Алтар Святой Тройцы ў Фарным касцёле адкрыюць пасля рэстаўрацыі
Адрэстаўраваны алтар будзе нанава асвечаны епіскапам, атмасферы дададуць аркестр і хор.
Рэстаўрацыяй займаліся дзве групы: ад Міністэрства культуры Польшчы, і ад Міністэрства культуры Беларусі. З Польшчы – навуковы кіраўнік Павал Садлей, з Беларусі – гарадзенскі рэстаўратар Уладзімір Кіслы. Выконвалі працы рэстаўратары з Мінска, з якімі касцёл супрацоўнічае ўжо каля пяці год. Над гэтым алтарам яны працавалі каля двух год.
Апрацоўваць старое дрэва даводзіцца некалькі месяцаў
Усе алтары, акрамя Маці Божай Студэнцкай, зроблены з дрэва. Ім ужо каля 300 год. Галоўны іх вораг – жукі-караеды. Састаўныя драўляныя часткі алтароў цалкам разбіраюцца і прапітваюцца хіміяй, якая забівае караедаў унутры дрэва.
Самая складаная задача ў аднаўленні – падрыхтоўка дрэва да пазалачэння. Працэс апрацоўкі можа займаць некалькі месяцаў. Самы лёгкі этап – нанясенне золата. Працэсам залачэння кіруе Мікалай Лёля (на фота ніжэй), якога пробашч кафедральнага касцёла ксёндз Ян Кучынскі называе лепшым пазалотчыкам Беларусі.
Апошняя рэстаўрацыя алтароў праходзіла ажно ў 1898 годзе. Усе алтары былі пазалочанамі, пакуль, падчас адной з наступным рэстаўрацый, іх не пакрылі алейнай фарбай. Цяпер праца вядзецца для таго, каб надаць ім больш-менш першапачатковы выгляд. “Мэта рэстаўрацыі – не ўвядзенне чагосьці новага, а адкрыццё старога”, – кажа Ян Кучынскі.
Калісьці Фарны касцёл быў распісаны звонку
Перафарбоўка храма адбывалася перыядычна. Даследванні паказваюць, што калісці касцёл быў распісаны і звонку. Хто і калі пафарбаваў яго ў белы колер, закрыўшы ўсе роспісы пабелкай, невядома.
Таксама даследуецца рухомасць трэшчын у фасадзе касцёла – у трэшчынах усталяваны маячкі. Магчыма, расколіны з’явіліся з-за зруху грунту пасля рэканструкцыі Савецкай плошчы.
Рэстаўрацыя праводзіцца на ахвяраванні прыхаджан. “Ёсць людзі добрай волі, якія хочуць дапамагчы. Гэта агульная справа, таму з кожнага па нітачцы нам на алтар”, – кажа пробашч.