Асабісты досвед: як я пракаціўся ў сацыяльным таксі ў Пышкі

Не так даўно ў Гродне з’явілася сацыяльнае таксі. Малады калясачнік Дзмітрый Дзітко ўжо не раз скарыстаўся гэтай магчымасцю і сёння дзеліцца досведам з намі.

 

 

Аднойчы я наважыўся выпрабаваць гэтую паслугу і скарыстаўся бясплатным сацыяльным таксі. Чаму ў якасці канчатковага пункта былі абраныя менавіта Пышкі? [лесапарк у Гродне]. Справа ў тым, што такое таксі можа адвезці толькі ў строга вызначаныя месцы. Напрыклад, паліклініка, шпіталь (калі загадзя вядомыя дата і час прыёму ці абследавання), аздараўленчы або рэабілітацыйны цэнтр, аптэка, установы культуры, масавага адпачынку, бытавога абслугоўвання, ЖЭС, натарыяльная кантора, выканкам, чыгуначны і аўтавакзал, банк, якая-небудзь навучальная ўстанова і г.д. Прыблізны спіс установаў можна знайсці ў інтэрнэце або ўдакладніць у супрацоўніка сацыяльнай службы вашага раёна па тэлефоне.

 

У гэтым спісе я знайшоў таксама лесапарк Пышкі, парк імя Жылібера і нават агратурыстычны комплекс «Гарадзенскi маёнтак “Каробчыцы”»!

 

Праўда, максімальная працягласць паездкі (менавіта так я зразумеў з тэлефоннай размовы са спецыялістам) складае дзве гадзiны, уключаючы дарогу туды і назад! Улічваючы, што час паездкі да “Каробчыц” і назад уключае як мінімум паўтары гадзіны, мне не зусім зразумела, навошта ехаць туды хвілін на 20-30?

 

Такое абмежаванне па часе, вядома, прыўносіць нямала нязручнасцяў. Але як ні круці, а гэта лагічна! Бо калі б нехта адзін забраніраваў, да прыкладу, пяць гадзiн часу, колькі б чалавек у гэты дзень засталося “ў пралёце”? Тэарэтычна, можна арганізаваць працу таксі па такой схеме: адвезці кліента куды трэба і ехаць на наступную заяўку, не чакаючы яго. Пазней, у дамоўлены час, вярнуцца (не важна праз колькі гадзін), каб адвезці чалавека дадому. Але тады, як мне здаецца, неабходна мець не адзін і нават не два такіх аўтамабілі, а цэлую дыспетчарскую службу, якая будзе пісьменна планаваць маршруты, імгненна рэагаваць на непрадбачаныя абставіны і аператыўна перанакіроўваць машыны ў выпадку, калі гэта будзе неабходна. Спадзяюся, калі-небудзь такое стане магчымым. А пакуль трэба проста парадавацца, што паслуга ў горадзе наогул з’явілася.

 

Такім чынам, для першай эксперыментальнай паездкі я выбраў “Сцежку здароўя”, лесапарк Пышкі.

 

Для пачатку я патэлефанаваў у Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва свайго, Ленінскага раёна Гродна.  Там мне назвалі даты і час, калі таксі было яшчэ незанятае. Я абраў зручныя для сябе дату, час і працягласць паездкі (замовіць машыну можна на гадзіну ці  на дзве), зазначыў месца прызначэння. Акрамя таго давялося назваць: прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, групу інваліднасці, адрас; прозвішча, імя, імя па бацьку асiстэнта, а таксама кантактныя тэлефоны. [Па-мойму, прасцей уладкавацца працаваць у разведку – заўв. рэд.].

 

За дзве гадзіны да паездкі нам патэлефанавалі і ўдакладнілі, ці дзейсная яшчэ заяўка і ці не змянілася што-небудзь.

 

Да прызначанага часу вы павінны ўжо спусціцца і чакаць машыну на вуліцы. На ўсялякі выпадак лепш захапіць з сабой пашпарт і пасведчанне інваліда.

 

Кіроўца закаціў вазок на платформу пад’ёмніка, зафіксаваў тармазы, правёў уздым (платформа рухаецца вельмі плаўна), закаціў вазок у салон, зафіксаваў яго пры дапамозе адмысловых механізмаў. Тут варта адзначыць некалькі момантаў. Па-першае, вазок фіксуецца ў салоне толькі спінай да кіроўцы. Прычым, калі ў новых аўтобусах пры падобным размяшчэнні вазка прадугледжаныя адмысловыя апоры для галавы (бо не ва ўсіх вазках маюцца падгалоўнікі), то тут нічога падобнага няма! Так што я, напрыклад, ледзь утрымліваў сваю галаву, каб яна не боўталася туды-сюды пры кожным разгоне і тармажэнні. А на наступны дзень праз гэта вельмі балела шыя. Па-другое, для тых, хто сядзіць на сядзеннях, прадугледжаныя, як і належыць, рамяні бяспекі, а для тых інвалідаў, якія сядзяць у вазках, ніякіх рамянёў няма, і прымацаваць іх пасярэдзіне салона проста няма куды! Таму вельмі рэкамендую паклапаціцца пра гэта самастойна (напрыклад, у мяне на вазку ёсць самаробны страховачны рэмень).

 

Выгрузку таксама праводзіў кіроўца. Увесь час, пакуль мы шпацыравалі, машына чакала нас. А калі прыехалі дадому і выгрузіліся з таксі, кіроўца папрасіў распісацца ў спецыяльным бланку.

 

У цэлым, мне спадабалася. Планую яшчэ куды-небудзь з’ездзіць. Праўда, цяпер заказваць “сацыяльнае таксі”, буду, мабыць, толькі ў адзін бок, а назад – як-небудзь сам. Таму што дзве гадзiны – гэта, безумоўна, замала.

 

Дзмітрый Дзітко, пераклад Надзеi Кiслай

Часопіс МолоКО

 

 

Чытай таксама:


Сардэчна запрашаем або людзям з інваліднасцю ў Гродне ўваход у кавярні забаронены?


Ці ўсе крамы УП “Нарач” можна назваць безбар’ернымі?

 

Фотафакт: тэст пандуса ля ўваходу ў гродзенскі магазін “Журавінка”

 

Гродзенская “Фірма МОКА” не спяшаецца клапаціцца пра маламабільных кліентаў


Дом сувязі ў Гродна “па-за зонай доступу”