“Палоніка” звяртаецца ў пракуратуру
10 лютага ў пасёлку Сапоцкіна з’явіліся фальшывыя ўлёткі з заклікам да мясцовых палякаў ахвяраваць грошы на чарговы з’езд СПБ пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс, які мае адбыцца 14-15 сакавіка.
Для пералічэння грошай былі пададзеныя нумары рахункаў фірмы “Палоніка”. У якасці падзякі невядомыя ад імя Борыс абяцалі дапамогу ў вырашэнні пытанняў звязаных з выездам у Польшчу, атрыманнем Карты Паляка, навучаннем у польскіх ВНУ і наступным працаўладкаваннем.
У заяве кіраўніцтва “Палонікі” сцвярджае, што не мае ніякага дачынення да распаўсюду лістовак. “Таварыства не давала і не магло даць згоды на выкарыстанне сваіх рахункаў дзеля збору сродкаў, бо гэта супярэчыць беларускаму заканадаўству”, – гаворыцца ў заяве.
Распаўсюд лістовак ацэньваецца як спроба пашкодзіць рэпутацыі фірмы. Узгадваецца таксама, што яшчэ ў чэрвені 2008 году ў газетных аб’явах была распаўсюджана фальшывая інфармацыя аб прапанаваных паслугах.
Журналіст Андрэй Пачобут выказаў меркаванне, што ў сувязі з правакацыяй Палоніку хутка могуць наведаць з праверкай міліцыя і падатковая.
Аляксей Шота