Справа пра забойства прадаўшчыц: у Гродне можа быць вынесены чарговы смяротны прысуд

У Гродне судзяць забойцу прадавачак з Ліды. Ён адмовіўся гаварыць у судзе

 

Усе пачалося яшчэ ў верасні 2013 года, калі ў Лідзе невядомы забіў металічнай трубой дзвюх жанчын-прадаўшчыц у краме па вуліцы Акрэсціна. Злачынства ўскалыхнула ўвесь горад.

 

Падрабязнасці шакавалі. Высветлілася, што прадаўшчыц білі доўга і марудна – у кожнай з жанчын на целе было каля 20 ран.

 

Жанчынам было 56 і 45 гадоў. З касы знікла ўся выручка за выходныя – 35 мільёнаў рублёў і некалькі бутэлек спіртнога. Пазней сведкі казалі, што ўвечары быццам чулі крыкі з крамы і бачылі мужчыну ў кепцы і капюшоне, які выходзіў з крамы.

 

Нягледзячы на тое, што на месцы здарэння працавалі следчыя і эксперты не толькі з вобласці, але і лепшыя кадры з усёй краіны, знайсці забойцу хутка не ўдалося. Доўгі час злачынства заставалася не раскрытае.

 

“Жанна адмовілася прадаць у доўг гарэлку і ён забіў яе”

 

Амаль праз два гады ў Лідскім раёне ў вёсцы Сялец была забіта прадаўшчыца мясцовай крамы. Усё адбылося ўвечары 28 лістапада2014 года.

 

Прадавец Жанна ўжо закрывала сельскі прадуктовы магазін, калі на парозе з’явіўся разгарачаны 28-гадовы мясцовы жыхар. Ён папрасіў у жанчыны гарэлку ў доўг. Але яна адмовілася прадаваць спіртное Івану, закрыла краму і накіравалася дадому. Шлях жанчыны пралягаў праз невялікі пералесак. Там і адбылася трагедыя.

 

Распалены тым, што так і не атрымаў спіртнога, вясковец вярнуўся дадому, узяў сякеру і зноў прыйшоў да крамы. Ён паспрабаваў сарваць вонкавы замок, аднак гэта яму не ўдалося. Тады ён кінуўся ўслед за Жаннай, дагнаў яе ў ляску і нанёс ззаду тры ўдары сякерай па галаве. Жанчына ўпала. Ён адцягнуў яе ў лес, а сам, забраўшы ключы, накіраваўся да крамы.

 

Забойца скраў гарэлку і пяць мільёнаў рублёў, а яшчэ крупы, лак для валос, дэзадарант – браў усё, што дрэнна ляжала. За рабаваннем у краме яго застаў сын забітай кабеты, які, хвалюючыся, пайшоў сустракаць маму. Рабаўнік, а гэта быў Іван Кулеш, паспрабаваў забіць маладога чалавека, але пасля няўдалай спробы выбег з памяшкання і збег у лес.

 

Хлопец выклікаў міліцыю. Івана знялі з цягніка на станцыі Наваельня Дзятлаўскага раёна.

 

Распавядаў суседзям па камеры, як забіваў

 

Калі завялі крымінальную справу, следчыя не адразу даведаліся, што малады чалавек можа мець дачыненне да забойства прадаўшчыц у Лідзе. Праз некаторы час Іван прызнаўся сам, аднак успомніць усе абставіны таго, што адбылося ў лідскай краме, не змог. Ці не захацеў, бо, па словах прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачання, Іван распавядаў сваім суседзям па турэмнай камеры ўсе падрабязнасці той справы – як забіваў, як рабаваў і іншае – тое, што мог толькі забойца.

 

Судовыя паседжанні па гэтай справе праходзілі ў Гродзенскім абласным судзе з 14 верасня. У мінулы чацвер, 5 лістапада, адбылося чарговае – судовыя спрэчкі. На іх пракурор папрасіў для Івана Кулеша выключную меру пакарання – расстрэл.

 

Матываваў ён гэта тым, што ў маладога чалавека ёсць непагашаная судзімасць – Іван калісьці даваў ілжывыя сведчанні і суд у Баранавічах прысудзіў яму штраф, які ён не выплаціў. Таксама малады чалавек ужо быў аднойчы асуджаны – за разбой. У 17 год ён разам з сябрамі рабаваў дамы – тады юнак атрымаў 6 гадоў пазбаўлення свабоды.  Калі выйшаў з турмы, то, напэўна, вырашыў з крымінальным мінулым развітацца – уладкаваўся на працу, завёў сям’ю. У 2014 годзе ў яго нарадзілася дачка. Але нешта пайшло не так.

 

У час следства Іван распавядаў, што грошы, якія скраў у Лідзе, траціў павольна, але набываў усё, што хацеў. Звольніўся з працы, сышоў з сям’і ды пасяліўся ў знаёмага ў вёсцы Сялец. Падпрацоўваў па дробязі — камусьці ганак пафарбаваць, камусьці гарод перакапаць, каму дрот парамантаваць.

 

Сваякі просяць смяротнага пакарання

 

– Я яго і не бачыла, – баба Шура, маці прадаўшчыцы Жанны, выцірае слёзы, – але жыў ён каля нас, у свайго сябрука. Той таксама быў некалі асуджаны. Нічога дрэннага пра яго не магу сказаць. Але навошта было забіваць маю дачку? Мы з дзедам засталіся адныя. А яна была нашай апорай і надзеяй. Жыла побач, заўсёды дапамагала нам. Ды і шмат каму ў вёсцы прадавала ежу ды гарэлку “на павер”. Была разумнай, добрай і прыемнай кабетай. Што там адбылося ў гэтай краме – невядома. Ён жа нічога на судзе не казаў.

 

Баба Шура толькі махае рукой у бок будынка. Яе муж моўчкі паліць цыгарэту за цыгарэтай.

 

Мы стаім на вуліцы пасля паседжання. Сваякі ахвяр сыходзяцца ў адным – яны просяць для Івана смяротнага пакарання і згодныя з пракурорам.

 

– Я  не хачу, каб маё дзіця калі-небудзь сустрэлася с забойцам яе маці, – кажа муж адной з забітых прадаўшчыц у Лідзе, – нават праз 25 год…

 

Менавіта столькі просіць для свайго падабароннага адвакат. Ён робіць акцэнт на тое, што Іван сам прызнаўся ў тым, што здзейсніў забойства ў Лідзе, тым самым дапамог следству. Без яго прызнання гэтая справа так і засталася б не раскрытай.

 

Іван, і гэта ёсць у матэрыялах пасяджэння, пакутуе на псіхічнае расстройства асобы – праўда, яно не з’яўляецца прычынай прызнаць яго недзеяздольным і ён можа адказваць за свае ўчынкі. Адвакат згадаў, што малады чалавек сірата і выхоўваўся спачатку ў доме сямейнага тыпу, потым у інтэрнаце.

 

– Дзяцінства  яго было не салодкім, – дадаў адвакат. Праўда, пракурор заўважыў, што родная сястра Івана ніколі судзімай не была, жыве ў Мінску, завяла сям’ю і жыве нармальным жыццём.

 

Беларусь – апошняя краіна ў Еўропе, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне

 

Сам Іван падчас усіх судовых паседжанняў моўчкі сядзеў за кратамі. Даваць паказанні ён адмовіўся і безудзельна глядзеў у адну кропку. Калі сваякі ахвяр спрабавалі загаварыць з ім – адварочваўся.

 

Наступнае, і, хутчэй за ўсё, апошняе паседжанне па гэтай справе адбудзецца 19 лістапада. Цалкам верагодна, што суддзя вынесе чарговы смяротны прысуд.

 

Пра тое, што Беларусь на сённяшні момант з’яўляецца апошняй краінай Еўропы, дзе практыкуецца смяротнае пакаранне, казаў адвакат у судовых дэбатах. Аднак гэтая інфармацыя наўрад ці нейкім чынам паўплывае на прысуд.

 

Папярэдні смяротны прысуд у Гродне быў вынесены абласным судом 12 чэрвеня 2013 года. Суд тады прызнаў Паўла Селюна вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: забойства дзвюх асоб, учыненае з асаблівай жорсткасцю; крадзеж; здзек з трупаў; крадзеж асабістых дакументаў. Да гэтага малады чалавек не меў судзімасцей. Ён забіў сваю жонку і яе сябра, якіх застаў у адной кватэры. Палюбоўніка ён расчляніў, цела выкінуў у смеццевы бак, а галаву забраў з сабой. З галавой у сумцы яго і затрымалі праваахоўнікі ў цягніку ў Ваўкавыску.