Афіцыйны спіс экскурсій для школьнікаў: дзіўны, парадаксальны і недапрацаваны
Спіс сфармаваны па ўзросту вучняў (па класах), прадметах (музыка, літаратура, гісторыя, і іншыя) і па тэмах у межах прадмета.
Спіс досыць дзіўны і сфармаваны відавочна на аснове тых экскурсій, пералік якіх ёсць у Міністэрстве спорту і турызму і якія “водзяць” афіцыйныя беларускія экскурсаводы, то бок тыя, хто мае спецыяльнае пасведчанне. Укладальнікі спіса проста раскідалі наяўныя тэмы экскурсій па школьных прадметах ды вучэбных тэмах і гэтым задаволіліся. Але выйшла дзіўна і часам нават парадаксальна.
Напрыклад, каб прапрацаваць апавяданне Янкі Брыля “Memento mori” гродзенскія школьнікі могуць наведаць комплекс “Хатынь”, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць”, або нават “Полацкі краязнаўчы музей”. І гэта пры тым, што сама спаленая фашыстамі вёска Пузавічы (цяпер Партызанская), дзе жыў сумнавядомы гераічны пячнік з апавядання беларускага класіка, знаходзіцца ў некалькіх кіламетрах ад Скідзеля. На самой жа Гродзеншчыне нямала мемарыялаў знішчаным фашыстамі вёскам і ёсць некалькі “партызанскіх лагераў”, хаця б у недалёкіх Каробчыцах ды Ліпічанскай пушчы на Дзятлаўшчыне.
Помнікі Адаму Міцкевічу ў Брэсце, Мінску ды Навагрудку могуць стаць ілюстрацыяй да тэмы “Адам Міцкевіч” па беларускай літаратуры ды “Общественно-политическое движение в первой трети ХІХ в.” (Гісторыя Беларусі ў нас цяпер выкладаецца па-расійску), а вось помнік Міцкевічу ў Гродне ні ў якіх экскурсіях не фігуруе. Чым ён горшы за сваіх сабраццяў у іншых гарадах, невядома. Можа, укладальнікі спіса рэкамендацый проста не ведаюць пра яго існаванне.
Увогуле “экскурсій”, якія складаюцца з наведвання аднаго помніка, у спісе нямала. Гэта і Якуб Колас у Навагрудку, і Цётка ў Астрыне і Тарас Шаўчэнка ў Магілёве ды Брэсце. Апошняга, дарэчы, упорна прапаноўваюць вывучаць па беларускай літаратуры. Крыху больш пашанцава толькі Максіму Багдановічу, які мае ў Гродне ўласны музей.
Бо пра што цікавае можна расказваць дзецям, прывёўшы іх да бюста класіка на Навагрудскім вакзале (таго, што Канстанцін Міцкевіч), мабыць ведаюць толькі самыя дасведчаныя экскурсаводы.