Новы фармат у новым месцы: “Прывіды тэатра” ажылі ў “Верандзе”

|

Калі я ішла на вернісаж, то думала, што ў горадзе больш-менш часта адбываюцца прэзентацыі ды выставы, таму наўрад ці гэтая будзе нечым ад адрознівацца. Хіба толькі месцам правядзення. Хоць кафэ “Веранда” і стала за кароткі час папулярным, але знаходзіцца яно далекавата ад цэнтра і выбар месца для фотавыставы спачатку здзівіў. Як потым аказалася, гэтае кафе ў напрамку правядзення падобных мерапрыемстваў мае вялікія перспектывы.

 

Стыльнае памяшканне проста ідэальна падыходзіць для розных івэнтаў.

Першае такое мерапрыемства – фотавыстава “Прывіды тэатра” – сабрала вельмі шмат людзей.

 

– Ідэя прыйшла нечакана – калі я рабіла адной са сваіх кліентак фрызуру. Дзяўчына прыгожая, але прыгажосць яе незвычайная і нестандартная. Я падумала, што было б вельмі цікава сфатаграфаваць яе ў нейкім незвычайным вобразе. Падумала і прапанавала Сяргею. Мы хутка зрабілі фотасесію. Атрымалася так добра, душэўна і цёпла, што мы вырашылі сабрацца яшчэ раз. Усяго над праектам мы працавалі паўгода. Яго вынікі вы можаце ўбачыць на сценах кавярні, – адкрываючы выставу распавяла Бажэна Машніна.

 

Усяго на суд гледачоў прадставілі трохі больш за 20 работ. Гэта фантазійныя працы – цікавыя макіяж і строі. Усё зроблена ў адным стылі.

Здаецца, што гэтыя фотаздымкі з нейкіх тэатральных пастановак, якія ўжо даўно не ідуць у тэатры. Быццам гэтыя карціны знайшлі недзе на гары, садзьмулі пыл і вырашылі паказаць гарадзенцам. Але насамрэч гэта вынік руплівай і доўгай працы.

Само ж адкрыццё выставы было, калі так можна сказаць, на еўрапейскім узроўні.

 

– Пабольш бы такіх мерапрыемстваў, – казалі прысутныя. Сапраўды, можа менавіта такі фармат івэнтаў – няспешных, з добрай музыкай і добрай ідэяй – зможа ажывіць культурнае жыццё горада.

Арганізатары пастараліся, каб прысутным было цікава. За музыку адказваў DJ Модно, за каверы – Дар’я Шульгіна, а  вяла мерапрыемства радыёвядучая – Улляна Шубко. Акрамя ўласна фотавыставы, прысутным было прадстаўлена фаершоў, а  таксама  Body Art Performance, дзе кожны з прысутных мог размаляваць целы танцуючых дзяўчын. А вось некаторыя з фотаздымкаў можна было набыць на аукцыёне, грошы з якога пайшлі на патрэбы Гарадзенскага дзіцячага хоспіса.

Былі на адкрыцці і мадэлі, якія прымалі ўдзел у праекце. Пры тым, былі яны тут у тых самых вобразах. Прысутныя з задавальненнем фатаграфаваліся з жывымі тэатральнымі прывідамі, якія нібы сышлі з фотаздымкаў.

 


 

Фота Вольгі Мілавай