Супраць каго збіраюцца ваяваць “воіны Хрыста”: як на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў “рускага свету”

На фота вышэй – інструктары “Казацкага спасу” злева направа: Пятро Зубацкі, Пятро Шапко, Сяргей Зубацкі. Праваруч — лейтэнант міліцыі Дзяніс Мішкель. За спінаю Сяргея Зубацкага — маёр міліцыі Павал Найда.

 

Вось, з аўтаматамі, Сяргей і Пятро Зубацкія — магчыма, браты.

 

Абодва яны не хаваюць сваіх поглядаў — іх старонкі Укантакце заваленыя імперскімі і расійскімі сцягамі, тэкстамі ў падтрымку баевікоў Данбаса. І картамі, дзе Беларусь пазначаная часткаю Расіі.

Скрыншот фота на старонцы Пятра Зубацкага.

 

Яны падпісаныя на суполку “Белоруссія Северо-­Западный край Россіі“, якая ўжо сваёй назваю цягне на крымінальны артыкул за заклікі да ліквідацыі Беларусі як дзяржавы.

 

Кантэнт гэтай суполкі складаюць беларусаненавісніцкія тэксты.

 

“Пазняк, Шушкевіч і Лукашэнка для мяне ў адным шэрагу — усе яны незалежнікі недаробленыя”, — піша адзін з сяброў гэтай суполкі.

 

Іншы разважае пра беларускую мову: “Як часта вы карыстаецеся гэтым га.ном”?

 

Пятро Зубацкі адказвае, што “сапсаванай палякамі рускай мовай? Ніколі!”.

 

Сяргей Зубацкі ж расказвае сваім сябрам пра тое, што дарма Лукашэнка “захапляецца ліцвінізмам” і што нібыта беларусы Гомельшчыны і Магілёўшчыны “воўкам вылі“, калі іх “гвалтоўна” далучалі да БССР у 1926 годзе.

 

Словам, Зубацкія — патэнцыйныя сепаратысты, якія таго і не хаваюць.

Злева направа за кадэтамі: маёр міліцыі Павел Найда, «казакі» Пятро Зубацкі, Сяргей Зубацкі. 


Фестываль славянскіх адзінаборстваў на адзін дзень прынес у Гродна “Русский мир”


Інструктары

 

А вось мы бачым Зубацкіх на фота сярод падлеткаў.

 

На некаторых дзецях — чорны берэт.

 

Гэта фота з палявых вучэнняў выхаванцаў клубаў “Славяне” і “Дружына” — гэтак званых “праваслаўных вайскова­патрыятычных” клубаў Гродзенскай епархіі.

 

Зубацкія тут — інструктары, якія прадстаўляюць структуру “Казацкі спас”.

 

Мы сталі разбірацца, хто яшчэ з дарослых на гэтых фотах. І былі шакаваныя, калі выявілі прынамсі двух афіцэраў міліцыі.


Чаму ў Гродне?

 

Гродзеншчына — самы каталіцкі рэгіён Беларусі. Доля праваслаўных вернікаў тут меншая, чым у іншых абласцях. Але менавіта Гродзенская епархія лідзіруе ў іншым — актыўнасцю ў стварэнні гэтак званых “вайскова-­патрыятычных” клубаў.

Лейтэнант міліцыі Мішкель (злева) і протаіерэй Яўген Павяльчук (справа), стваральнікі клубаў “Славяне” і “Дружына”.

 

У вобласці іх дзейнічае аж пяць.

 

Гэта “Дружына” пры храме Богаяўлення ў Шчучыне, “Славяне” пры Свята­-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна, “Віцязі” пры Свята-­Уладзімірскай царкве ў Гродне, “Белая Русь” пры храме Святога дабраславёнага князя Аляксандра Неўскага ў вёсцы Верцялішкі і клуб “Братэрства” пры храме ў гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых горада Гродна.

 

Акрамя Гродна, праваслаўныя вайскова-­патрыятычныя клубы зафіксаваныя ў Віцебску, Слоніме, Брэсце, Тураве, Беразіне, Магілёве, Гомелі, Полацку, Бабруйску. Усяго іх 14.

 

Мы мірная, спакойная краіна. Ніякіх пагроз праваслаўю няма, у краіне ўжо сотні гадоў не было ніякай міжрэлігійнай варожасці. Нашто праваслаўным ваенізаваная падрыхтоўка?

Яўген Павяльчук прычашчае малалетняга ўдзельніка збораў

 

“Наша Ніва” датэлефанавалася да протаіерэя Яўгена Павельчука, які ў Гродзенскай епархіі адказны за супрацу з вайсковымі структурамі і з’яўляецца заснавальнікам “Славян” і “Дружыны”. Першы раз, пачуўшы, адкуль яму тэлефануюць, Яўген сказаў “до свіданія”, але пасля таго, як яму пазванілі з прэс­-службы епархіі, усё ж пагадзіўся пагаварыць.

 

“Мы вучым дзяцей патрыятызму, патрыятызму беларускаму, — сказаў Павяльчук, — і калі вы ацэньваеце гэтую працу толькі па карцінках у інтэрнэце, то гэта не правільна. Трэба ведаць працу клубаў знутры. Нам крыўдна, што вы вінаваціце нас у тым, у чым мы не вінаватыя. Мы рыхтуем веруючых грамадзян Беларусі”.

 

На пытанне, ці не бачыць ён пагрозы беларускаму патрыятызму ў тым, што з дзецьмі займаюцца адкрытыя расійскія шавіністы, Павяльчук сказаў, што такога няма, і абвінаваціў нас у хлусні. Аднак змяніў тон, калі мы прыгадалі яму фотасправаздачы, змешчаныя на сайце арганізацыі “Казацкі спас”.

 

“Ну было, так, яны [інструктары Шапко] адзін раз бралі ўдзел у палявым выхадзе, і што? Не бачу абсалютна нічога адмоўнага”, — сказаў Павяльчук.

 

“Вырасцеце воінамі Хрыста”

 

У мілітарызаваныя суполкі набіраюць збольшага “цяжкіх”, агрэсіўных падлеткаў. Дзеці 4 разы на тыдзень наведваюць заняткі, дзе з імі праводзяць духоўныя гутаркі, але таксама вучаць рукапашнаму бою, стральбе з аўтаматаў і пісталетаў, навыкам выжывання, асновам медычнай дапамогі.

Проста 13-гадовыя пацанчыкі з аўтаматамі.

 

Непаўналетніх сяброў гэтых “клубаў” больш за 100 чалавек.

 

Адзін-­два разы на месяц дзеці разам з інструктарамі выпраўляюцца ў лес, каб праверыць тэорыю на практыцы — пад выбухі штучных гранат яны гуляюць у страйкбол і адпрацоўваюць паводзіны ў баявых сітуацыях.

“Мы чакаем плёну, спадзяёмся, што ўсе вы вырасцеце годнымі воінамі Хрыста”, — такія словы благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пастарняка на адрас кадэтаў прыводзіць сайт Church.by. (на момант публікацыі спасылка не працавала і старонка захавалася толькі ў кэшы гугла. Таму вось яшчэ і скрыншот)


Чорныя берэты

 

 У “клубах” епархіі ёсць і свае званні, аналагічныя вайсковым, а таксама найвышэйшая форма прызнання здольнасцяў — права насіць “чорны берэт”.

 

Каб атрымаць “чорны берэт”, выхаванец г.зв. “вайскова­патрыятычнага” клуба мусіць прайсці выпрабаванні накшталт спрошчанай здачы на “крапавы”: прабегчы 10 кіламетраў у поўнай выкладцы, прайсці паласу перашкодаў і адстаяць тры раўнды ў рукапашным баі з інструктарам.

 

Апроч таго, “чорныя берэты” бясплатна скачуць з парашутамі на базе Гродзенскага аэраклуба. “Яны непаўналетнія, таму мы з іх грошай не бяром, мы ж бюджэтная арганізацыя”, — сказалі “Нашай Ніве” ў аэраклубе.

 

Форма, харчаванне, пнеўматычная зброя — на ўтрыманне гэтых клубаў cыходзіць велізарная сума. Да прыкладу, кошт найтаннейшага патрыманага страйкбольнага аўтамата Калашнікава пачынаецца ад 120 даляраў.

 

Падчас прысягі дзеці клянуцца быць “вернымі чадамі Святой Рускай Праваслаўнай Царквы”.

Кадр з “прысягі”. Хлопцу з аўтаматам на выгляд гадоў дзесяць.


“Хто твае куміры?” — “Мікалай ІІ і Дзёмушкін”

 

Хто кіруе “Славянамі” і “Дружынай” — узгаданымі клубамі, на трэніроўкі якіх запрашаюць братоў Зубацкіх і іншых падобных “інструктараў”?

 

Клуб “Дружына” заснавалі святар Яўген Павяльчук і супрацоўнік Шчучынскага дэпартамента аховы Дзяніс Мішкель.

 

Потым протаіерэя Яўгена перавялі ў Гродна, дзе ён заснаваў яшчэ адзін клуб, “Славяне”. Неўзабаве ў Гродна перабраўся і Дзяніс Мішкель, стаўшы адначасова і інструктарам новага клуба, і старшым інспектарам аддзялення ідэалагічнай работы Гродзенскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС.

 

Яшчэ адзін інструктар клуба “Дружына” — начальнік аператыўна­-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС маёр міліцыі Павел Найда.

Мішкель і Найда ў міліцэйскай форме разам з кадэтамі

 

Хтосьці можа не адшукаць у гэтых клубах нічога кепскага. Усё ж фізічная нагрузка для падлеткаў. Але для чаго тыя расійскія сцягі? Чаму няма папулярызацыі поспехаў нашай краіны — Беларусі, праслаўлення нашых герояў — беларускіх, ушанавання нашай сімволікі — нацыянальнай ці дзяржаўнай, каму як падабаецца?

 

Вось, да прыкладу, скрыншоты са старонак выхаванцаў Дзяніса Мішкеля Укантакце.

“Хто твае куміры?” — пытаюцца ў аднаго з выхаванцаў Мішкеля на старонцы ў сацсетках. “Мікалай ІІ і Дзёмушкін”, — адказвае хлопец. (Зміцер Дзёмушкін — расійскі скінхэд, ідэолаг рускага нацыяналізму.)

 

Іншы хлопец змяшчае расійскі імперскі сцяг на сваёй старонцы побач з уласнымі фотаздымкамі.

Хто заклаў такія ідэі ў галовы падлеткаў, якія яшчэ не скончылі і школы? 


І рэклама РНЕ

 

Адміністратары суполкі “Праваслаўных вайскова­-патрыятычных клубаў Гродзенскай епархіі” Укантакце не саромеюцца выкладаць на сценцы суполкі расійскія сцягі. 

А на інтэрнэт­-старонцы клубаў “Славянін” і “Дружына”, якімі кіруе лейтэнант-­ідэолаг гродзенскай міліцыі Дзяніс Мішкель і маёр Найда, увогуле змешчаная рэклама… баевікоў РНЕ! У ёй добраахвотнікаў запрашаюць на вайну “ў абарону рускіх на тэрыторыі былой (!) Украіны”.

Афіцыйнай беларускай сімволікі ў суполках няма ўвогуле.


Ад каго “спасаць” збіраюцца?

 

Зубацкія належаць да дарослай арганізацыі “Казацкі спас”.

 

З кантэнту ў суполцы “Казацкага спасу” ў сацсетках вынікае, што гэтыя людзі проста прагнуць далучыцца да Расіі. Хоць арганізацыя падае сябе як “беларускіх казакоў”, у іх суполцы толькі расійскія і імперскія сцягі, да якіх далучаныя запісы накшталт “Мы — рускія, з намі Бог”.

На іх сайце з’яўляюцца і справаздачы аб удзеле сяброў “Казацкага спасу” ў маскоўскіх семінарах. 

 

Карэспандэнты “Нашай Нівы” яшчэ дзесяць гадоў назад, робячы журналісцкія расследаванні, назіралі, як на аналагічныя сустрэчы масава вазілі і будучых кіраўнікоў баевікоў Данбаса.

 

Дарэчы, кіраўнік “Казацкага спасу” Пятро Шапко — часты госць на ток-­шоу Гігіна. Праўда, у Вадзіма Францавіча яго прэзентуюць не як “казака”, а як кіраўніка ініцыятывы “Горад без наркотыкаў”.

 

Адзіныя казакі ў беларускай гісторыі 

 

У старадаўняй Беларусі казакоў ніколі не было, у даўнія часы яны былі ва Украіне, а нашы продкі лічылі іх бандзюгамі, якія сеюць хаос

 

Адзіным мясцовым выключэннем сталі казакі палкоўніка Паклонскага на Магілёўшчыне, што ўзніклі пад уплывам казацтва Багдана Хмяльніцкага ў часе вялікай вайны Рэчы Паспалітай, Масковіі, Швецыі і Запарожскай Сечы у 1648—1654 гадах. Спачатку яны дапамаглі маскоўскаму цару захапіць Магілёў, а калі раскусілі характар саюзнікаў, уначы перарэзалі расійскі гарнізон да апошняга чалавека.


Хто такія сённяшнія “казакі”?

 

Сучасныя “казацкія” арганізацыі Беларусі — гэта сумнеўнага паходжання мілітарызаваныя суполкі. Іх некалькі: “Усебеларускае казацтва”, “Нёманскае казацтва”, “Казацкі спас” ды іншыя.

Нядаўні хросны ход сучасных “казакоў” у Сапоцкіне.

 

Ні адна з іх не мае дачынення да сапраўднага, гістарычнага казацтва. Але мэты найбольш радыкальных з іх мала розняцца ад мэт колішніх баевікоў РНЕ — радыкальнай арганізацыі, дзейнасць якой беларускія спецслужбы спынілі ў сярэдзіне 2000-­х.


Небяспечныя сувязі

 

Бачылі кадры з Данбаса, у што там ператварылі багаты край? Тое самае зробяць і з Беларуссю, калі мы будзем дурнямі.

 

Ці звязаныя нечым між сабой, акрамя ідэйнай блізкасці, кіраўнік “Казацкага спасу” Шапко і афіцэры беларускай міліцыі Мішкель і Найда? Ці гэта проста выпадковасць і магчымасць такім чынам “асвойваць” сродкі, што паступаюць ад няясных расійскіх структур па каналах РПЦ? Мы не маем адказу на гэтае пытанне.

 

Дзяніс Мішкель падчас размовы з журналістам “НН” сказаў толькі, што “не разумее, пра што ідзе гаворка”, і кінуў трубку.

 

Калі беларускіх дзяцей у 10 гадоў аддаюць на “выхаванне” інструктарам, якія не прызнаюць беларусаў за нацыю, якія былі б рады ліквідацыі Беларусі як дзяржавы, то што гэта калі не бомба запаволенага дзеяння? Прыкра, што гэтаму свядома ці несвядома спрыяюць і асобныя праваслаўныя святары, і дзейсныя супрацоўнікі беларускай міліцыі.

 

Крыніца: nn.by