Хазарская прыгажуня: таямніца Каложы разгаданая?

 – Любоў Міхайлаўна, Вы з’яўляецеся аўтарам каталога “Мастацкі метал у Гродна”, працы аб гарадзенскім мастаку Я.Зяньковічу, іншых публікацый па гісторыі нашага горада. Зараз Вы скончылі працу аб Каложы. Што Вас прымусіла звярнуцца да гэтай тэмы?


 – Узнікненне нашай святыні ахутана таямніцай, ніякіх дакладных звестка пра яе мы не маем. Гэты помнік архітэктуры хваляваў мяне як даследчыка шмат гадоў.

 

Думка пра тое, што гарадзенскія цэрквы XII ст. з’яўляюцца чыста паганскімі, альбо змяшанымі хрысціянска-паганскімі, была мною выказана ў 2010 годзе. Пазней былі выяўленыя руны і малюнкі на камянях царквы.

 

Мне даводзілася займацца атрыбуцыяй прадметаў мастацтва, яна пачынаецца з вызначэння стылявых прыкмет, пошуку падобных прадметаў, а калі пашанцуе – можна знайсці аналагі і такім чынам высветліць, калі і дзе гэты прадмет быў зроблены. Такі метад – пошук аналагаў і вытокаў ўзнікнення пабудоў, падобных Каложы, даў свае вынікі.

 

 – Адзіным помнікам, які дае найбольш поўнае ўяўленне аб гарадзенскай архітэктурнай школе, з’яўляецца Каложа. Нагадаеце, якімі асаблівасцямі яна характарызуецца?


– Па-першае, гэта выкарыстанне ў муры разам з цэглай дзікага каменя і дэкарыраванне сцен ўзорамі з плітак, пакрытых каляровай глазурай.

 

Па-другое, унутры ў сцены устаўленыя галаснікі – амфары, якія не пакідаюць месца для фрэсак і ікон.

 

Па-трэцяе, уздоўж сцен збудаваныя нішы, а ў цэнтры раней стаяў ахвярны камень.

 

Па-чацвёртае, тое, што ўбачыць нельга – вузкі праход, калідор паміж унутраным і знешнім бакамі сцен, г.зн. сцены ўнутры полыя.

 

Яшчэ Адам Кіркор адзначаў, што ўнутры сцен галаснікі пакладзены горлачкамі ўнутр сцяны, а дном унутр будынка. Дзякуючы гэтаму, знаходзячыся ў сцяне, можна было чуць, пра што кажуць у храме. Гэта значыць, што галаснікі – тагачасная прылада “праслушкі”.

 

У сценах двух крайніх апсідаў ёсць лесвіцы. Увогуле, у гісторыі Каложы засталося шмат чаго невытлумачанага і незразумелага.

Насуперак відавочнасці, у цяперашні час пануе пункт гледжання, згодна з якім Каложа – праваслаўная царква, пабудаваная па візантыйскім каноне у традыцыях кіеўскай школы дойлідства ў 1184 г. Але хрысціянства прыйшло ў Літву толькі ў XIII стагоддзі і адрозненне нашага храма ад праваслаўных цэркваў можа бачыць кожны.

 

 – Кім маглі быць будаўнікі Каложы?


– Пра тое, што будаўніком гарадзенскіх цэркваў быў Пётр Міланег, першым выказаў здагадку археолаг П.А. Рапапорт, аднак гэта дапушчэнне ён нічым не абгрунтаваў.

 

Міланег не з’яўляецца імём уласным, гэтае слова – вытворнае ад будаўнічага матэрыялу міланіту. У старых выданнях пісалі Міланег-Пётр праз злучок. Яму прыпісваюць будаўніцтва ў Тураве, Гродне, Ваўкавыску, Кіеве, Чарнігаве, Оўручы, Смаленску.

 

Але гэтыя будынкі не мог пабудаваць адзін і той жа чалавек, іх будавалі розныя людзі, бо выкарыстоўваліся розныя меры даўжыні (грэчаскія і рымскія) і ўжываліся розныя тэхналогіі: розныя цэгла, мур, растворы і г.д. Ну і акрамя таго, ніякага чалавечага жыцця не хопіць, каб столькі пабудаваць.

 

– На думку Р. Раманава, Каложа – гэта крэпасць крыжакоў XIII ст. Ці атрымалася пацвердзіць або абвергнуць гэтую версію?


 – На мой погляд, Каложа была грамадскім будынкам і выконвала некалькі функцый.

 

Па-першае, гэта крэпасць, але не крыжакоў, а гандляроў, факторыя, дзе ажыццяўляліся здзелкі, у тым ліку таемныя. Не сакрэт, што разам з гандлёвымі караванамі рухаліся і шпіёны-выведнікі, таму апраўдана існаванне “праслушкі”.

 

Па-другое, гэта мог быць адначасова паганскі і хрысціянскі храм. Аж да найноўшага часу менавіта ў храмах адбываліся ўсе значныя падзеі – сходы, пасяджэнні рады, соймы, розныя выбары, там абвяшчаліся важныя рашэнні, захоўваліся дакументы, напрыклад, каралеўскія і княжацкія прывілеі. З моманту дзеяння Магдэбургскага права ў храмах знаходзіліся цэхавыя скрыні-сейфы з дакументамі і грашыма, эталонныя меры вагі і даўжыні.

 

На карысць гэтай версіі кажа адасобленае месца пабудовы Каложы на гандлёвым шляху купцоў-рахданітаў, і іх сляды вядуць нас у Рускі каганат.

 

– Што гэта за дзяржаўнае ўтварэнне?


– Большасць навукоўцаў лічыць, што Рускі каганат знаходзіўся ў складзе Хазарыі, упершыню ён узгадваецца пад 839 годам. Асноўны народ, яго які насяляў, – ясы і касогі, з-за чаго каганат мае другую назву – Ясская Русь. Каганат знаходзіўся ў міжрэччы Дона і Северскага Данца. Гэтая старажытная “Русь” была ваенна-гандлёвай арганізацыяй. Задоўга да стварэння Кіеўскай дзяржавы ёю былі засвоены гандлёвыя шляхі, якія маюць тысячагадовую гісторыю. Гэты магутны міжнародны канцэрн валодаў транспартнымі сродкамі, марскімі і караваннымі базамі, праваднікамі, аховай, службай абмену грошай і дыпламатычным корпусам.

 

 “Русь” з’явілася на поўдні сучаснай Расеі да ўзнікнення Наўгародскай і Кіеўскай Русі, ператварылася ў эліту славянскай дзяржавы і дала ёй сваё імя.

 

Для перавозкі тавараў шырока выкарыстоўвалася тарны посуд, у тым ліку амфары, якія вырабляліся ў Крыме і на тэрыторыі Рускага каганата.

Рэлігія мела політэістычны характар, шанаваліся з’явы прыроды і нябесныя целы, крыж, як сімвал солнца. На ўсім працягу Хазарыі, ад лесастэпаў да Ніжняга Дона шырока выкарыстоўвалася адзіная рунічная пісьменнасць.

 

Сталіца каганату Саркел (царская крэпасць) была заваяваная Святаславам і пераназваная ў Белую Вежу.

 

– Як Вам удалося прасачыць паходжанне гарадзенскіх цэркваў з Рускага каганата?


 – Пра гэта сведчыць ідэнтычнасць амфар з Саркелу і галаснікоў Каложы, дахі ў Саркеле і Каложы крылі дахоўкай, яе знаходзілі пры раскопках, акрамя таго, у Рускім каганат існавала рэдкая вытворчасць лошчанай керамікі.

 

Я. Звяруга, даследчык Ваўкавыску, пісаў, што рунічныя і кірылічныя клеймы на цэгле-плінфе не маюць аналагаў у Кіеўскай Русі. На маю думку, у той час яны маглі быць толькі ў Хазарыі.

 

Даўно вядомыя агульныя прыёмы будаўніцтва Каложы і царквы Св. Васіля ў Оўручы: сцены абедзвюх цэркваў пабудаваныя з плінфы з умурованымі апрацаванымі валунамі, у сцены устаўленыя гаршкі-галаснікі, абодва храмы трохапсідныя, у абодвух на заходняй сцяне былі прыбудаваны вежы, толькі ў Оўручы – дзве , а ў Гродне – адна, адзінае, чаго няма ў Оўручы, – узораў з каляровых маёлікавых плітак.

 

Аднак ніхто не піша і не кажа, што царква ў мястэчку Осцёр Чарнігаўскай вобласці – Юр’ева бажніца, дакладней, апсіда, якая ад яе захавалася, таксама мае ў муры сцен паміж плінфай умураваныя валуны.

 

Царква Міхаіла Арханёла ў мястэчку Осцёр у Чарнігаўскай вобласці Украіны моцна нагадвае гарадзенскую Каложу. Фота hram-ua.com

 

Пабудавана яна была амаль на сто гадоў раней нашай Каложы ў 1098-1125 гадах, так што спалучэнне цэглы і валуноў у муры не былi вынаходствам Міланега Пятра, такі прыём выкарыстоўваўся задоўга да яго. Маюцца сведчанні, што тут на рацэ Осцёр сяліліся выхадцы з Саркелу – Белай Вежы пасля разгрому Рускага каганата каганам Святаславам ў 965 годзе.

 

На карысць версіі аб паўднёвым паходжанні нашых храмаў гавораць і шахматныя фігуркі, знойдзеныя пры раскопках у Гродне і Ваўкавыску. Падобныя выяўленыя ў Саркеле, на тэрыторыі Еўропы ў XII стагоддзі такія не былі вядомыя.

 

– Дык кім жа ў такім выпадку былі першыя гарадзенскія князі?


 – Па ўсёй верагоднасці, іх паходжанне таксама было звязана з Рускім каганатам і гэтаму ёсць ускосныя пацверджанні. Князь Давыд не мог быць сынам Ігара і Кунігунды, паколькі ў летапісах ён названы ізгоем. Так у каганаце называліся людзі, якія падвергліся працэдуры “карэт” – выгнанне з асяроддзя супляменнікаў.

 

Апошнім гарадзенскім князем-Русам быў Юрый (1170-1241). Далей сувязі перарываюцца, з утварэннем Вялікага Княства Літоўскага князі – русы знікаюць з Гродна. Гэтым тлумачыцца, на мой погляд тое, што не была дабудавана царква ў Ваўкавыску.

 

 – Усіх гарадзенцаў хвалюе пытанне захавання святыні. Як вы лічыце, што трэба зрабіць для яе аднаўлення і ці варта наогул гэта рабіць?


– Пытанні рэстаўрацыі павінны вырашаць спецыялісты, усведамляючы ўсю адказнасць перад сучаснікамі і нашчадкамі.

 

Спробы рэстаўрацыі Каложы прадпрымаліся неаднаразова. У 1904 г. практык-рэстаўратар акадэмік Пакрышкін глыбока абследаваў храм, на працягу двух гадоў працаваў над праектам і зрабіў выснову, што помнік шматкроць пераўзыходзіць агульны ўзровень старажытнага дойлідства Русі. У 1906 годзе ён зрабіў даклад аб выніках сваёй працы. Каложа ў  першазданым выглядзе спалохала камітэт па “аднаўленні ў першапачатковым выглядзе” і ў выніку вырашана было не праводзіць рэстаўрацыю, а помнік прапаноўвалася проста закансерваваць.

 

 У 1995 г. Мішэль Жатцэн, галоўны архітэктар і галоўны інспектар гістарычных помнікаў, прэзідэнт камітэта ICOMOS Францыі пасля вывучэння самога помніка і праектнай рэстаўрацыйнай дакументацыі перасцерагаў пра якія-небудзь надбудовы па вышыні, лічыў, што замест сучаснай цэглы варта ўжыць дрэва. Ён перасцерагаў ад паспешлівых рашэнняў, якія могуць прывесці да нанясення храму незваротнай шкоды.

 

Вельмі своечасова гучыць яго рэкамендацыя старанна выбіраць прадметы царкоўнага начыння для таго, каб не парушаць гармоніі паміж старажытнымі сценамі і сучаснымі вырабамі.

 

Даведка ТС:

Любоў Зорына (на здымку вышэй у цэнтры) з’яўляецца гiсторыкам мастацтва, аўтаркай шматлікіх даследванняў па мастацтве i рамёствах Гарадзеншчыны