Новыя кватэры на Таўлая: цана рынкавая, але на вокнах і балконах будаўнікі зэканомілі
Шматпавярховіку на Таўлая 46Б усяго два гады, але пытанняў з ім, як кажуць самі жыльцы, “вышэй даху”. У першую чаргу – з вокнамі. Як кажуць уласнікі кватэраў, вокны і фурнітура проста не адпавядаюць адно аднаму.
– У нас была праведзеная экспертыза вокнаў, – распавядае старшыня праўлення таварыста ўласнікаў Іна Шкляр. – У выніку ў 90% кватэр вокны, шкло і рамы аказаліся занадта цяжкімі для фурнітуры. Груба кажучы, фурнітура аказалася таннай, слабой якасці і не прызначанай для такіх вокнаў.
З дамовы вынікае і яшчэ адзін цікавы момант: балконныя рамы ў доме павінны быць зашклёныя аднакамерным шклопакетам. Па факце ж стаіць проста адно шкло.
– Я абавязкова хачу бліжэйшым часам пад’ехаць у Гроднапрамбуд, – рэзуюмуе Іна, – каб мне ў аддзеле якасці адказалі на простае пытанне: хто выйграў тэндар на пастаўку такіх вокнаў і ці быў наогул праведзены падобны тэндар.
На вокнах пералік пытанняў да забудоўшчыкаў не спыняецца.
– У мінулым годзе быў заменены насос на падачу цяпла па будынку, – працягвае старшыня праўлення. – Аказалася, што нават дыяметр трубаў не адпавядае адно аднаму: кшталту “пятнашка” і “васямнашка”. А месца стыкоўкі наўпрост даварылі, дакруцілі, даматалі… Але ж перапад ціску ідзе! Дзе больш, а дзе менш…
З гэтай прычыны, як мяркуюць жыльцы, ужо два гады цяпло ў доме размяркоўваецца няслушна і батарэі грэюць толькі “на палову”. То бок, каб цяпло пайшло па ўсіх пакоях кватэры, трэба адкруціць рэгулятар і знізіць градус на кухні.
– Менавіта з-за перападаў ціску мы не можам запусціць другі насос у цеплавым вузле, – абураецца старшыня праўлення. – Я ўжо звярталася да забудоўшчыка два тыдні таму… У адказ – дагэтуль “ствараецца” камісія, якая мае прыйсці і паглядзець у чым справа.
Варта адзначыць, што кватэры ў доме – зусім не танныя. Трохпакаёвая кватэра на момант засялення ў 2012 годзе каштавала тут каля 80 тысяч долараў. Жыльцам жа даводзіцца толькі паціскаць плячыма: маўляў, за такія грошы лепш за навабуд, можна было і “вторічку” набыць – без лішніх праблем.
Фота Я.Бялевіч