Падрыхтоўка да хабару, злоўжыванне ўладай і дыскрэдытацыя галіны. У Гродне судзяць былых кіраўнікоў “Беллегпрама”
Венскоўская і Сучкоў знаходзяцца пад вартай з лютага 2014 года, калі іх затрымалі. Разоўскага выпусцілі пад падпіску ў жніўні 2015 года. Гучную справу разглядаюць у Гродне па рашэнні Вярхоўнага суда.
Рэальнага хабару не было, але планы былі амбітныя
У справе фігуруюць два планы атрымання хабару. Па версіі следчых, Сучкоў цягам некалькіх гадоў спрабаваў праз мадэрнізацыю мінскага прадпрыемства “Сукно” атрымаць для сябе мільён еўра за карысныя для партнёраў вынікі тэндару. За падобныя “паслугі” Венскоўская хацела атрымаць 36 тыс. еўра. У абодвух выпадках фігуруюць кампанія “Флексамір” і беларускае прадстаўніцтва нямецкай кампаніі “Конвекс інтэрнэйшнл”. Апошняя займаецца пасрэдніцтвам у закупцы тэхнікі ў Еўропе.
Будучы дырэктарам мінскага ААТ “Сукно”, Міхаіл Сучкоў падрыхтаваў конкурс на пастаўку новага абсталявання для прадпрыемства. Як лічыць абвінавачанне, перад гэтым ён пазнаёміўся з Віталём Разоўскім з “Флексаміра” і адным з кіраўнікоў “Конвекса” Галавенкам. Апошняму Сучкоў паабяцаў перамогу ў тэндары ўзамен за ўзнагароду памерам у мільён еўра.
Восенню 2012 конкурса сапраўды адбыўся, а пераможцам абвесцілі “Конвекс”. У кастрычніку Сучкоў ад імя “Сукна” падпісаў пратакол аб намерах, у якім фігуравала цана новага абсталявання – амаль 16,7 млн еўра. Аднак назіральны савет прадпрыемства не спяшаўся зацвярджаць здзелку. У лістападзе ён двойчы адмаўляў па прычыне адсутнасці грошай і адсутнасці эканамічнага абаснавання. Таксама савет палічыў, што існуючы бізнес-план мусіць быць дапрацаваны.
Тым часам, у снежні 2012, Сучкова прызначылі старшынёй усяго “Беллегпрама”. Карыстаючыся новай пасадай, у студзені 2013 ён накіраваў прадстаўнікам дзяржавы ў назіральным савеце ліст, дзе патрабаваў галасаваць за падпісанне дамовы з “Конвексам”. Але і тады рашэнне не было прынята – яго адклалі да агульнага сходу акцыянераў.
Каб атрымаць сродкі на закупку абсталявання, Сучкоў паспрабаваў атрымаць дзяржаўную падтрымку. У красавіку 2013 ён даслаў у Міністэрства эканомікі экспертнае заключэнне па бізнес-плану. Праз месяц з міністэрства прыйшоў адказ: дакументы былі пададзеныя з парушэннем шматлікіх распараджэнняў, што рэгулююць распрацоўку бізнес-планаў і інвестпраектаў. У тым ліку прапанаваная мадэрнізацыя наўпрост не дазваляла забяспечыць акупаемасць праекта. Тады ў чэрвені Сучкоў узгадніў зменены бізнес-план. У той самы час ён ініцыяваў распрацоўку і прыняцце ўказа прэзідэнта “Аб некаторых пытаннях ААТ Сукно”.
У студзені Сучкоў спрабаваў адхіліць ад кіраўніцтва ААТ “Сукно” в.а. гендырэктара Наталлю Рэўт. Ён у пісьмовай форме загадаў прадстаўнікам дзяржавы ў назіральным савеце прадпрыемства галасаваць за звальненне Рэўт, бо яна адмаўлялася дзейнічаць згодна з яго інструкцыямі і замінала яго планам. У выніку Рэўт сапраўды знялі з пасады.
Мільёна не атрымаў, затое адпачыў на Канарах
Пра тое, якім чынам ён стараецца вырашыць пытанне пастаўкі абсталявання, Сучкоў расказваў прадстаўніку “Конвекса” Галавенку ў час сустрэчы ў адным з мінскіх кафэ. Там жа, як лічыць следства, ён расказваў камерцыйныя таямніцы “Сукна”.
У верасні 2013 года Сучкоў з жонкай і сынам адпачываў у прыватным пансіёне ў Германіі, у лютым 2014 – на Канарскі выспах. Як высветліла следства, абодва адпачынкі аплаціла кампанія “Конвекс”. Абвінавачанне лічыць, што такім чынам кіраўніцтва кампаніі хацела адплаціць Сучкову за спробы вырашыць тэндар на іх карысць. Агульны кошт паездак – крыху больш за 2300 еўра. І гэта ўсё, што рэальна атрымаў Сучкоў. Яго затрымалі праз тры дні пасля вяртання з Канараў па падазрэнні ў падрыхтоўцы да атрымання хабару.
Сучкова абвінавачваюць па ч.1 арт.14 і ч.1 арт.430 (замах на атрыманне хабару), а таксама па ч.3 арт.424 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі). Па словах пракурора, дзеянні Сучкова таксама дыскрэдытавалі “Беллегпрам” і ўсю гэтую галіну ў Беларусі на міжнароднай арэне.
“Дапамагла” выправіць конкурсныя дакументы
“Апетыты” дырэктаркі Слонімскай фабрыкі Валянціны Венскоўскай, пра якія заявіла абвінавачанне, значна меншныя – 36 тыс. еўра. Іх яна, як і Сучкоў, не атрымала. Яе затрымалі па падазрэнні ў падрыхтоўцы да атрымання хабару.
Венскоўская восенню 2013 года пазнаёмілася з адным з удзельнікаў ТАА “Флексамір” Кузьмічом. Ведаючы пра патрэбу фабрыкі ў мадэрнізацыі, яна расказала, што мусіць асабіста з’ездзіць у Італію, каб пабачыць там новае абсталяванне. У верасні такая паездка адбылася.
Венскоўская пераканала Кузьміча, што можа сама вырашыць пытанне пра пакупку абсталявання (комплекс для фарбавання), хоць фармальна і будзе праведзены конкурс. За гэта яна хацела 3% ад цаны тэхнікі – 36 тыс. еўра ад 1,2 млн еўра. Кузьміч паабяцаў ён выдзеліць такія сродкі з кошту абсталявання, але потым ад удзелу ў справе адмовіўся.
У тым жа месяцы ў рэстаране “Поющие фонтаны” ў Мінску Кузьміч пазнаёміў Венскоўскую з вышэйзгаданым Галавенкам з “Конвекса”. У кастрычніку 2013 года, як лічыць следства, Венскоўская па тэлефоне расказала Галавенку камерцыйную таямніцу: паведаміла, пра хуткае аб’яўленне конкурса на пастаўку фарбавальнага абсталявання і пераканала, што асабіста можа вырашыць яго вынік. Праз шэсць дзён яна зацвердзіла аб’яўленне конкурса і стварэнне конкурснай камісіі.
Камісія высветліла, што прапанова “Конвекса” істотна парушае патрабаванні тэндара. Тады Венскоўская ўмяшалася ў працу камісіі і пераканала старшыню, што трэба выконваць яе вусныя распараджэнні. Галавенку яна расказала чарговую камерцыйную таямніцу пра атрыманыя конкурсныя прапановы іншых фірм. Праз два дні “Конвекс” перадаў на фабрыку зменены пакет дакументаў, а Венскоўская, як лічыць абвінавачанне, сама дазволіла прыняць гэтыя дакументы.
Пазней дырэктарка падпісала новы загад аб стварэнні камісіі. У яе склад яна наўмысна ўключыла некампетэнтных асоб, такіх як бухгалтар або юрыст. У выніку 9 снежня 2013 года пераможцам конкурсу назвалі “Конвекс”, 30 снежня 2014 года была падпісаная дамова, у якой цана абсталявання была вышэйшай за цану прадпрыемства-вытворцы.
Прызнае сябе вінаватай толькі па дробным эпізодзе
Венскоўскую абвінавачваюць у падрыхтоўцы да атрымання хабару (ч.1 арт.13, ч.3 арт.430). Яна таксама, па словах пракурора, падарвала аўтарытэт дзяржпрадпрыемства, яго кіраўніка і галіны ў цэлым.
У Венскоўскай фігуруюць яшчэ два абвінавачанні. У час дзвюх камандзіровак у Італію і Германію ў 2013 і 2014 гадах яна прысвоіла 760 еўра за гасцініцы і пералёт. Хаця гэтыя расходы ўзялі на сябе прымаючы бок і той жа “Конвекс”, дырэктарка запэўніла бухгалтэрыю, што сама панесла такія расходы, і атрымала кампенсацыю. Гэта адзіны эпізод, па якім Венскоўская прызнае сябе вінаватай. Грошы фабрыцы яна ўжо вярнула.
Гэтаксама ў віну былой дырэктарцы ставяць тое, што ў сакавіку 2014 года, ужо пасля яе затрымання, у кацельнай фабрыкі развалілася труба. Венскоўская, як лічыць следства, не прымала адпаведных захадаў каб даследаваць стан трубы, цаглянай кладкі і катлоў, дазволіла атынкаваць трубу, што павялічыла нагрузку, схавала кладку і зрабіла немагчымым назіраць за станам трубы. Таксама на прадпрыемстве не было чалавека, адказнага за стан трубы і катлоў, іх не аглядалі прафілактычна вясной.
Цікава, што ў час затрымання Венскоўская рыхтавалася ісці на другі тэрмін у раённы савет дэпутатаў.
У адрозненне ад Сучкова і Венскоўскай, якія не прызнаюць сваёй віны ў справе хабараў, трэці абвінавачаны, Разоўскі з фірмы «Флексамір», цалкам і ва ўсім згаджаецца з дзяржабвінаваўцам.
З абвінавачання вынікае, што Разоўскі ўступіў у змову з Галавенкам, каб даць хабар Сучкову. Пры гэтым Галавенка чамусьці праходзіць у справе выключна яе сведка. Яго паказанні – адныя з істотных доказаў для абвінавачання.
У справе дзясяткі тамоў і сведкаў
Сярод доказаў па справе – паказанні некалькіх дзясяткаў сведкаў і пісьмовыя доказы, атрыманыя пасля вобшукаў у Беллегпраме, Сукне, Слонімскай фабрыцы, Конвексе, Флексаміры, па месцах жыхарства Сучкова, Венскоўскай, Разоўскага, Галавенкі і Кузьміча, пратаколы выемкі дакументаў з шэрагу міністэрстваў, вынікі праслухоўвання тэлефонных размоваў, назірання, слухавога кантролю. Усяго ў справе некалькі дзясяткаў тамоў – дакладна больш за 60.
Спачатку суд дапытае сведкаў і даследуе пісьмовыя матэрыялы. Толькі потым слова атрымаюць абвінавачаныя. Пры гэтым Сучкоў заявіў, што хацеў бы спачатку выступіць сам. Аб тым самым казала адвакат Венскоўскай. Яна звярнула ўвагу, што за час знаходжання пад вартай (1 год 8 месяцаў) змянілася абвінавачанне з атрымання хабару на падрыхтоўку да гэтага, таму і варта дапытаць спачатку былую дырэктарку.
У першы дзень былі дапытаныя сведкі Ефімчык і Плашчаніца. Першы працаваў у “Конвексе” цягам двух гадоў, дапамагаючы ў падрыхтоўцы дакументаў для тэндараў. Менавіта ён быў кур’ерам, які завез у Слонім выпраўлены варыянт конкурснай заяўкі. Другі быў в.а. абавязкі галоўнага інжынера ААТ “Сукно” ў той час, калі в.а. дырэктара была Рэўт, а Сучкоў намагаўся зацвердзіць здзелку з “Конвексам”.
Слуханні працягваюцца і сёння, 3 лістапада.