Гістарычны комікс пра абарону Гродна ў 1939 годзе: дзе праўда, а дзе паліткарэктнасць?

Галоўны герой комікса – гродзенскі хлопчык Антак Срэбрны – удзельнічае ў абароне горада, а пасля трапляе ў Сібір разам з высланымі туды крэсовымі палякамі. У 1941-1944 гг. разам з арміяй Андэрса сімпатычны хлопец Антак праходзіць праз Сірыю, змагаецца з фашыстамі пад Тобрукам і Монтэ Касіна.

 

Безумоўна, Інстытут Нацыянальнай Памяці мае вельмі канкрэтную мэту – захаванне сярод польскай моладзі памяці пра палякаў з Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, якім прыйшлося перажыць шматлікія выпрабаванні ад нацыстаў і камуністаў у гады Другой Сусветнай вайны і пасля яе. Таму гэты комікс, нягледзячы на “лёгкую” форму, спрабуе данесці да чытача вельмі сур’ёзны змест. Глянем, наколькі гэта атрымалася ў аўтараў і наколькі змест адпавядае сапраўднасці.

 

У першай частцы комікса разам з выдуманым Анткам і ягонымі сябрамі дзейнічаюць рэальныя гістарычныя асобы: кіраўнікі Гродна Ценьскі і Савіцкі, маёр Сэрафін, савецкі военачальнік Болдзін. Пры чым прэзідэнт горада Ценьскі паказаны не ў самым лепшым святле – ён фактычна ўцякае з горада, перадаўшы ўладу Раману Савіцкаму.

 


 

Добра паказаная атмасфера чакання прыходу савецкіх войскаў, падрыхтоўкі да абароны. Ды і бой хлопцаў з савецкім танкам таксама досыць напружаны. Праўда, аўтарам можна было б пакапацца глыбей і тады б яны даведаліся, што 20 верасня Гродна атакавалі не танкі Т-26 (як у коміксе), а БТ-7. І менавіта гэтыя БТ-7, якія ранкам праскочылі мост, і былі папаленыя па цэнтры горада як польскімі вайскоўцамі, так і гродзенскімі гімназістамі.

 

Выяваў Гродна дастаткова мала, хаця горад угадваецца. Гэта вуліца Замкавая, раён чыгуначнага вакзала, вуліца Ажэшкі каля пошты і скрыжавання з Тэлеграфнай. Ёсць некалькі панарамаў з-за Нёмана, зробленых па матывах даваенных паштовак.

 

Бальшавікі паказаныя нейкімі надта нязграбнымі. Напрыклад, Болдзін напярэдадні штурму горада 21 верасня спакойна мыецца і голіцца, яўна рыхтуючыся да сну. Гэта вельмі малаверагодна, бо даведаўшыся аб тым, што ў горадзе толькі што бясследна зніклі дзесяць танкаў, камкор Болдзін наўрад ці збіраўся б ісці спаць, а хутчэй чакаў бы званка з Масквы і ледзь не расстрэлу.

 

Але адзінае ў коміксе, што звяртае ўвагу ў сапраўды крытычным сэнсе, дык гэта наколькі “лоўка” аўтары комікса з выйшлі сітуацыі з паказам “камуністычных дыверсантаў”, або “камуністычных баявікоў”, згадкамі пра якіх поўняцца працы польскіх гісторыкаў пра падзеі 1939 г. Мясцовых жыхароў, якія б падтрымлівалі прыход савецкай улады, у коміксе зусім няма. Наогул горад паказаны як чыста польскі. Прынамсі ўсе сябры Антка гавораць толькі па-польску і ніяк не выдаюць сваё яўрэйскае або беларускае паходжанне.

 

Галоўны антыгерой комікса – Пан Х, прыязджае ў Гродна напярэдадні вайны, пры чым з захаду. Як пасля аказваецца, гэта нямецкі шпіён Тотэнштайн, які трымае сувязь з наступаючым на Гродна бальшавіцкім адзелам Болдзіна. Рысы твару Пана Х яўна не нямецкія, ды і выходзіць ён у адной са сцэн комікса крамы з надпісам уласніка – Розенблюм… Ці Розенблюмы з Гродна былі нямецкімі шпіёнамі? Таксама Тотэнштайн і ўзімку 1940 г. працягвае працаваць у Гродне, пры чым яму безумоўна падпарадкоўваюцца савецкія афіцэры. Ён нават крычыць на іх. Адным словам, у дасведчанага чытача хутка складаецца ўражанне, што бальшавіцкі шпіён-яўрэй з паліткарэктных меркаванняў аўтарамі комікса быў перамаляваны ў нямецкага шпіёна. Хаця ў якасці нямецкага шпіёна палякі перад вайной падазравалі хіба толькі гродзенскага лютэранскага пастара, на якога пан Тотэнштайн не цягне ані знешнім выглядам, ані паводзінамі.

 

Такім чынам, прагледзеўшы гэты комікс, застаецца спадзявацца, што польскія школьнікі, прачытаўшы яго, не спыняцца толькі на агучанай у ім версіі падзей верасня 1939 г., а з часам звернуцца да больш глыбокіх даследаванняў (і не толькі польскіх), прысвечаных гэтай тэме. А беларускім гісторыкам і выдаўцам ды і, уласна, дзяржаўным структурам, можна толькі параіць узяцца за выданне коміксаў для беларускіх дзяцей. Гэта насамрэч вельмі добры метад для засваення гістарычных ведаў.