Твары і гісторыі. Частка 4-я, апошняя
Як і ў нас, працэс навучання дзеліцца на семестры. У канцы кожнага семестру студэнту прапануюць пералік прадметаў, па якіх пажадана здаць кантрольныя, залікі, экзамены і т.п. Калі студэнт адчувае, што не можа здаць гэта ў дадзеным семестры, то ён можа здаць у наступным. Такім чынам вучоба аўтаматычна расцягваецца і замест пяці гадоў навучання вы можаце вучыцца хоць дзесяць. Ніхто вас не выганіць.
align=”left” >Увогуле ў нямецкія ўніверсітэты паступіць даволі лёгка, але складана вучыцца з-за адносна вольнага працэсу навучання, таму ў канцы вучобы можаце сустрэць толькі 3-4 чалавекі з тых, хто вучыўся з вамі ў першым семестры. Сістэмы групавога навучання таксама няма. Па сваёй спецыяльнасці студэнт займаецца выключна са сваім навуковым кіраўніком, магчыма з гэтай прычыны сістэма спісвання на экзаменах тут не развіта. Увогуле спісванне на экзаменах лічыцца праяўленнем непавагі да сваіх калег па вучобе, ды і сэнсу спісваць няма, таму што экзаменатар усё роўна задае пытанні па тым, што напісана на лістку студэнта.
Нядаўна немцы заўважылі, што такая сітэма адукацыі разбэшчвае чалавека, які можа вучыцца бясконца і не спяшаецца працаваць. І паколькі насельніцтва Еўропы імкліва старэе, адпаведна не хапае працоўных рук, у тым ліку і ў Нямеччыне, то немцы вырашылі правесці рэформу адукацыі. Цяпер гэта будзе выглядаць наступным чынам: 3 гады – бакалаўр, 5 год – магістр.
У нямецкай сістэме адукацыі ёсць паняцці «доктар» і «прафесар». Аднак нямецкія званні доктара і прафесара не маюць прыпісак кшталту доктар матэматычных, гістарычных ці яшчэ які-небудзь навук, яны проста павышаюць сацыяльны статус чалавека ў грамадстве. Напрыклад, на прыёме ва ўрача, да вас будуць ставіцца значна лепш, чым да таго, хто не мае такога звання.
Вышэйшая адукацыя ў Нямеччыне, у параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі ды нават з Беларуссю, можна сказаць бясплатная. Кожны, хто атрымлівае адукацыю ў нямецкіх ВНУ, плаціць за навучанне 300-400 еўра ў год. У гэтую суму ўваходзіць кошт студэнцкага білета (150 эўра), які дазваляе не толькі бясплатна карыстацца грамадскім транспартам, але мець зніжкі, бясплатна хадзіць у музеі, тэатры і т.п.
У Нямеччыне дастаткова часта на вуліцах можна ўбачыць маладых татаў, а не мамаў, якія гуляць са сваімі дзецьмі. Справа ў тым, што калі жанчына ідзе ў дэкрэтны адпачынак, яна атрымлівае падтрымку ад дзяржавы ў памеры 67% ад апошняга заробку. А паколькі, як правіла, мужчыны зарабляюць больш, то звычайна яны ідуць у адпачынак па даглядзе за дзіцёнкам, а мама працуе і, у нейкай ступені, мае магчымасць зрабіць сабе кар’еру.
Увогуле пасля дэкрэтнага адпачынку дзяржава выплочвае на кожнае дзіця па 160 эўра. Цягнецца гэта да таго моманту, пакуль дзіцяці не споўніцца 25 год. Канечне, тое, як сям’я распараджаецца такой фінансавай падтрымкай, строга адсочваецца, і калі бацькі, якія выхоўваюць дзіця, – п’яніцы, то дзяржава не плаціць гэтую суму, а аказвае дапамогу вопраткай, прадуктамі і іншымі неабходнымі рэчамі. Для дзяцей падлеткавага ўзросту, якія знаходзяца ў падобнай сітуацыі, адкрываецца асобны рахунак, куды пералічваюцца грошы, таму разбагацець нікому за кошт сваіх дзяцей не ўдаецца.
У Нямеччыне цікавая сітуацыя з настаўнікамі. Раней настаўнікі ад самага пачатку сваёй педагагічнай дзейнасці ўводзіліся ў ранг чынавенства, што давала ім правы на пэўныя льготы, сацыяльныя гарантыі, атрыманне рознага віду крэдытаў. У выніку бабуля-пенсіянерка, якая працавала настаўніцай, магла, напрыклад, купіць свайму ўнуку новую машыну маркі «Порш».
Зараз сітуацыя змянілася. Ранг чынавенства настаўніку трэба заслужыць. Зрабіць гэта не проста, бо трэба сябе праявіць не толькі ў прафесійнай дзейнасці, але і падыходзіць па пэўных медыцынскіх паказчыках. Напрыклад, людзі здольныя да атлусцення, хворыя на цукровы дыябет і т.п. наўрад ці трапяць у ранг чынавенства.
Дарэчы, супрацоўнікі бюджэтнай сферы, калі параўнаць з сітуацыяй у Беларусі, атрымліваюць дастаткова высокія заробкі, на якія яны могуць нармальна жыць, а не існаваць.
Пенсіянеры ў Нямеччыне жывуць па такім ж прынцыпе, як і ў нас. Выплата пенсій ажыцяўляецца ў залежнасці ад таго, які заробак меў чалавек, калі працаваў, і які стаж працы. Сустракаюцца выпадкі, калі людзі атрымліваюць настолькі мізэрныя пенсіі, што не ведаюць, як на іх пражыць. Дарэчы, пенсійны ўзрост у Нямеччыне пачынаецца з 67 гадоў для мужчын і жанчын, раней быў з 65.
Эканоміка дзяржавы трываецца не толькі за кошт буйной прамысловасці, але і за кошт вялікіх падаткаў. Усе працаздольныя людзі кожны месяц аддаюць у дзяржаўную казну 38% ад уласнага заробку, студэнты, якія вучацца і паралельна працуюць, – 12% ад заробку. Калі здараецца, што фірма, на якой працаваў чалавек, становіцца банкротам, то звольненым працаўнікам даюць даволі добрую грашовую падтрымку, за кошт якой можна нармальна жыць. Але такая сістэма прыводзіць да ўтрыманства. Людзі прывыкаюць да таго, што грошы проста так трапляюць у кішэню, таму нават не спрабуюць уладкавацца на працу, у выніку чаго таксама падае колькасць працаздольнага насельніцтва.
Карацей кажучы, у немцаў ёсць чаму павучыцца.
Фота аўтара