Аднакласнік гарадзенца з Ісламскай дзяржавы: Добра вучыўся, нічога экстрэмісцкага ў ім не было

“Ён мала з кім меў зносіны апошнім часам. Проста знік, выдаліўся з сяброў, і на гэта я звярнула ўвагу толькі на фоне апошніх падзеяў, — кажа Ірына, школьная сяброўка Васільева. — Ён быў спакойным, ураўнаважаным, я б нават сказала, незаўважным. Пасля дзявятага класа кожны пайшоў сваёй дарогай. Некалькі гадоў таму ён мне пісаў, але дыялог быў ні пра што. Здаецца, размаўлялі пра надвор’е”.

 

“Нармальны вясёлы хлопец. І вучыўся някепска. Нічога такога экстрэмісцкага ў ім не было, калі шчыра. Наадварот, калі яго нечым пакрыўдзіш, агрэсіі не выяўляў, лішняга слова не казаў. У школе ён не давучыўся, з’ехаў”, — узгадвае Аляксандр, прыяцель Васільева па школьных гадах.

 

Вадзім, аднакласнік Васільева па той жа чачэрскай сярэдняй школе №2, распавядае, што ў юнацтве Дзяніса цягнула на прыгоды:

 

“Класе ў 9-ым ён увогуле знік з Беларусі. У выніку — нелегальна трапіў у Аўстрыю. Разам з кімсьці перасек горы. Застаўся ў Аўстрыі жыць. Доўга ён там соўгаўся — то туды, то сюды. А з часам, праз вельмі працяглы перыяд, змог атрымаць ці то від на жыхарства, ці то грамадзянства. Потым ён адрасціў сабе бараду, стаў падобны на маджахеда. Але гэты момант мы з ім не абмяркоўвалі. Яго знешнасць і ў дзяцінстве ад іншых вучняў школы трошкі адрознівалася: чорны густы волас, стрыжка пад карэ. Але ніякіх мянушак у Дзяніса не было, пра яго магчымыя усходнія карані ніхто не ведаў”.

Дзяніс Васільеў у школьныя гады

 

Класная кіраўніца беларуса, які загінуў за Ісламскую дзяржаву: Добры хлопец, толькі сям’я праблемная

 

Еўрарадыё: Чым ён займаўся ў Аўстрыі?

 

Вадзім: Казаў, што працаваў там на вытворчасці сыроў. У Чачэрску жыве яго маці. Сустрэў яе нядаўна на дварэ. Яна кажа: “З Дзянісам усё нармальна. Высылае мне то грошы, то яшчэ нешта”. Маці раней выпівала. А бацькі ў яго нібыта і не было.

 

Хоць сябры і знаёмыя Васільева па Чачэрску кажуць, што ён трапіў у Аўстрыю яшчэ ў непаўналетнім узросце, у выдання Vorarlberg Online іншая інфармацыя. Сам Васільеў паведаміў журналісту, што ў якасці бежанца трапіў у Аўстрыю ва ўзросце 22 гадоў.

 

Іншыя выданні паведамляюць, што паўналецця мужчына дасягнуў у Гродне, дзе жыў разам з бабуляй. У горад над Нёманам Васільеў не аднойчы наведваўся, у тым ліку ў апошнія гады.

 

Што тычыцца працы на харчовым прадпрыемстве, пра якое распавёў аднакласнік Вадзім, у 2010-м годзе на старонцы ў сацыяльнай сетцы Дзяніс Васільеў апублікаваў фотаздымак з сырнага склада ў Брэгенцы. Ілюстрацыя падпісаная так: “32600 кругоў сыру, 1200 тон”. Верагодна, на гэтым прадпрыемстве мужчына сапраўды працаваў.

У Васільева былі і іншыя шанцы зачапіцца за нармальную працу ды нармальны па еўрапейскіх мерках заробак. Як мінімум з 2012-га года ён цалкам легалізаваўся, а яшчэ ў 2010-м па праграме для бежанцаў скончыў курсы на аператара кранаў ды пагрузчыкаў.

 

Мяркуючы па старонцы ў сацсетцы, на якую натрапіла Еўрарадыё, Васільеў любіў фатаграфаваць Аўстрыйскую прыроду, смешных жывёлін і ежу. Усе подпісы зробленыя вельмі цэнзурна і ўзважана. Аднак у допісах і каментарыях прысутнічаюць ноткі нелюбові Дзяніса да карэнных жыхароў Брэгенца.

 

Адзін з аднакласнікаў у каментарыях выказаў меркаванне, што ў Васільева “не жыццё, а казка”. На гэта эмігрант адказаў: “Так, тут вельмі прыгожа, але ад рэчаіснасці нікуды не дзенешся”.

 

Адна з беларускіх сябровак Васільева жартам прапанавала яму пераехаць у Нідэрланды, бо там лепшыя сыры.


“Не, я нікуды не паеду, мне больш тут падабаецца, мясцовых жыхароў толькі трэба куды-небудзь дэпартаваць, — адказаў на гэта мужчына і праз пэўны час дадаў. — Настрой добры, пажартаваў трошкі”.

Васільеў падчас фестывалю бежанцаў у Брэгенцы, 2010 год. Фота Roland Paulitsch


Васільева мог завербаваць Энэс Скаліч, якога расшуквае інтэрпол

 

У 2014-ым запісы ў згаданай сацсетцы абарваліся. Магчыма, у гэтым годзе Дзяніс і звязаўся з радыкальнымі ісламістамі. Тады ж у Аўстрыі здарыўся ўсплёск вярбоўкі мясцовых грамадзян ў шэрагі Ісламскай дзяржавы. Асабліва востра тэму пачалі абмяркоўваць на пачатку 2015-га года, пасля арышту ў Вене прапаведніка Эбу Тэйма, якога абвінавацілі ў вярбоўцы соцень чалавек. Асабліва часта ў шэрагі Ісламскай дзяржавы траплялі чамусьці выхадцы з Чачні і Балкан. Па СМІ разышлася гісторыя, як дзве непаўналетнія дзяўчынкі трапілі на тэрыторыю, якую кантралююць байцы ІД, і там загінулі.

 

Дык вось пасля арышту Эбу Тэйма аўстрыйскія праваахоўнікі выйшлі на іншага вярбоўшчыка — аўстрыйца з баснійскімі каранямі Энэса Скаліча. Яго расшуквае інтэрпол. Жыў скаліч у Брэгенцы — там жа, дзе і Васільеў.

Бос аўстрыйскай дзяржбяспекі Эрых Швэрцлер пакуль не пацвярджае гэтую сувязь. Не вядомы спецслужбам і час, калі Дзяніс Васільеў радыкалізаваўся і што гэтаму паспрыяла.

 

У Міністэрстве замежных спраў Беларусі пакуль не паведамляюць ніякай афіцыйнай інфармацыі датычна гібелі нашага земляка ў Сірыі. У чачэрскім райвыканкаме інфармацыі пра гібель Дзяніса Васільева таксама не маюць.

 

Выказваюцца меркаванні, што цела забітага не змогуць даставіць у Беларусь з-за баявых дзеянняў у Сірыі.