Радыёвядучы Дзмітрый Чэкан: “Усё ў жыцці збылося, акрамя паездкі ў Дзіснэйлэнд”

“Барадатае шоў” слухае ці не кожны маршрутчык у горадзе, а голас Дзімы з раніцы можна пачуць у крамах ды кавярнях. Яго называюць адным з самых папулярных людзей горада. Хто ён на самой справе?

 

Чэкан-пажарны: бывала і 19 выклікаў за суткі

 

Мы сустрэліся ў новай кавярні “Наша кава”. Здаецца, тут яго таксама ведаюць усе. Ён усміхаецца і па-заліхвацку вітаецца з бармэнам.

 

– Не надакучвае такая папулярнасць?

 

– Ні кропелькі, – толькі ўсміхаецца Дзмітрый. – Я ніколі не адчуваю яе. У нас маленькі горад і ў прынцыпе ўсе ведаюць адзін аднаго. Можа, мяне трохі больш за іншых. Бываюць вельмі добрыя моманты, калі на вуліцы падыходзяць нейкія дзядзькі, паціскаюць руку і кажуць – братан, тое, што ты робіш – гэта вельмі файна!

 

– Дык хто ты?

 

– Я былы пажарны-выратавальнік.

 

Адказ трохі збянтэжыў.

 

– Як атрымалася, што ты быў выратавальнікам, а зараз тэле- і радыёвядучы?

 

– Я вучыўся на юрыдычным факультэце і, каб не ісці ў войска, пайшоў працававь у МНС. Я сапраўды марыў аб тым, каб быць міліцыянерам ці пажарным. Яшчэ са школы я думаў, што гэта маё. Калі паступіў ва ўніверсітэт, вырашыў, што трэба забіць двух зайцоў адразу: пайшоў працаваць выратавальнікам і вучыўся на завочцы. Спачатку думаў, што адпрацую гады паўтары. А потым мяне зацягнула. Як вынік – пяць год службы.

 

 

– Так спадабалася служыць?

 

– Ведаеш, служба добрая і людзі побач нармальныя, а вось, як пажар, то хоць адразу звальняйся, – гаворыць Дзмітрый і ў першыя імгненні я нават не разумею, што гэта жарт. Але хутка ён сам пачынае смяяцца і ўжо сур’ёзна дадае: – На самой справе мне падабалася гэтая праца, мне здавалася, ды і зараз здаецца, што я рабіў нешта вартае. Па-мужчынскі вартае. Я ратаваў людзей, тушыў пажары. Я з задавальненнем успамінаю тыя гады. Аднойчы было 19 выклікаў за суткі. Але нейкіх яркіх момантаў я асабліва не памятаю. Справа ў тым, што кожнае дзяжурства — гэта ўсплёск адрэналіну. І вельмі яркі выпадак з жыцця, але які потым сціраецца, таму што так кожныя суткі, калі ты заступаеш на дзяжурства.

 

– Чаму ты сышоў са службы?

 

– У нейкі момант я зразумеў, што ўсё, хопіць. Здаецца, сваё я адслужыў. Служба ў пагонах трохі змяніла мой светапогляд. Але я зразумеў, што надалей я не хачу сябе бачыць у гэтай структуры. Справа ў тым, што праца ў ваенізаванай структуры – гэта такі прамы шлях – зразумелы і выразны. Але я выбраў іншы – жыццё творчага чалавека. Тады я вучыўся ва ўніверсітэце і паралельна гуляў у КВЗ. Мне гэта вельмі падабалася.

 

З начнога клуба на тэлебачанне

 

– Паралельна з КВЗ я працаваў у начных клубах горада. Напрыклад, у “Стоплайне” з’явіўся скандальны праект “Шоў-балет у раёне паху”. Я ў пары са сваім сябрам Рустамам Дранікавым, які ўжо тады працаваў на радыё, гуляў у КВЗ. У нас заставался шмат матэрыялу, пра які можна сказаць, што гэта так званы чорны гумар. Са сцэны такое на прачытаеш, а вось у начных клубах усе гэтыя жарты на грані фолу ішлі на ўра.

 

Яшчэ я працаваў у “Флінце”. Менавіта там  мая калега Юлія Шэрамеццева заўважыла мяне і неяк патэлефанавала і спытала, ці не хоча Дзіма весці моладзевую праграму “Фрэш” на гродзенскім тэлебачанні. А Дзіма кажа – вядома! На той момант гэта была мая блакітная мара працаваць на тэлебачанні.

 

 

– Ці было цяжка спачатку?

 

– Мне здаецца, я хутка і лёгка ўвайшоў у тэлевізійнае жыццё. Было гэта ў 2012 годзе. Спачатку праграма “Фрэш”, потым “Малаток”. На той момант у маім жыцці яшчэ заставался праца ў начных клубах, але потым  неяк надакучыла.

 

Радыё – экстрым без права на памылку

 

– Як ты трапіў на радыё?

 

– Асаблівай гісторыі тут няма. Я проста папрасіў паспрабавацца ў якасці вядучага. Спачатку быў лінейны эфір – гэта калі проста кажаш у перабіўках паміж песнямі прагноз надвор’я, ці якая будзе наступная кампазіцыя. А потом з’явілася свая праграма.

Радыё – гэта экстрым. Гэта прамы эфір, калі ты не маеш права на памылку. Але і яны здараюцца. Я мільёны раз загаворваўся. У мяне былі такія моманты, калі спачатку ішла адна думка,  потым неяк усплывала другая. Іх трэба было неяк лагічна звязаць. Калі гэта атрымліваецца – ты потым думаеш: “Ох, як гэта было крута!”. Выдыхаеш і працуеш далей.

 

“Адчуваю сябе шчаслівым чалавекам”

 

– Табе не надакучыла гэтая бясконцая балбатня на радыё?

 

– Не! Я адчуваю сябе ў сваёй талерцы і разумею, што 17-гадовы хлопец Дзмітрый Чэкан, які марыў працаваць у міліцыі, ён мусіць хацеў нейкай рамантыкі, якую яшчэ не зведаў. Цяпер я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам, таму што рэальна ведаю – тое, што я раблю – гэта карысна.

 

– Каму?

 

– Ну вось уяві: ты працуеш у офісе якім-небудзь менеджарам. Кожны дзень адно і тое ж. Табе абрыдла ўся гэтая руціна, а дома дзеці, муж, камп’ютар… вось у такой паслядоўнасці… Ты не ўяўляеш, але вельмі шмат людзей жывуць менавіта так. Яны прыходзяць дадому ці на працу і ўключаюць радыё, а там чувакі… добрыя хлопцы весела і жыццярадасна расказваюць розныя цікавыя гісторыі, смяюцца,праводзяць лёгкія гульні і такім чынам прымушаюць чалавека адпачыць і абстрагавацца ад штодзённых праблем.

 

– Чаму менавіта “Барадатае шоў”?

 

– А па мне не бачна? – смяецца Дзмітрый. – Першае што зрабіў, калі звольніўся з МНС, выкінуў брытву. Пастаяннае галенне мяне вельмі стамляла. А назву мне падказаў Рустам. У інтэрнэце ёсць відэа-версія шоў – у хуткім часе гэты праект ператворыцца ў тэлевізійны.

 

Галоўны гусь горада

 

– У сацыяльнай сетцы “Вконтакте” ёсць суполка “Гуси Гродно” і там цябе называюць галоўным гусём? Як ты ставішся да такой папулярнасці?

 

– Што за група, я паняцця не маю. Мне сказалі, што мяне там абмяркоўваюць, я зайшоў паглядзець. І нават атрымаў ад прагляду каментарыяў задавальненне. Я не пакутую ад таго, што некаторыя людзі могуць мяне не любіць. Гэта нават добра. Было б дрэнна калі б усе казалі – так, чувак, ты робіш усё добра. Раз мяне абмяркоўваюць, то значыць, я раблю ўсё правільна. Дрэнна было б, калі б мяне ў маёй прафесіі не абмяркоўвалі.

 

– Вельмі шмат інтэрнэт-карыстальнікаў лаюць цябе за твае вулічныя апытанні. Маўляў, людзі прадстаўлены не ў лепшым святле?

 

– Але ж нехта кажа, што гэта класна і выдатна. Вось я на баку гэтых людзей. Што тычыцца вулічных апытанняў – то гэта вельмі крутая тэма. Да таго ж смешная. Зноў-такі, яна разгружае. Глядзіш – усміхаешся і цешышся з таго, што хтосьці затупіў на вуліцы. Аднак я ні ў якім выпадку не хачу абражаць гэтых людзей, або казаць, што яны нейкія дурні. Наадварот. Нават заклікаю ўсіх тых, хто такое кажа, паспрабаваць пастаяць перад камерай для пачатку. Бо гэта складана, калі ты ідзеш па сваіх справах, а да цябе нейкі барадаты мужык падыходзіць з дзіўнымі пытаннямі. Вядома, ты ў першыя хвіліны губляешся і не ведаеш, што сказаць. І гэта натуральна. Гэтым людзям можна і трэба сказаць дзякуй, таму што яны вельмі разумныя і адукаваныя. Менавіта такім людзям ўласцівая самаіронія, і яны могуць пасмяяцца над сабой.

 

Паехаць у Дыснейлэнд і зняцца ў кіно

 

– Ці ты думаеш аб тым, што табе гэта ўсё надакучыць і ты пачнеш нечым іншым займацца?

 

– Цалкам магчыма.

 

– Плануеш нейкія сур’езныя праекты?

 

– І планую, і раблю. У мяне ёсць вельмі добры праект. Ён называецца “Jazz&blues”, у яго я ўкладваю шмат сіл. Мне вельмі радасна назіраць, як запіс распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Неяк я паглядзеў, адкуль тыя людзі, што слухаюць яе. Самы заходні каментар быў з Рыгі, а ўсходні – з горада Каёма, гэта ў Японіі

 

– Чаму ты робіш гэты праект?

 

– Бо гэта мая ўлюбёная музыка.

 

– Твой асабісты топ-5 блюзавых і джазавых музыкаў?

 

– Бі Бі Кінг, – яго ігра на гітары мяне заварожвае, Джэніс Джоплін, хоць не падтрымліваю яе лад жыцця, Рэй Чарльз, Эрык Клэптан, Ніна Сімон.

 

 

– Аб чым ты марыш і што б хацеў зрабіць у гэтым жыцці?

 

– Ведаешь, неяк так атрымалася, што ўсё, што я хацеў – збылося. А не! Я ж не быў у Дзіснэйлэндзе! І я не жартую. Мне было шэсць год, калі па тэлевізары паказвалі мульцік “Качыныя гісторыі” і паміж серыямі былі перабіўкі з Дзіснэйлэнда. Усё. З таго моманту – гэта мая мара. А яшчэ хачу зняцца ў нейкім жудасна касавым кіно. Напрыклад, з Робертам Даўні-малодшым, – смяецца Дзмітрый. – Я свята веру ў тое, што людзі,  якія займаюцца журналістыкай, дзіджэі на радыё, вядучыя, павінны хацець стаць вядомымі і знакамітымі, а калі яны гэтага не хочуць, значыцца іх кар’ера вельмі дрэнна развіваецца.

 

– Калі б з радыё і тэлебачыннем у цябе не склася, то кім бы ты стаў?

 

– Напэўна,  псіхолагам. З маіх  прыёмаў людзі сыходзілі б вясёлыя і шчаслівыя.