Сёлета ў дзень правядзення шоў на стаянцы перад школай было цяжка прыпаркавацца. Не дарма, бо зал аказаўся поўны да краёў, нехта стаяў у калідоры. З большага пенсіянеры, але таксама школьнікі, знятыя з заняткаў, супрацоўнікі школьнай ды раённай адміністрацыі.
Дзейства пачалося з “Паланэзу”, які станчылі школьніцы ў белым. Ім на змену праз пару хвілін выйшлі іншыя старшакласніцы, але ўжо пераапранутыя ў цыганак. Цыганачку, у адрозненні ад першага танцу, зал сустракаў ледзве не стоячы.
Выступілі вядучыя, выступіла школьнае кіраўніцтва, а таксама пераможцы з мінулых гадоў. Наступным на сцэну выйшаў прадстаўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёну, які згадаў сваю 92-гадовую бабулю, пажадаў усім здароўя ды паабяцаў у наступным годзе арганізаваць конкурс “А ну-ка дзедушкі”, каб не крыўдзіць сталых мужчын.
Падчас конкурсу “візітная картка” жанчыны-удзельніцы распавядалі пра сябе, чыталі вершы, танчылі “румбу” з групай падтрымкі ды спявалі расейскія песні пад гармонь.
…
Вершы з рыфмамі, кшталту “Андрей-скарей”, “агарод-народ”, “праславлять-гнать” найчасцей былі зашыфраванымі ў вершаванай форме біяграфіямі ўдзельніц. Але не абыйшлося і без тэмы вайны (“Стонет земля…”) ды пралетарскай лірыкі (адзін з вершаў быў прысвечаны фабрыцы Хімвалакно).
Асобны пункт праграмы – згатаваныя канкурсанткамі стравы, з большага салодкае да гарбаты. Сталы з прысмакамі былі прыўкрашаныя ў навагоднім стылі.
Агулам жа атмасфера была пазітыўнай. Людзі прыйшлі ў залю па свайму жаданню, а не па ўказцы зверху і сапраўды атрымлівалі асалоду.