Памяшканне не апячатвалі, падліку не далі пабачыць. Як я назірала за выбарамі
На першыя ж выбары – назіральнікам
Ідзем рэгістравацца. Майму “напарніку” таксама 18 гадоў. Нафарбаваная школьная вахцёрка пасылае нас да сакратаркі. Там да нас ставяцца даволі скептычна.
– Дык гэта вашы першыя выбары? – праглядаючы дадзеныя ў пашпартах, пытае сакратарка. Гэта далёка не апошні раз, калі нас папракнуць нашай маладосцю.
– Дай бог, каб не апошнія, – адказваю я.
– І ўжо адразу назіральнікамі?
– Усё і адразу! – кажа напарнік.
Зарэгістраваліся. Заўтра – першы дзень датэрміновага галасавання. Гэта своеасаблівы выклік для мяне. Я прызвычаілася спаць да 10.00, я не чую будзільнікаў, я паўсюль спазняюся. Мяне хвалюе непажаданасць выходзіць з участку – нават, пардон, у прыбіральню. Але пакуль мы не бачым праяўлення негатыву ў наш бок і глядзім на выбары з аптымізмам.
Дзень першы і знаёмства з аромастылісткай
Важны момант, які назіральнікам трэба зафіксаваць – апячатванне скрыні для галасавання. Здаецца, усё праходзіць па правілах. Праз паўгадзінкі, пасля першых выбаршчыкаў, я расслабляюся. Хутка мы знаёмімся з іншымі назіральнікамі – настаўніцамі з гэтай школы. Яны штодня будуць пісаць справаздачы, што камісія працуе без парушэнняў. А я павінна парушэнні фіксаваць. Тым не менш, пакуль мы нармальна камунікуем.
Аказваецца, адна жанчына – “аромастыліст” – падбірае парфуму людзям. Наступныя дзве гадзіны я і назіральніца Вольга нюхаем розныя камбінацыі пахаў і выбіраем тыя, што нам найбольш падабаюцца. “Бізнес па-гарадзенску”, – думаю я. У выніку я абяцаю купіць нейкую парфуму і даю свае кантакты бізнес-вумэн.
Выбаршчыкі прыходзяць розныя – збольшага пенсіянеры. Бабуля, якой 91 год, расказвае сваю жыццёвую гісторыю:
– Я – ўдава ветэрана. 11 кастрычніка будзе 16 гадоў, як яго не стала. Таму я для сябе вырашыла, што не змагу тады прагаласаваць.
Члены камісіі захапляюцца здароўем пенсіянеркі. Яшчэ адна бабуля благаслаўляе ўчастак:
– Дай Бог вам паболей выбаршчыкаў, якія за нашага Бацьку прагаласуюць.
Прашу прыбраць са сцяны партрэт прэзідэнта, бо гэта можна расцэньваць як дадатковую агітацыю. “Гэта такі ж сімвал дзяржавы, як сцяг і герб”, – старшыня раздражняецца, бо яе вызвалі з іншага кабінета. Мне няма чаго на гэта адказаць, але я абяцаю сабе прыйсці заўтра са скаргай.
Праз нейкі час прыязджае прадстаўнік незалежнай партыі і перш-наперш робіць заўвагу наконт партрэта. Яму адказваюць тое ж, што і мне, але я адчуваю невялічкую перамогу. Апошнія дзве гадзіны назіранняў цягнуцца марудна. Нарэшце 14.00. Старшыня заклейвае скрыню для галасавання і смяецца з таго, як уважліва я яе аглядаю. На просьбу сфатаграфаваць заклеенную скрыню для галасавання мне адмаўляць.
– Мы ў гэтыя гульні не гуляем, у нас ўсё па правілах, – кажа старшыня камісіі, але чамусьці злуецца.
Дзень другі: прэзідэнта заклеілі, але пакой не апячаталі
Учорашнія размовы з іншымі незалежнымі назіральнікамі паказалі мне мне, што да назіранняў мала хто ставіцца сур’ёзна. “Што гэта зменіць?”, – кажуць мне калегі. Я разчароўваюся. Абяцаю сабе сумленна выцярпець астатнія дні выбараў, але ўпэўнена, што гэта мае першыя і апошнія выбары ў якасці назіральніка.
Заходжу на ўчастак і бачу, што партрэт прэзідэнта ўжо заклеены плакатам пра выбары. Адчуваю маленькую перамогу. Сёння гэтыя чатары гадзіны не здаюцца мне страшнымі. Я чытаю кнігу, раз-пораз паглядваючы на выбаршчыкаў. Іх сёння ўдвая больш, чым учора. Сярод іх часам трапляюцца цікавыя асобы.
– А ў Мінску, кажуць, падаркі раздаюць, – кажа членам камісіі мужчына. – Калі сям’ёй прыходзяць, нават розыгрышы ёсць.
– Мы яшчэ не сазваньваліся з Мінскам, – адказвае старшыня.
Бабуля з кіем бярэ бюлетэнь, адыходзіць і пытае:
– А паставіць за каго?
– Ідзіце чытайце, там усё напісана.
Па сканчэнні назіранняў пытаю ў намесніка старшыні, ці будзе апечатвацца пакой, дзе стаіць скрыня для галасавання. Мне адказваюць, што яны так ніколі не робяць. Чаму мяне навучылі на трэнінгу?
Дзень трэці: лічбы пачынаюць не супадаць
У інтэрнэце паўсюль звесткі, што студэнтаў прымушаюць галасаваць датэрмінова. У маёй універсітэцкай групе такога няма. Няма і на участку. Можа, не пашанцавала з раёнам, але на гэты момант я налічыла каля трох людзей, якім на выгляд менш за 30 год.
Сёння ўпершыню не супадаюць лічбы назіральнікаў і камісіі. Па дадзеным камісіі, прагаласавала на 7 чалавек больш, чым зафіксавалі мы. Я ўпэўнена ў сабе на сто адсоткаў – я чатыры гадзіны не выходзячы прасядзела на участку. А вось наконт майго напарніка не ведаю. Але, урэшце рэшт, 7 чалавек – не так шмат.
Знаёмлюся з іншым незалежным назіральнікам з майго участку. Ён не надае аптымізму:
– Усе ўчасткі аднолькавыя. Я падаваў учора скаргу. Сёння яшчэ адну падам.
Заўважаю, што сёння памяшканне зачыняецца на ключ, і там не застаецца “старонніх” у асобе міліцыянта. Яшчэ адна маленькая перамога назіральнікаў.
Дзень чацвёрты і першыя пагрозы
Іду на назіранні як на працу. Здаецца, нічога цікавага не адбываецца: парушэнні фіксуюцца, але не выпраўляюцца. Прыходжу на ўчастак з ноўтбукам. Старшыня тым часам пагражае мяне выдаліць, калі я буду публікаваць нешта, што з яе пункту гледжання не адпавядае рэчаіснасці. Вядома, кожны трактуе Выбарчы кодэкс на сваю карысць.
– Жанчына тут у палітыку палезла… Яна што, сябе Маргарэт Тэтчэр уявіла? Палітыка – справа мужчын. Вось Маргарэт Тэтчэр была жанчына, – кажа адна немаладая выбаршчыца.
Шкадую, што назіральнікам забаронена кантактаваць з выбаршчыкамі, і немагчыма з гэтай жанчынай падыскутаваць. Таму мысленна пасылаю яе варыць баршчы і зноў утыкаюся ў кнігу.
Дзень пяты
Здаецца, што хутка канец маіх назіранняў. Але насамрэч самае цікавае і складанае толькі пачынаецца. Сёння субота, трэба добра адпачыць. Заўтра будзе цяжкі дзень – Дзень Выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Апошні дзень і падлік
Праз нейкі час людзі для мяне пераўтвараюцца ў лічбы, закрэсленыя крыжыкам. Я сяджу паміж незалежных назіральнікаў і назіральнікаў з гэтай школы. З аднаго боку мне расказваюць пра Басовішча, з іншага – пра сучасную сістэму адукацыі.
Да стала назіральнікаў падыходзіць журналіст гарадзенскага сайта. Назіральніца адсылае яго да старшыні камісіі. Гэта правільна – назіральнікі не маюць права камунікаваць з выбаршчыкамі і журналістамі. Але гэта не перашкодзіла назіральнікам з гэтай школы гадзіну назад гутарыць з карэспандэнтам газеты “Рэспубліка” і абмяркоўваць нешта з маці адной з членаў камісіі.
Недзе ў палову восьмай, калі ўсё вось-вось скончыцца, я раптам адчуваю адказнасць. Я ўзгадваю Плошчу 2010 года. Мне тады было 13 і я казала, што ніколі не буду цікавіцца палітыкай. А зараз вельмі хочацца ўключыць тэлевізар і паглядзець, ці будзе нешта ў Мінску.
Як выглядаў асноўны дзень галасавання на ўчастку? Чытай тут!
Пачынаецца падлік галасоў. Па маёй просьбе нас перасоўваюць на метр, але нават не дазваляюць стаяць, каб лепш бачыць. Я не бачу зместу бюлетэняў, і пасля падліку вырашаю напісаць першую за мае назіранні скаргу. Старшыня камісіі страшна акругляе вочы і кажа: “Добра, я дам вам пісьмовы адказ”. І тут пачынаецца ціск. Я некалькі разоў дапісваю сваю скаргу, старшыня некалькі разоў удакладняе, куды мне даслаць адказ, ці я пачакаю адказу зараз. Я згодна і на “зараз”, абы гэта хутчэй скончылася. Таму яна гучна і падрабязна дыктуе сакратарцы тэкст адказу, усе ўздыхаюць, бо я іх затрымліваю. Нарэшце мне аддаюць тэкст, вывешваюць пратакол, дзе мы бачым ужо пачутыя лічбы.
Гаўдукевіч – 79
Караткевіч – 46
Лукашэнка – 701
Улаховіч – 13
Фота Яна Лялевіча