У Смаргоні зніклі амаль тысячу галасоў за Караткевіч

Паводле Алеся Дзергачова, згодна з інфармацыяй Цэнтральнай выбарчай камісіі, змешчанай на сайце, у Смаргонскім раёне за кандыдатку Таццяну Караткевіч прагаласавалі 887 выбаршчыкаў. Але толькі на 8 выбарчых участках, на якіх прысутнічалі незалежныя назіральнікі, за Караткевіч прагаласавалі, паводле афіцыйных выніковых пратаколаў участковых выбарчых камісій, 1870 чалавек.

 

— Усе гэтыя лічбы былі агучаныя ў выніковых пратаколах выбарчых камісій. Мы іх нават сфатаграфавалі. Але тое, што з’явілася на сайце ЦВК, — мы не можам паверыць. Напэўна, ніхто не мог падумаць, што мы праверым гэтыя лічбы. Відавочна, што іх змянілі, толькі незразумела пакуль, на якім этапе. І гэта толькі на васьмі ўчастках, дзе дзяжурылі незалежныя назіральнікі. А ў раёне ўсяго 40 участкаў, з іх 20 у горадзе.

 

На Гарадзеншчыне на ўчастках, дзе адкрыта лічылі бюлетэні, у Караткевіч 25–30%

 

Назіральнік Юры Кутузаў кажа, што на ўчастку, на якім ён дзяжурыў, Таццяна Караткевіч набрала найбольшую колькасць галасоў. Лічбы былі афіцыйна паведамленыя, ён іх зафіксаваў. А таму цяпер у Кутузава няма ніякіх сумненняў, што на сайце ЦВК з’явіліся сфальсіфікаваныя дадзеныя.

 

— У мяне на ўчастку агульная колькасць бюлетэняў складала — 1925, выдадзена — 1488, за Караткевіч прагаласавалі — 401, за Лукашэнку — 877. Пасля таго, як я пабачыў лічбы на сайце ЦВК, то ў мяне дагэтуль не праходзіць шок. Я да пачатку выбараў разумеў, што будзе нешта падобнае, але што такім нахабным чынам… Гэта папросту адкрыты здзек з людзей.

 

Назіральнік Уладзімер Шульжыцкі распавядае, што на ягоным участку галасавалі пераважна людзі старэйшага ўзросту, ён прыводзіць свае лічбы.

 

— У мяне на ўчастку 278 галасоў аддалі за Караткевіч і 1012 за Лукашэнку. Відавочна, што фальсіфікацыя агульнараённых дадзеных магчымая, паколькі толькі на маім участку, дзе пераважна людзі сталага веку, за Караткевіч прагаласавалі 278 чалавек. А каб па ўсім раёне толькі 887 чалавек за Караткевіч — лічбы нерэальныя.

 

Акрамя заявы ў пракуратуру раёну, Алесь Дзергачоў даслаў аналагічную па электроннай пошце ў ЦВК. Ён патрабуе высветліць, на якім этапе (выбарчыя ўчасткі, раённая камісія, абласная ці ЦВК) здзейсненая фальсіфікацыя, і разгледзець пытанне аб прыцягненні вінаватых да крымінальнай адказнасці.

 

Фота ілюстрацыйнае з архіву “Твайго стылю”