Пуцін на столі Сіксцінскай капэлы: у Новым замку працуе эклектычная выстава англійскага гарадзенца
***
Французскаму дыпламату XVIII стагоддзя Шарлю Талерану прыпісываюць выказванне: “Бойся першага ўражання, бо яно вернае!” Вось акурат першае ўражанне ад Джорджа Пэдэра-Сміта было вельмі добрае. Пазнаёміўся я з ім у 2009 годзе, на першай ягонай персанальнай выставе ў Гродне. Гэта была дзяржаўная выставачная зала па вуліцы Ажэшкі.
Джордж, як і большасць прадстаўнікоў далёкага і незразумелага Захаду, увесь час шчыра ўсміхаўся. А таксама шмат жартаваў. Жарты былі не ўсе зразумелыя. Тут перашкаджала маё “добрае” валоданне англійскай мовы. І англійскага гумара таксама. Джордж нагадваў нейкага добрага казачнага героя. Такога старычка-лесавічка, пры чым свайго, тутэйшага, зусім не англійскага.
Не, я не пасябраваў з Джорджам. Але сустракаўся некалькі разоў пры розных, часам нават дзіўных абставінах. Напрыклад, тое, што для ангельцаў футбол – гэта рэлігія – ведаюць усе. Але вось пабачыць на ўласныя вочы ангельца за праглядам гульні любімай каманды не кожны дасць рады. У мяне атрымалася. Зацягнуў да Джорджа на прагляд англійскай футбольнай лігі брат маёй жонкі – Ігар – які сябруе з Джорджам. Тут было ўсё: і піва, і эмоцыі… Джордж – адданы фанат лонданскага “Арсенала”.
Яшчэ адна цікавая сустрэча адбылася ў час маўклівых акцыяў у 2010 годзе. Калі ментоўскія бугаі ў штацкім мяне затрымлівалі і валаклі ў аўтазак, то толькі два чалавекі кінуліся мне на дапамогу і паспрабавалі адбіць. Першым быў мой сябра Вундзер. Другі – англійскі мастак Джордж Сміт. Пасля маіх “сутак”мы сядзелі ў бары за куфлямі піва і Джордж, быццам апраўдваючыся, што не даў рады дапамагчы, распавядаў: “Ведаеш, не было страшна, калі я змагаўся з гэтымі копамі! Прамільгнула думка: калі мяне затрымаюць, то як замежніка могуць дэпартаваць з Беларусі. Але ж галоўнае было дапамагчы табе!” Джорджа, дзякуй богу, не затрымалі. І ён надалей жыве ў Гродне, працягваючы свой творчы шлях англійска-гарадзенскага мастака.
Тое, што Джордж за 10 гадоў пасябраваў з усім творчым бамондам нашага гораду, было бачна няўзброенным вокам. Столькі мастакоў ды іншых аматараў выяўленчага мастацтва ў адным месцы я ніколі не бачыў, як на адкрыцці ягонай персанальнай выставы “Турбулентнасць” у Новым замку. Тут, канешне, паўплывала і гарадзенская сваесаблівасць: чужынцаў любяць тут больш, чым сваіх. Але Джорж даўно стаў сваім, гарадзенскім. На адміністратыўны рэсурс таксама не спішаш. Натоўпу шкаляроў з мастацкай школы я не заўважыў, як на выставах некаторых мастакоў. Таму зацікаўленнасць мас можна шчыра запісаць на рахунак джорджавага таленту і ягонай чалавечай камунікабельнасці. Далёкі і незразумелы Захад…
Сама выстава “Турбулентнасць” вызвала стракатыя пачуцці. Я – не мастацтвазнаўца, але яна сапраўды выглядае вельмі эклектычнай. Усе карціны можна смела разбіць на чатыры часткі, якія канцэптуальна звязаныя паміж сабой. Але вось сувязі паміж гэтымі серыямі твораў я, хоць забейце, не ўбачыў. Акрамя таго, што іх напісала рука аднаго мастака.
Падалося, што Джордж меў мэтай прэзентаваць гарадзенцам усе накірункі свайго творчага пошуку, але на агульную канцэпцую выставы гэта паўплывала кепска.
Шэраг карцін, якія далі назву выставе – “Турбулентнасць” – гэта разнакаляровыя хвалі-лініі. Мастак сам прызнаўся пад час свайго выступу, што спачатку так і хацеў назваць выставу – “Хвалі”. Але потым вырашыў, што “турбулентнасць” больш адлюстроўвае канцэпцую “хвалевых” пошукаў. Увесь сусвет чалавека на погляд мастака – гэта светавыя, гукавыя, энэргетычныя хвалі, якія кранаюць, уплываюць на яго, “руляць” чалавечым светам. Скажу шчыра, мяне яны не вельмі ўразілі. Але зацікавіла гульня святла і формы “турбулентна-хвалёвых” твораў: калі адыйсці назад і паглядзець на карціны здалёк, то яны становяцца аб’ёмнымі.
Яшчэ менш мяне кранулі міфалагічна-індуісцкія пошукі Джорджа Сміта. Некалькі твораў з выявай індуісцкага бога Ганеша, як падаецца, будуць да спадобы экзальтаваным дамам і рамантычным маладзёнам у акулярах, якія гадзінамі карпяць у пошуках ісціны над перакладамі старажытных ведаў.
А вось разнакаляровыя і разнастайныя слімакі-каханкі ў позе “69” вельмі парадавалі. Адразу ўзгадалася бітлоўскае “All You Need Is Love!” І тое, што каханне – рэч па-за межамі правіл і законаў. Яно ці ёсць, ці яго няма. І патрэбнае каханне і слімакам, і людзям! Make Love – Not War!
Апошняя группа твораў найбольш мяне ўразіла. Назавем яе “Палітычна-сімвалічнай”. Карціна “Марксісты”. Маргарэт Тэтчэр, звязаная па руках і нагах з Карлам Марксам. Выглядае антаганістычна. Але Джордж патлумачыў, што жорсткія эканамічныя рэформы, якія праводзіла прэм’ер-міністар Тэтчэр ў Вялікабрытаніі ў 80-х гадах мінулага стагоддзя, і якія выклікалі ў большасці брытанцаў крытыку, успрымаліся як сацыялістычныя. Таму дагэтуль “жалезную ледзі” ў Англіі некаторыя называюць “марксісткай”.
На карціне “Чэрчыль і ягоны чорны сабака” мы сапраўды бачым дзіўнаватага Уінстана Чэрчыля і здаравеннага кудлатага пса, які па-панібрацкі закінуў вялізарныя лапы на грудзь вядомага палітыка. “Чэрчыль усё жыццё пакутаваў ад дэпрэсій. Вось гэты сабака – гэта ягоная дэпрэсія”, – патлумачыў Джордж.
Ну, і дзве карціны з расійскім прэзідэнтам Пуціным. На творы “Чорны пояс”, вядомы сваімі самбісцкімі замашкамі як на татамі, так і ў палітычным жыцці, спадар Пуцін, у белым кімано, кагосьці-чагосьці цягне да сябе. “Данбас? Крым?” – пытаецца ў мастака мой калега. “Можа і Крым!” – загадкава усміхаецца Джордж.
Канешне, не пройдзеш міма карціны “Прэзідэнт і Бог”. Джордж Сміт на мой погляд, геніяльна абгуляў фрагмент роспісі “Стварэнне Свету” ў Сіксцінскай капэле майстра Адраджэння Мікеланджэла. Рука Бога засталася на месцы, а вось замест Адама – Пуцін у вайсковых штанах і берцах. Пуцін не глядзіць на Бога, неяк па-хамску адвярнуўшыся. І рука ягоная, падаецца, што вось-вось і адшморгнецца ад Тварца. Побач – забітая лань. Адмыслова не ўдакладняў у Джорджа Сміта пра што ідзе гаворка. Кожны сам сабе дасць рады знайсці адказ, наведаўшы выставу ў Сенацкай зале Новага замку цягам месяцу.
Фота Яна Лялевіча
Джорд Харві Пэдэр-Сміт нарадзіўся ў Лондане ў 1945 годзе. Адукацыю атрымаў ва ўніверсітэце Ньюкасла, на факультэце выяўленчага мастацтва. З 2004 года жыве і працуе ў Гродне.
Персанальныя выставы:
2008 – Беларускі музей сучаснага вяўленчага мастацтва, г.Мінск.
2008 – Аквапарк, г. Друскінінкай (Літва)
2009 – Гродзенская дзяржаўная выставачная зала
2009 – Карцінная галерэя Г.Х.Вашчанкі, г.Гомель
2009 – Гісторыка-краязнаўчы музей, г.Жлобін
2009 – Гісторыка-краязнаўчы музей, г. Светлагорск
2013 – Выставычны цэнтр Санкт-Пецярбургскага Саюза мастакоў
2013 – Галерэя Art-Refuge Albert, г.Рыга (Латвія)