Як пара антысаветчыкаў у 70-я выратавала гістарычны цэнтр Горадні
Драўляны асабняк на вуліцы Цаглянай у гарадзенскай Пярэселцы. Назву вуліцы ніколі не перакладалі на расейскую: наўпрост пісалі “Цегляная” ў расейскай транскрыпцыі. Праходзячы побач з акуратнымі дамкамі міжваеннай пабудовы, ніколі не ведаеш, што ўнутры: еўрарэмонт, прытон або… аўтэнтычныя старыя інтэр’еры з мэбляй, якая памятае яшчэ першых гаспадароў.
Каб трапіць у кватэру Бруянкоў, трэба падняцца на другі паверх. Дом колішняга польскага чыноўніка пасля прыходу “саветаў” падзялілі паміж двума гаспадарамі. Бацька Пятра быў савецкім афіцэрам. На сценах у кватэры вісяць ягоныя дыпломы ды граматы (адна – за подпісам Будзёнага), побач – партрэт Варашылава, намаляваны алоўкам, бацькава праца.
На дзіва, дзеці савецкіх бацькоў нетутэйшай крыві цалкам упісаліся ў мясцовы культурны ландшафт, палюбіўшы гэты горад з барочнымі каталіцкімі бажніцамі, брукаванымі вуліцамі ды заходнімі павевамі з-над Нёмну.
“Прыбягае Пеця, валасы дыбам…”
“У 1974 годзе прыбягае Пеця дадому, – распавядае Раіса Бруянок, – валасы дыбам, і кажа: уяўляеш, нашы партыйцы вырашылі, што ад менскага першага сакратара партыі да гарадзенскага мае быць пракладзены шырокі праспект!”
Гэта значыць – знесці добрую частку старога гораду з вузкімі вулачкамі і збудаваць на гэтым месцы працяг трасы Менск-Горадня. Найперш знесці павінны былі Брыгіцкі касцёл ды адзін бок вуліцы Карла Маркса. Пад знос трапляў і манастыр Раства Багародзіцы.
Пётр Уладзіміравіч, раней педагог па класе скрыпкі, працаваў метадыстам у турыстычным цэнтры, а таксама быў залічаны ў Бюро прапаганды помнікаў гісторыі і архітэктуры пры таварыстве “Веды”, якое кватаравала ў Старым замку.
Раіса Уладзіміраўна была ў дэкрэтным адпачынку, бо нарадзіла ў мінулым 1973-м годзе.
“Таварыства аховы помнікаў нармальна працавала, пакуль яго не ўзялі пад крыло абкамаўцы, – разводзіць рукамі спадарыня Раіса, – калі тыя пачалі казаць аб праблемах помнікаў надта голасна, чыноўнікі зрабілі іх “сваім голасам” – стварылі Бюро прапаганды помнікаў гісторыі і архітэктуры. А калі яны самі гэтым займаюцца – то яны заўжды правыя”.
Надзеі на мясцовыя ўлады не было, таму Бруянкі напісалі ліст… міністру культуры СССР Фурцавай. Гэта быў жнівень 74-га. Ліст атрымаўся доўгім, было там і пра Брыгіцкі кляштар, і пра манастыр Раства Багародзіцы, і пра сінагогу, якая таксама трапляла пад удар.
Калі тая ж сінагога ці будынак архіву на плошчы Леніна адносіліся да Міністэрства культуры, таму мелі шанец захавацца, то ў іншых помнікаў шанцаў было значна менш. Манастыр належаў ДОСААФу, там стаялі матацыклы. Брыгіцкі касцёл – камбінату добраўпарадкавання гораду, а ў комплексе кляштару месціўся шпіталь для псіхічнахворых.
План зносу старога гораду і пабудовы праспекту выглядаў цалкам рэальна: першай яго ахвярай сталася званіца брыгіцкага касцёлу, якая месцілася па іншы бок вуліцы ад яго. Цяпер ад яе засталіся толькі падмуркі.
“Праспект застаўся на паперы, архітэктар нам так і не прабачыў…”
За лістом пачаў разгортвацца цэлы ланцуг перапіскі. Пасля папяровых баталіяў аб значнасці гістарычнага цэнтру гораду, пачаліся тактычныя ўдары па арганізацыях, на балансе якіх знаходзіліся тыя ці іншыя помнікі. На дзіва, сістэма… спрацавала, а мо і наадварот – дала збой.
Вынік атрымаўся станоўчым: пытанне з праспектам было перагледжанае, а ДОСААФ з камбінатам добраўпарадкавання атрымалі штрафы за тое, што трымаюць гістарычныя будынкі ў неадпаведным стане.
У 1976-м архітэктар вобласці Пархут зацвердзіў сённяшні архітэктурны план, які ўжо не прадугледжваў аніякага пампезнага праспекту на ўсходнім кірунку. Паводле яго, праспект замянілі дзве адносна вузкія вуліцы з аднабаковым рухам: па Карла Маркса тралейбусы падымаліся, а па Кірава – апускаліся. Так быў дасягнуты кампраміс.
“Але гэты Пархута нам з Пецем так і не змог прабачыць, – усміхаецца Рая Уладзіміраўна, – бо атрымалася, што мы вінаватыя ў тым, што ён у горадзе не збудаваў нічога грандыёзнага, апроч аблвыканкаму. План жа праспекту застаўся толькі на паперы”.
Цягам размовы Пётр Уладзіміравіч збольшага маўчыць, толькі часам папраўляе ці ўдакладняе асобныя словы жонкі. Раіса Уладзіміраўна трымае рэй:
“Прайшло троху часу і нам адгукнулася: мяне панізілі ў пасадзе, я ўжо была кіраўніком аддзелу праграмавання, мы пісалі “усесаюзную задачу” ў нашым бюро. Да мяне падыходзілі калегі са словамі: “Спяшайся павольней!”, то бок, не рабі рэзкіх рухаў. Але ж мы маладыя былі!”
“Нас усе называлі антысаветчыкамі…”
Пытаюся, ці шкадавалі мае суразмоўцы аб тым, што некалі ўступілі ў канфлікт з мясцовай уладай праз захаванне старога гораду.
“Бога радзі! – падымае ўгару рукі Рая Уладзіміраўна, – Мы жылі паўнавартасным жыццём, у нас было вельмі шмат сяброў…”.
“Сяброў-габрэяў! – дадае спадар Пётр. – Вельмі культурныя людзі! Дзякуючы ім мы маглі прачытаць тое, што не мог прачытаць ніхто, таго ж Салжаніцына. Трэба аддаць належнае, яны заўжды былі ў курсе ўсіх справаў”.
На пытанне, ці лічылі сябе Бруянкі на той час дысідэнтамі, версіі мужа і жонкі разыходзяцца. Пётр Вітальевіч кажа: “Канешне!”, Рая Уладзіміраўна: “Не-е! Аб чым ты кажаш?! – але пасля дадае: – …хоць нас усе і называлі антысаветчыкамі. Нам усім не падабалася тое, што тут адбывалася”.
“Ад такіх, як мы, ішла антысавецкая прапаганда, – ажыўляецца сп. Пётр, – мы слухалі “варожыя галасы”, пасля размаўлялі пра гэта. Слухалі “Свабоду”, яе глушылі, але лепш за ўсё, наколькі памятаю, было чутно Бі-Бі-Сі”.
“Мы былі маладыя, – зноў паўтарае Рая Уладзіміраўна, – таму нам усё было цікава. Усё, што дае магчымасць шырэй глядзець на свет, развівацца. У Саюзе ж усіх хацелі абрэзаць паводле стандарту. Гэта тое самае, што сядзіш ты за бетонным парканам, нічога не бачыш, а хочацца. Залез на дрэва, каб зірнуць далей, адразу антысаветчык!”
“…Колькі мы жывем, столькі змагаемся за гэты горад”
Справаю з ратаваннем Брыгіцкага кляштара перад гіганцкім праспектам усё не скончылася. Калі паўстала пытанне пра знос будынку архіву на плошчы Леніна,Бруянкі ва ўсіх зваротах ставілі свае подпісы. Калі ўлады раптам захацелі пабудаваць у Каложскім парку лядовы палац, які знішчыў бы кавалак прыватнага сектару міжваеннай пабудовы, Бруянкі зноў падымалі шум.
“Адкуль мы маглі ведаць пра нейкія планы ці архітэктурныя праекты? – перапытвае спадарыня Рая, – Прыходзілі сябры, знаёмыя, той жа Мілінкевіч. Размаўлялі, прапаноўвалі, раіліся, што рабіць. Мы з мужам фармальна не мелі дачынення ані да будаўніцтва, ані да архітэктуры. Гэта выключна грамадская дзейнасць”.
Цягам размовы зноў лаўлю сябе на думцы, што перада мной зусім нетутэйшыя людзі, якія палюбілі гэты горад нашмат больш за большасць мясцовых. Сярод чыноўнікаў і архітэктараў, якія зносілі Горадню ў 2005-2008, праз аднаго трапляліся наскрозь тутэйшыя “францавічы” ды ўладальнікі прозвішчаў на “-скі”.
На што гэта ўплывала? Ці любілі і ведалі яны свой край, гісторыю, ландшафт або горад быў для іх усяго толькі адміністратыўнай абстракцыяй, сукупнасцю ЖЭСаў, раёнаў, вуліцаў з жылплошчай?
“…Колькі мы жывем, столькі змагаемся за гэты горад, – напрыканцы кажа Раіса, – Каб захаваць хаця б тое, што ёсць”.