Пераслед за Пагоню – інерцыя 90-х. Аляксей Ластоўскі пра канфлікт сімвалаў

|

Пра падзел у беларускім грамадстве ў пытанні сімвалаў мы паразмаўлялі з Аляксеем Ластоўскім, кандыдатам сацыялагічных навук (Інстытут “Палітычная сфера”, Беларускі Калегіюм).

 

“Здольнасць сімвалаў адсылаць да агульнага гістарычнага мінулага аб’ядноўвае людзей у сучаснасці”

 

– Чаму сімвалы выклікаюць столькі самых розных эмоцый: ад эйфарыі да крайняга непрымання?

 

– Важнасць і моц сімвалаў для грамадскай прасторы ў тым, што людзі з іх дапамогай дэманструюць сваю прыналежнасць ці адданасць. Такім чынам людзі атаясамляюць сябе з нейкай групай ці ідэалогіяй. Чым больш эмацыйная сувязь з групай, тым больш інтэнсіўным можа быць змаганне за сімвалы – і нават дасягаць пакутніцтва. Напрыклад, у хрысціянстве ў даўнейшыя часы ў абарону крыжа людзі ішлі на смерць. У сітуацыі з Пагоняй ахвярнасць таксама прысутнічае, але ў іншай ступені: людзей затрымліваюць, штрафуюць. Гэта тое ж змаганне за сімвалы, але значна менш гвалтоўнымі шляхамі.

Вядомы гарадзенскі футбольны фанат Віталь Будзько, затрыманы і аштрафаваны за шалік з выявай Пагоні 


– Людзі змагаюцца за сімвалы ці за тое, што за імі стаіць?

 

– Сімвал можа ператварыцца ў атрыбут групы і тады на ім засяроджваецца змаганне. Нельга разглядаць іх паасобку, сімвал – сам па сабе, а групу – саму па сабе. Нас апазнаюць у нашай прыналежнасці да групы менавіта па сімвалах, таму становіцца так важна дэманстраваць іх.

 

У выпадку нацыянальнай ідэнтычнасці сімвалы павінны быць замацаванымі і паказваць на гістарычную пераемнасць, у гэтым закладваецца патэнцыял для калектыўнай салідарнасці. Здольнасць адсылаць да агульнага гістарычнага мінулага робіць сімвалы актуальнымі, дазваляе аб’ядноўваць людзей у сучаснасці.

 

У выпадку беларускай сімволікі мы бачым розныя гістарычныя перспектывы: герб Пагоня адсылае нас да часоў гісторыі ВКЛ, сучасны герб – да гісторыі БССР. Пагоня надае глыбіню гістарычнай памяці, умацоўвае сувязь са здзяйсненнямі продкаў. Таму гэты герб быў узняты на штандары нацыянальнага руху ў пачатку ХХ стагоддзя – ён надаваў беларусам статус гістарычнай нацыі.

 

Ёсць, канешне, істотная “тэхнічная” праблема – Пагоня належыць дамадэрнай (і шматнацыяльнай) дзяржаве, таму ў пачатку 1990-х герб быў выкарыстаны ў якасці дзяржаўнай сімволікі і беларусамі, і літоўцамі. Але зноў жа, выпадак беларусаў і ВКЛ не з’яўляецца ўнікальным, большасць нацыянальных дзяржаў актыўна скарыстоўвае дамадэрную спадчыну.

 

“Беларусь стала апалітычнай краінай”

 

– У беларускім грамадстве існуе раскол у пытанні сімвалаў. Чым гэта можа пагражаць?

 

Раскол быў сапраўды вельмі балючы і сур’ёзны на пачатку і ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі адбывалася палітычная канфрантацыя. Тады бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня сталі самымі яркімі знешнімі прыкметамі гэтага палітычнага падзелу.

 

Зараз мы бачым іншую сітуацыю, якая вынікае з таго, что Беларусь фактычна стала апалітычнай краінай, дзе знікла палітычная барацьба, што яшчэ раз яскрава дэманструюць апошнія прэзідэнцкія выбары.

 

У значнай ступені пераслед за выкарыстанне Пагоні і бел-чырвона-белага сцяга больш з’яўляецца інерцыйным, працягам сітуацыі сярэдзіны 1990-х, калі сапраўды існавала магчымасць для палітычнай мабілізацыі людзей і існавала нейкая небяспека для ўсталяванага палітычнага ладу. Але зараз гэтыя сімвалы не выконваюць той ролі, як раней, не мабілізуюць на палітычную барацьбу, а калі і мабілізуюць, то не ў той ступені, каб быць сур’ёзнай небяспекай для дзяржаўнай сістэмы.

 

Апошнія хвалі выкарыстання гэтых сімвалаў паказваюць на іншую функцыю – людзі імкнуцца выкарыстоўваць Пагоню для вызначэння сябе ў культурным і нацыянальным плане,  а не для таго каб супрацьпаставіць сябе рэжыму Лукашэнкі. І гэта зразумела, бо магчымасці для палітычнай барацьбы фактычна вынішчаныя. Затое ёсць мажлівасць ісці альтэрнатыўным шляхам, паказваць сваю зацікаўленасць у гісторыі, выбудоўваць яркую адметную самаідэнтыфікацыю. Гэта патрэба адчуваецца, асабліва ў Беларусі, дзе працэс фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці па шэрагу прычынаў досыць складаны.

 

Знікненне палітызацыі як раз дазваляе зняць гэты раскол у грамадстве – мы бачым, што ў апошнія гады ўлады сталі значна больш нейтральна ставіцца да выкарыстання Пагоні, гэты герб усё больш уваходзіць ва афіцыйны ўжытак.

 

Даследванні падцвярджаюць, што большасць насельніцтва прымае афіцыйную лінію, дзе замацаванымі сімваламі, якія вызначаюць беларускую дзяржаўнасць у сучасным варыянце, з’яўляюцца актуальны герб і сцяг. Але ступень варожасці паступова змяншаецца, досыць вялікая частка людзей гатова прыняць і той, і другі набор сімвалаў.

 

Гэта цалкам нармальнае сужыццё, калі існуе афіцыйная дзяржаўная сімволіка і поруч – нацыянальная, што адсылае да праекту ідэнтычнасці, адметнай гісторыі, мовы і г.д. Гэта суіснаванне не сведчыць пра раскол нацыі, а толькі паказвае на шлях ускладнення нашых уяўленняў пра саміх сябе.  

 

– То бок, вы лічыце, што адначасовае суіснаванне ў дзяржаве двух гербаў, сцягаў цалкам магчыма?

 

– Асабіста для мяне было б лепш, каб не было рэферэндуму 1995-га года, тады сітуацыя выглядала б больш арганічна. Але я зараз выступаю з прагматычнай пазіцыі.

 

Ліквідаваць вынікі рэферэндуму ў дадзенай сітуацыі складана, і ў бліжэйшай будучыні наўрад ці гэта здарыцца. Калі казаць пра стратэгію, як жыць і існаваць у бліжэйшай перспектыве, калі няма палітычных механізмаў змены тых рашэнняў, гэта найбольш добры варыянт: суіснаванне афіцыйнай сімволікі, якая выконвае адны функцыі, і нацыянальнай – з іншымі функцыямі.

 

Дзяржаўная сімволіка вызначае нас як дзяржаву, Рэспубліку Беларусь, якая мае свае інстытуты, сваё афіцыйнае прадстаўніцтва ў свеце. А нацыянальная сімволіка вызначае нас як нацыю, якая мае сваю культуру, гісторыю, мову.

Герб Пагоня, зняты з Дома ўрада пасля рэферэндуму ў 1995 г.


“Мы мусім паважаць сваю мінуўшчыну”

 

– Як вы адносіцеся да сучасных спробаў інтэрпрэтацый сімвалаў? Напрыклад, калі вершнік на Пагоні ператварыўся ў вершніцу?

 

– Мая асабістая пазіцыя больш кансерватыўная. Натуральна, гаворка можа ісці пра тое, каб набліжаць гісторыю да сучаснасці. З моладзю трэба размаўляць актуальнай мовай, бо традыцыйныя механізмы грамадзянскай адукацыі могуць быць замшэлымі. Але ёсць рэчы, з якімі не варта гуляць.

 

Гэта можа быць даравальна сучаснаму мастацтву, якое існуе за кошт выкліку агульнапрынятым канвенцыям і дзякуючы правакацыям набывае сілу. Але калі мы кажам пра сферу публічнай культуры і грамадзянскай адукацыі, то справа выглядае інакш. Калі мы пазначаем сімвал як нацыянальны, што адсылае да агульнага мінулага, які павінен нас аб’ядноўваць, які нясе з сабою комплекс эмацыйных пачуццяў, то варта мець да яго долю пашаны. Мы мусім паважаць сваю мінуўшчыну. Гэта адносіцца і да нацыянальнага канону, да тых сімвалаў, якія маюць сваю ўстойлівую традыцыю выкарыстання, што відавочна адносіцца і да герба Пагоня.

 

Калі з гербам гуляюцца людзі, якія спрабуюць папулярызаваць нацыянальную культуру, то гэта не лепшы шлях, ён разбурае тыя падставы, на якіх будуецца нацыянальная індэнтычнасць.

 

– Ці патрэбна сімвалы абараняць заканадаўча?

 

– Зразумела, якім чынам абараняць матэрыяльную спадчыну – гэта прапісана комплексам прэвентыўных мераў і пакаранняў.  Але іншая справа – нематэрыяльная спадчына. Здаецца, як можна абараніць той жа самы герб? Тут павінна мецца на ўвазе не палітыка забаронаў і пераследаў, а сістэма пазітыўнай падтрымкі. Калі мы вылучаем нейкі канон нашай спадчыны, які для нас важны і істотны, мы мусім найперш займацца яго захаваннем і распаўсюдам праз трансляцыю і пашырэнне ведаў. У гэтым і павінна заключацца роля дзяржавы, якую яна ў дадзены момант выконвае вельмі нясмела.

Фота Сяргея Гудзіліна

 

Даведка. Згодна даследванню НІСЭПД, на пытанне “На Вашу думку, якія дзяржаўныя сімвалы (герб, сцяг) больш адпавядаюць гістарычнай і культурнай спадчыне беларускай нацыі – якія існавалі з 1991 па 1995 год (з гербам “Пагоня”) або цяперашнія (якія нагадваюць сімвалы БССР)?” у чэрвені мінулага года за прасавецкія сімвалы выказалася 54,9% рэспандэнтаў, за якія сыходзяць каранямі ў больш глыбокую гісторыю – 31,7%.

 

Пры гэтым паказальна, што за БЧБ і “Пагоню” выступаюць пераважна маладыя, адукаваныя. Сярод штодзённых карыстальнікаў інтэрнэту гэтыя сімвалы перамагаюць – 43,4% супраць 42,8%.

 

Красамоўныя лічбы пры адказе на пытанне “Калі б Расія далучыла да сябе ўсю Беларусь або яе частку, як бы Вы дзейнічалі?” сярод адэптаў прасавецкай сімволікі гатовыя са зброяй у руках біцца супраць акупацыі 34,7%, а сярод прыхільнікаў “Пагоні” і БЧБ – 60,2%.