Незвычайныя гісторыі звычайных рэчаў: кружэлкі Высоцкага і чаму шкодна разбіваць калекцыі
Цікавыя гісторыі звычайных рэчаў: евангелісцкая Біблія 1920 года
Гаспадар “Волшебной лавкі”: “Хачу, каб непатрэбныя рэчы знаходзілі другое жыццё”
Калекцыянаваць можна што заўгодна, ад значкаў да антыкварыяту, але калекцыя мае значэнне толькі калі яна поўная, лічыць Пётр.
Большасць калекцыянераў – закрытыя людзі. Бывае, чалавек усё жыццё нешта збірае, выдаткоўвае на любімую справу немалыя грошы, а потым, калі адыходзіць у іншы свет – яго калекцыі распрадаюцца блізкімі за невялікую суму.
“Гэта сапраўдная трагедыя, калі калекцыі трапляюць у рукі недасведчаных людзей, якія не ведаюць іх сапраўднай каштоўнасці”, – кажа Пётр. Менавіта так здарылася з кружэлкамі Высоцкага, якія трапілі ў краму.
Калекцыю кружэлак, на жаль, няпоўную, прынёс у “Волшебную лавку” адзін гарадзенец. Поўная серыя прадугледжвае 22 пласцінкі, але ўладальнік меў толькі 18 з іх. Аказваецца, што галоўная каштоўнасць – акурат чатыры апошнія. Каштоўныя яны тым, што былі выдадзены ўжо пасля развалу СССР.
Пётр працягвае: “Некаторыя скупшчыкі карыстаюцца недасведчанасцю новых уладальнікаў, вось з калекцыяй кружэлак так і здарылася. Адзін мужчына выкупіў самыя каштоўныя экзэмпляры ды яшчэ і па нізкай цане – калекцыя стала няпоўнай і згубіла сваю каштоўнасць”.
Такія хітруны даюць людзям марныя спадзяванні. Уладальнік пачынае думаць, што калі некаторыя экзэмпляры ідуць па пэўнай цане, то і астатнія рэчы каштуюць столькі ж.
“Гэтыя чатыры апошнія вінілы з серыі Высоцкага ўладальнік прадаў скупшчыку па 10 долараў, а потым быў вельмі здзіўлены і расчараваны, што астатнія кружэлкі каштуюць максімальна 1-2 долары, у залежнасці ад стану”.
У камісійнай краме вельмі часта з’яўляюцца няпоўныя калекцыі. Прыклад – два тамы твораў Дастаеўскага канца ХІХ стагоддзя, якія па-за межамі калекцыі не маюць вялікай каштоўнасці. Такія рэчы – праблема не толькі ў рэалізацыі, але і для ўладальніка.
“Таму я заклікаю гарадзенцаў “не разбіваць” калекцыі, а калі ёсць жаданне даведацца сапраўдную цану прадметаў, дык лепей звярнуцца да дасведчаных людзей”, – кажа Пётр.
Фота аўтара і Яна Лялевіча