У Гродне разважалі пра дыскрымінацыю і крытыкавалі еўрапейскія каштоўнасці
Сустрэча пачалася ледзьве не рамантычна: у паўпустой зале старшыня “Салідарнасці” Іна Кулей грала на піяніна. На вялікім стале – раскладзеныя буклеты пра перавагі Еўрасаюза і розныя праявы дыскрымінацыі: па моўным, расавым, гендарным і іншых прынцыпах.
Паволі заля напаўняецца, арганізатар сустрэчы Эдвард Дзмухоўскі кліча ўсіх рассаджвацца. Агулам у памяшканні – чалавек 40-50, гарадзенцы ды госці з рэгіёнаў. Іна Кулей (на фота ніжэй) распавядае пра сваю праваабарончую ініцыятыву, пасля чаго пераходзіць да блоку з фільмамі.
Праектар высвечвае на сценку некалькі чалавек, якія сядзяць на фоне вялікага бел-чырвона-белага сцяга. Гэта прафсаюзныя актывісты з Бабруйска. Адзін з іх – наладчык з прадпрыемства – распавядае пра тое, як яго звольнілі з працы за ўдзел у незалежным прафсаюзе. Карцінка бачная слаба: на двары сонечна, а штораў няма.
Наступны фільм прысвечаны звольненым гарадзенскім выкладчыкам. Кулей падкрэлівае, што прэцэдэнт са звальненнм адразу 11 супрацоўнікаў ГрДУ – беспрэцэдэнтны ў межах Беларусі. На экране Генадзь Семянчук, Сяргей Сноп, Вячаслаў Швед… Асноўная думка: звальненні з працы – ці не самы папулярны спосаб дыскрымінацыі ў Беларусі.
Пра яшчэ адну загану нашай сучаснасці – наступны фільм. Настаўнік геаграфіі з Радуні Віталь Куплевіч, чалавек амаль не п’ючы, трапіў у ЛТП праз некалькі затрыманняў міліцыянтамі “у нецвярозым стане”. Праваабаронцы лічаць, што такім чынам Куплевічу помсцілі за яго колішнюю грамадска-палітычную дзейнасць.
Наогул жа, размова пра тое, што накіраванне ў ЛТП, дзе чалавек не мае свабоды перасоўвання, дзе ў яго адбіраюць тэлефон і прымушаюць працаваць за 200-300 тысяч у месяц – тое ж самае зняволенне, здзек з асобы. Іна Кулей падкрэслівае, што ўстановы такога тыпу засталіся толькі ў Таджыкістане, Прынястроўі ды Беларусі.
Апошні блок – дыскусія пра еўраінтэграцыю. Тут не абыйшлося без рэзка-крытычнага выступу прафесара Астроўскага (на фота ніжэй), які асудзіў Еўропу ў яе сучасным выглядзе за хібныя каштоўнасці ды дэградацыю, падвёўшы да таго, што ў ЕС беларусам няма чаго рабіць. Нечакана яго падтрымаў і арганізатар сустрэчы Эдвард Дзмухоўскі, згадаўшы іншы інтэграцыйны праект, прапанаваны ў пачатку 90-х – Балта-Чарнаморскі саюз.
Кожны з гасцей мог ўзяць сабе буклеты з дыяграмамі і графікамі пра плюсы еўраінтэграцыі ды брашуркі аб парушэннях правоў чалавека.
Падобныя сустрэчы ў Гродне ўжо даўно не ладзіліся, а калі і былі – то ў закрытым фармаце для 5-10 асобаў.
Фота Яна Лялевіча