Каралі Фанатэкі

|

А зусім нядаўна, у суседняй Варшаве ледзь не скончыўся скандалам візіт Каралевы – і гэта не гледзячы на яе салідны ўзрост – якія там правакацыі ў 51?

 

У гэтым гомане неяк надта незаўважна прайшла навіна пра смерць, хай і не караля, але не менш істотнага чалавека – вынаходніка электрагітары Леса Пола. Калі Джэксан і Мадонна – сапраўды каранаваныя асобы сусветнага шоў-бізу, а Вольскі і Міхалок – правінцыйнага застою, то Лес Пол – каваль іх каралеўскага мяча. Ён – Мэрлін, які падараваў свету цуд электрагітары – гэтага музычнага Экскалібура, але яго смерць не ўскалыхнула айчынных аўтараў. Хіба што толькі ў ЖЖ з ім развіталася некалькімі сказамі пару мінскіх рокераў.

 

А варта толькі задумацца, як змяніла свет гэтае вынаходніцтва. Шасціструннік Les Paul ад Гібсан стаў культавай мадэллю – яго продажы пераўзышлі усе чаканні. Электрагітара дазволіла скараціць памеры бэндаў (ажно да класічнага панкавага трыо), адкрыла поле для эксперыментаў з гукам і формай, даказала, што электрычнае жужжанне – таксама музыка, а не тэхнічны хіб. Калі Лес Пол не родны, то безумоўна хросны бацька сучаснай музыкі. Так-так, і твой таксама, маленькі смярдзючы панк, што чытаеш гэты тэкст.

 

Мяне ўся гэтая мітусня з тытуламі схіляе да пытання: а хто тады сёння наш кароль? Каму мы прысягаем на вернасць? І ці патрэбны нам кароль наогул? ФМ-станцыям відаць не – іх сістэму можна акрэсліць як ахлакратыю – уладу натоўпу. Адна невыразная шэрасць змяняе іншую, у перапынках ды-джэй прэзентуе поўную адсутнасць кантролю над плэйлістом. Пра тэлебачанне нічога сказаць не магу – у мяне няма «яшчыка», але гэта зусім не праз нелюбоў да рознага кшталту музычных каналаў. Затое, я добра ведаю, якія палітычныя баталіі адбываюцца ў маім кампутары – цэнтральнай частцы ўсяго дому, маім наркотыку і хлебе штодзённым.

 

У маім плэйлісце – занудная парламенцкая дэмакратыя. За месцы ў партыйных спісах змагаюцца Торы Амос, Ігі Поп, Франц Фердынанд, Брэгавіч, Крафтвэрк… Часам голас бяруць дэпутаты ад беларускай меншасці, але толькі для таго, каб хутка заціхнуць. І, нажаль, шмат з іх – назаўсёды. З многімі беларускімі альбомамі толькі гэта і можна рабіць – выдаляць іх і радавацца стаўшаму вольным месцу на дыску. Гродзенцаў сярод гэтай беларускай меншасці няма і падаўна – ніякіх Пятроў ці Стасаў, Тлустаў ці Пандаў. Чаму? Музыку трэба слухаць для задавальнення. Калі гэта робіцца працай, то трэба яе мяняць.

 

Мяне ў музыцы цікавіць якасць, атмасфера і эмоцыі (тое, што называюць душой), арыгінальнасць, своечасовасць. Бываюць гурты, якія спалучаюць усё гэта. Але не ў нас. Хопіць толькі глянуць на «Фанатэку Твайго Стылю». Калі прафесійна, то зусім без эмоцый. Калі шчыра, то ў музычным плане лажа. Або ўсё адразу. Не стыльна, не модна, не моладзева. Няма ні караля, ні мясцовага князька і нават да гільяціны нікога не павядзеш у выпадку рэвалюцыі.

Ілюстрацыя http://www.gearwire.com