што?
– Калі казаць проста, то слова “квір” азначае пазіцыю, пры якой ты адмаўляеш неабходнасць цэтлікаў. То бок прызнаеш чалавека ўнікальнай асобай, сапраўдным сусветам, са сваімі ўласцівасцямі і характарыстыкамі, са сваімі магчымасцямі, інтарэсамі, схільнасцямі.
Квір – гэта пра тое, што няма так званай большасці, дзе людзі не адрозніваюцца адно ад аднаго. Ёсць толькі бясконцае мноства варыянтаў, якія адналькова каштоўныя. Зразумела, гаворка не ідзе пра тое, каб наносіць шкоду іншым, квір – гэта ні ў якім разе не пра гвалт, прымус і абразы, бо ў азначаных выпадках выбар асобы пераходзіць межы прыватнасці іншых асоб.
– Чаму важна разважаць пра ідэнтычнасць і самавыяўленне, калі вакол мноства больш відавочных праблем – крызіс у эканоміцы, экалогіі, военныя канфлікты…
– Відавочнае і важнае – гэта не сінонімы. Таму нельга сказать, што праблемы, пра якія маўчаць, насамрэч не вартыя вырашэння. Калі ЛГБТК-людзей абражаюць, звальняюць з працы, збіваюць на вуліцы, гэта ўплывае на іх лёс не менш за фінансавы крызіс і сапсаванае прамысловасцю паветра. І чаму грамадства павінна займацца толькі адным пытаннем (напрыклад, праблемай экалогіі), калі можна паводзіць сабе па-людску ў агульным?
– Як узнік фестываль “Дотык”, каму прышла прышла да галавы ідэя яго правядзення?
– Упершыню Дотык прайшоў у Мінску ў лютым 2015 года. Ідэя праекта належыць Ганне Лок – менавіта яна займалася арганізацыяй мерапрыемстваў, працавала з валанцёрамі, вырашала пытанні з запрошанымі гасцямі. Пасля з найбольш актыўных валанцёраў мінскага фестываля склалася наша каманда. Варта адзначыць, што мы не лічым каманду канчаткова сфарміраванай, закрытай – мы зацікаўлены ў дапамозе тых, хто адчувае жаданне далучыцца да праекта (пра які б горад не ішла гаворка). Таксама нам цікава супрацоўнічаць з актыўнымі, творчымі асобамі, якія раздзяляюць прынцыпы недыскрымінацыі і жадаюць развівацца і дзейнічаць і адпаведным рэчышчы.
Пазіцыя Дотыка ў тым, што мова мастацтва – гэта ўніверсальная мова, якая не спрошчвае, не праводзіць межы. Мастацтва і адукацыя – гэта тыя пляцоўкі, дзе розныя сацыяльныя групы могуць пазнаёміцца і паразумецца.
У расклад фестываляў для абласных гарадоў мы, на жаль, не маглі ўключыць усю мінскую праграму, але самыя знакавыя фільмы гродзенцы пабачаць. Таксама вы зможаце наведаць выставу “Нашы родныя”, якая пакуль што экспанавалася толькі ў Кіеве – і адразу едзе ў беларускі Гродна.
– Якія фільмы выбралі для паказу ў Гродне?
– Будуць, напрыклад, “Арфей” Жана Както,
“Эдзi i Тэа – доÿгiя заручыны”, рэжысёрак Сьюзен Муска і Грэты Олафсдоттір,
і многа іншых. У групе Дотыка ёсць праграма з назвамі ўсіх фільмаў – можна папярэдне праглядзець звесткі пра кожную кінакарціну.
– Аўтары фестывальных фільмаў – хто яны? Ці будуць яны на фэсце, можа самі раскажуць пра сваю творчасць?
– Аўтары фільмаў – людзі не толькі розных нацыянальнасцяў, сэксуальных і гендарных ідэнтычнасцяў, але і розных эпох. Праграма фестываля складаецца з рэтраспектыўнай і дакументальнай частак, і там ёсць фільмы як першай паловы 20 стагоддзя, так і тыя, якія былі знятыя 3 гады таму. Нажаль, творцаў фільмаў у Гродна мы не пабачым, але ці не ёсць фільм найлепшым аповедам пра свайго рэжысёра, пра яго погляды , гуманнасць, прафесійнасць?
– Як гледачы ў тых гарадах Беларусі, дзе “Дотык” ужо быў, ставіліся да падзеі?
– Фестывалі ўжо прайші ў Мінску, Брэсце і Віцебске, і з кожным горадам мы адчуваем, як расце наш досвед. Мы імкнемся атрымаць зваротную сувязь ад аўдыторыі, выклікаць яе на развагі і размовы, таму пасля дакументальных фільмаў ладзяцца дыскусіі, а да каманды Дотык можна падыходзіць і знаёміцца без аніякіх перашкод.
Але недастаткова проста абвясціць сябе адкрытымі да дыялогу, каб ён пачаўся, каб людзі расказалі пра сваё стаўленне. І менавіта над гэтым мы зараз працуем – шукаем найбольш эфектыўныя метады камунікацыі, пераадольвання напружанасці і няёмкасці.
З таго, што мы ўжо пачулі ў трох гарадах, было шмат падзяк, шмат карысных заўваг, шмат цеплыні. Мы вельмі ўдзячныя гледачам за натхненне, якое яны нам дораць.
– Чаму варта наведацца на фэст, калі ў цябе “усё нармальна”?
– Я супраць такой пастаноўкі пытання, бо квір – гэта пра тое, што частата распаўсюду чаго-небудь і норма – розныя рэчы. Гомасэксуальнасць і гетерасэксуальнасць аднолькава нармальныя, ненармальна – гэта прымусовыя адносіны, псіхалагічны і фізічны гвалт.
– Тады зменім пытанне – хто можа прыйсці паглядзець квір-кінапаказы, хто ўваходзіць у мэтавую групу фестывалю?
– Нашай аўдыторыяй мы бачым усіх людзей, якія пазітыўна ставяцца да новай інфармацыі і здольныя думаць пра адрозненне ад іх без агрэссіі. Гэта тыя, хто адносіцца да непрынятых у грамадстве груп, і тыя, хто хоча падтрымаць сваіх сяброў і родных. А таксама і тыя, хто проста не можа сцярпець прыніжэнне як з’яву, хто хоча сказаць сваё слова, каб абнадзеіць, падзяліцца цеплынёй і чалавечнасцю.
Нават калі ты не адносіш сябе да ЛГБТК-супольнасці, ты можаш даведацца, як яна жыве, бо менавіта веды перамагаюць ксенафобію, стэрэатыпы і катэгарычнасць.