Школа, аспірантура, коледж АБСЕ і кнігі. Чым займаюцца звольненыя гарадзенскія выкладчыкі?

Пасля інфармацыі пра адкрыццё Цэнтру Беларускіх Студыяў пры Варшаўскім універсітэце, зноў абудзілася цікавасць да звольненай гарадзенскай прафесуры. Згодна з задумай аўтараў, Цэнтр акурат і мае на мэце мабілізаваць звольненую інтэлігенцыю для працы на карысць беларускай навукі.

 

Дык хто са звольненых выкладчыкаў зараз чым займаецца і дзе?

 

Іна Соркіна – гісторык, даследчыка гісторыі беларускіх жыдоў і мястэчак – звольненая ў студзені 2014. Не пераабраная на пасаду дацэнта. Супраць Соркінай выказаліся 15 з 23 чальцоў Рады факультэту.


Іна Соркіна не сыходзіла з прафесіі канчаткова і працягвае выкладчыцкую дзейнасць – зараз, праўда, ужо толькі на паўстаўкі ў школе. Разам з калектывам аўтараў пад кіраўніцтвам Захара Шыбекі працуе над манаграфіяй “Гісторыя гандлю”.

 

Прызнаецца, што сувязі з калегамі з ГрДУ практычна абарваліся за рэдкім выключэннем. Тым не менш, да новага жыцця спадарыня Іна цалкам адаптавалася, нават лічыць яго больш актыўным і цікавым:


– Дагэтуль засмучае факт здрады і подласці тых, хто прагаласаваў за звальненне, – распавядае Соркіна. –  Асадак застаўся назаўсёды. Наогул жа ГрДУ для мяне ўчорашні дзень, у гэтай гісторыі я паставіла кропку.


Таццяна Касатая – гісторык, даследчыца пратэстанцкага руху ў БССР – звольненая з аспірантуры ГрДУ у верасні 2011. Такім чынам Таццяне прыгадалі ўдзел у леташняй прэзідэнцкай кампаніі ў камандзе Някляева.


Таццяна Касатая навучаецца ў аспірантуры Інстытуту славістыкі Польскай Акадэміі Навук. Працягвае працу па вывучэнні рэлігійнай палітыкі пасля вайны ў БССР. Да таго ж яшчэ і ўдзельнічае ў праекце “Беларускі архіў вуснай гіторыі”: ездзіць у экспедыцыі ды апрацоўвае запісы. Таццяна актыўна піша артыкулы ды працягвае працу ў турыстычнай сферы.

 

Да тых, хто яе ў свой час выкінуў з універсітэту, Касатая ставіцца нават паблажліва:


– Я разумею, што яны мелі выбар: альбо кагосці, альбо – іх самых. Яны гэты выбар зрабілі на сваю карысць. Нікога не асуджаю, стаўлюся нейтральна, – кажа яна. Разам з тым, дадае з сумам: – Зараз ва ўніверсітэце не засталося выкладчыкаў, з якімі можна было б сустрэцца, пагутарыць. За тым, што робіцца ва ўніверсітэце, сачу, але не паглыбляюся. Больш нават цікаўлюся Берасцейскім і Віцебскім універсітэтамі, хоць жыву тут, у Гродне.


Вячаслаў Швед – гісторык, даследчык гісторыі Гродна, беларускіх масонаў, “дзекабрыстаў” і інш. – звольнены ў красавіку 2014. Не пераабраны Радай факультэту на пасаду прафесара. Звальненне назваў помстай за знакаміты ўжо падручнік “Гродназнаўства”.


Вячаслаў Швед, як аказалася, сам актыўна бярэ ўдзел у арганізацыі Цэнтру беларускіх студыяў, займацца навуковай і выкладчыцкай дзейнасцю. На павестцы дня ў Вячаслава Вітальевіча праца над грунтоўнай трохтомнай (!) энцыклапедыяй, прысвечанай гісторыі Гродна. Тамы маюць быць падзеленыя па прынцыпе: палітыка, эканоміка, культура. Такі ўсеабдымны твор, як мяркуе спадар Вячаслаў, мае падняць Гродна на еўрапейскі ўзровень.

 

Швед кажа, што ўжо прабачыў тых, хто яго звальняў з універсітэту, і наўпрост спачувае былым калегам:


– Так, мне было цяжка, асабліва ў першы час. Ляжаў нават у шпіталі. Але – перажыў! Бо разумны чалавек ніколі не прападзе, я лічу.


Ігар Кузьмініч – юрыст – у красавіку 2014 сам напісаў заяву з просьбай аб звальненні ў адказ на кампанію “чысткі” ГрДУ. Папярэдне адзначаўся ціск ва ўніверсітэце на адзінага беларускамоўнага выкладчыка на Юрыдычным факультэце.


Ігар Кузьмініч прызнаецца, што сфера яго зацікаўленасцяў значна “скарэктавалася” пасля звальнення:


– Як міжнародны эксперт (International Trainer Adviser) я далей выкладаю. Праўда, працую пераважна для міжнародных арганізацый, напрыклад, для коледжу памежных службаў АБСЕ у Таджыкістане. Дысцыпліны не надта змяніліся: зараз гэта “Міжнародныя стандарты ў галіне правоў чалавека” для афіцэраў памежных войскаў (у тым ліку для афіцэраў з Беларусі).

 

Кузьмініч кажа, што акрамя гэтых, блізкіх да яго, заняткаў, з’явіліся і новыя сферы: аналіз арганізацыйнага патэнцыялу юрыдычных асоб, стратэгічнае планаванне, кансалтынг. Да таго ж даводзіцца шмат падарожнічаць. Асноўныя напрамкі – Сярэдняя Азія, Заходняя і Цэнтральная Еўропа.

 

З такім тэмпам працы за жыццём ГрДУ і сачыць няма калі:

 

– Чытаю пра ўніверсітэт толькі калі выпадкова траплю на нейкую інфармацыю, – прызнаецца Кузьмініч. – З апошняга – скандал з фактычнай забаронай на выкладанне па-беларуску ў сувязі з тым, што замежнікі навучаюцца не ў асобных групах, як гэта і павінна быць, а разам з беларусамі ў тых самых групах.

 

Кузьмініч кажа, што сваіх недабразычліўцаў прабачыў, што вызваліла яго ад цяжару мінулага ды ад гэтых асобаў персанальна:

 

Я ні аб чым не шкадую. Я радуюся, што абраў адзіна правільны шлях, хоць можа самы складаны… Але зараз, як і раней, – паважаю сябе, па-новаму ўладкаваў сваё жыццё і займаюся справай якую люблю і якую ведаю.

 

Святлана Куль – гісторык, даслечыца храналогіі – звольненая ў снежні 2014. Падстава – сканчэнне тэрміну дамовы: “Кантракт на 0,25 стаўкі не аднавілі. Кажуць, не адпавядаю” – напісала тады Свтялана ў сваім фэйсбуку.

 

Святлана Куль працуе прафесарам на факультэце менеджменту ў Беластоцкай палітэхнічнай акадэміі, выкладае гісторыю культуры. Тут жа мае кватэру ад палітэхнікі, годны заробак і сацпакет.


– Нарэшце ёсць час заняцца навукай, бо не загружаюць фармалістыкай. Рыхтую чарговую манаграфію, у плане яшчэ адна. Сумую па Гродна, але не па ўніверы – па сябрах і вучнях.

 

Манаграфія, пра якую ідзе размова, гэта “Гадзіны і гадзіннікі” у суаўтарстве з Андрэем Кіштымавым. Там чытач знойдзе працяг тэмы храналагічнай праблематыкі, якой і раней займалася спадарыня Святлана.


– …З тыж жа, хто звальняў, шкадую аб страце акадэмічнага твару толькі адным чалавекам, – не без суму дадае Святлана. – Я заўсёды яго глыбока паважала, шкада, што яго зламалі. Астатніх – хай Бог прабачыць.


align=”” alt=”Андрэй Чарнякевіч” width=”720″ height=”515″ >

Андрэй Чарнякевіч – гісторык беларускага нацыянальнага руху, даследчык Гродна, выкладаў эканоміку – звольнены ў верасні 2012. Афіцыйная фармулёўка – “неаднаразовыя спазненні на працу”. Пазней кіраўнік вобласці Сямён Шапіра прызнаўся, што такое рашэнне прыняў ён асабіста.


Андрэй Чарнякевіч, чыё выгнанне з ГрДУ па асабістым загадзе Шапіры было адным з найгучнейшых, зараз з іроніяй канстатуе, што фактычна жыве “ў аўтобусе паміж Горадняй і Познанню”. Такі графік звязаны з навучаннем у Польшчы.


– Ідзе апошні год маёй дактарантуры на паліталагічным факультэце Познаньскага ўніверсітэту. Але ў Польшчу не пераязджаў, што вы.

 

За апошнія пару год свет пабачыла некалькі кніг аўтарства Чарнякевіча. Прэзентацыя апошняй – “Нараджэнне беларускай Гародні” – акурат мае адбыцца днямі.

 

Наконт Цэнтру Беларускіх Студыяў Чарнякевіч зазначыў, што спадзяецца, што гэта будзе менавіта цэнтр даследчыкаў, а не выгнанцаў.

 

На пытанне пра Гродзенскі ўніверсітэт і ўсю гісторыю з выгнаннем, Андрэй адказаў коратка:

 

Не варта жыць старымі крыўдамі.


Генадзь Семянчук – гісторы і археолаг – звольнены ў студзені 2015 году. Падстава — артыкул 36 пункт 2 Працоўнага кодэкса: сканчэнне тэрміну дамовы.


Генадзь Семянчук падчас размовы з усмешкай назваў сябе “татальна беспрацоўным”. Бліжэйшчым часам ён плануе зарэестравацца ў падаткавай інспекцыі як асоба, што аказвае адукацыйныя паслугі: рэпетытарства, кансультацыя для навуковых працаў. Большасць часу Семянчук прысвячае чытанню літаратуры і падрыхтоўцы тэкстаў аб Беларусі ІХ-ХІІІ стст.


– Як стаўлюся ды былых калегаў? Вельмі злосна! Так і напішы, – прызнаецца спадар Генадзь. – Пасля звальнення са мной проста перасталі кантактаваць. Два разы хіба пазваніў археолаг Аляксандр Дабрыян, два ці тры – загадчык кафедры Сяргей Піваварчык. І усё!

 

За жыццём у ГрДУ Семянчук па мажлівасці сочыць, але глядзіць на сітуацыю з жалем:


– Студэнты, якія працягваюць навучацца, мне распавядаюць, што там ды як. Татальная дэградацыя і прыстасавальніцтва. Беларуская мова цалкам знікла з аўдыторыяў. Дэкану Нечухрыну да лёсаў людзей няма аніякай розніцы… Інакш як безкультур’ем назваць усё гэта цяжка. Карацей, тыповы “русский пейзаж”… або “русский мир”, як зараз кажуць!


Фота Вольгі Мілавай