Бізнесовец з Іарданіі купіў сядзібу у Іўеўскім раёне – копію каралеўскага палаца ў Варшаве

Кошт маёнтку з аўкцыёна – 1,1 млрд. Яшчэ 500 млн каштуе абследаванне будынкаў інстытутам “Гроднаграмадзянпраект”, падрыхтоўка ім праектна-сметнай дакументацыі, а таксама правядзенне фізіка-хімічнага даследавання “Белрэстаўрацыяй”.

 

Агулам за суму, эквівалентную 90 тыс. долараў, арабскі бізнесовец набыў сам будынак палаца, два флігелі і спіхлеж (гаспадарчую пабудову).

На распрацоўку праектна-сметнай дакументацыі ў новага ўладальніка ёсць два гады. У сядзібе павінен з’явіцца культурна-турыстычны аб’ект. Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, дзяржава мае права адабраць нерухомасць без кампенсацыі.

 

Насір плануе рэстаўраваць палац і аказваць паслугі, звязаныя з агра- і міжнародным турызмам. Інвестар лічыць Беларусь прывабнай краінай для вядзення бізнесу.

Папярэднія аўкцыёны па продажу сядзібы праходзілі 14 кастрычніка, 17 жніўня, 15 ліпеня і 28 мая. Цану знізілі толькі раз – з пачатковай у 1,3 млрд скінулі крыху больш за 200 млн.

 

Інвестары пачалі цікавіцца палацам восенню. Па інфармацыі “Твайго стылю” магчымасць пакупкі разглядалі прадпрымальнік з Мінску і бізнесмен з Расіі. Па розных падліках рэстаўрацыя палаца і іншых будынкаў можа каштаваць ад мінімум 0,5 і нават да 1,5 млн долараў. Акупнасць турыстычнага праекта на базе такой сядзібы – у лепшым выпадку некалькі дзесяцігоддзяў.

Шыкоўны некалі палац – копія “палацу на вадзе” ў варшаўскіх Каралеўскіх Лазенках – стаіць закінуты з 2006 года, калі мясцовы калгас далучылі да суседняга. Раней тут была сядзіба калгаса, клуб, бібліятэка і пошта.

 

У 2009 годзе палац прадалі за 9 млн рублёў (на той момант – 3 тыс. долараў) прадпрымальніку з Мінска. Па словах жыхароў вёскі, ён ужо нават паспеў прывезці рабочых, калі продажам зацікавілася абласная пракуратура ў Гродне. Там палічылі, што старшыня калгаса не меў права прадаць сядзібу па астаткавым кошце, і здзелку прызналі несапраўднай.

 

У маі 2012 у час прац па дэмантажы металічных канструкцый (труб ацяплення) на паддашшы здарыўся пажар. У хуткім часе згарэла большая частка даху, праз суткі рэшта абрынулася. Тры гады наогул без даху паскорылі разбурэнне палаца.

Акрамя кепскага стану і патрэбы вялікіх сродкаў на рэканструкцыю, мажлівых інвестараў у апошнія гады адпужвала таксама знаходжанне сядзібы ў памежнай зоне, ля самой мяжы з Літвой, здалёк ад буйных трас і хоць-якой інфраструктуры. У адноснай аддаленасці ёсць і свае плюсы, калі планаваць стварыць там санаторый ці нешта падобнага профілю.

 

Унікальнасць Жэмыслаўскага палацу ў тым, што ён з’яўляецца фактычна копіяй каралеўскага палацу ў варшаўскіх Лазенках. Флігелі і іншыя будынкі паходзяць з першай паловы ХІХ ст., сам палац – з 1877-85 гг. Ёсць меркаванне, што аўтарам праекта палаца маглі быць архітэктары Леанард Марконі або Леандр Марконі – прадстаўнікі знакамітага спаланізаванага італьянскага роду дойлідаў.


Пазней маёнтак аддалі пад навуковую базу Віленскага ўніверсітэта – пра гэта да сёння сведчаць чатыры межавыя слупы вакол маёнтка. Падчас першай сусветнай вайны Жамыслаўль быў акупаваны кайзераўскай арміяй, немцы тут адкрылі курорт, пэўна з-за таго, што маёнтак знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе возера, ўтворанага разліўшайся ракой Гаўяй.

 

Фота Яна Лялевіча