Дагрукацца да нябёсаў

Затым адышоў ад кампутара і ўзяўся зьбіраць заплечнік. Наперадзе чакала траса, на супрацьлеглым баку якой пыхкаў люлькай братка-Амстэрдам.

 

Паехаць у Нэдэрляндыю я зьбіраўся даўно. Але за штодзённымі справамі падарожжа ўсё неяк адкладвалася. Гэтак заўсёды бывае. Здаецца, важныя справы, з-за якіх адсоўваеш і адсоўваеш задуманае. А потым мінае год-два, і раптам разумееш: з-за нейкай побытавай мітусьні ты не пасьпеў зьдзейсьніць нешта сапраўды важнае.

 

Меў рацыю той, хто сьцьвердзіў аднойчы: вялікае лепш бачнае на адлегласьці. Седзячы на адным месцы, ня цяжка нахвальваць родны кут. Але гэтаксама вельмі лёгка і страціць адчуваньне рэчаіснасьці ды патрапіць у палон уласных прымхаў і забабонаў. Ці не найлепшы спосаб вярнуцца з гэткага добраахвотнага самазабыцьця – падарожжы. Сустракаючы новых людзей, знаёмячыся зь іх ладам жыцьця, культурай, сьветаглядам, хоцькі-няхоцькі параўноўваеш толькі што спазнанае са сваім родным – здавалася б, гэтак добра адчутым і асэнсаваным. І нечакана для самога сябе заўважаеш новыя адценьні, гукі, водары…

 

Напачатку было імя…

 

Раней я называў гэтую краіну Галяндыяй. І ўвесь час зьдзіўляўся пра сябе: чаму ў аднае краіны – дзьве назвы?! Як выявілася, уся краіна называецца менавіта Нэдэрляндыя (Nederland), а Галяндыя (Holland) – гэта толькі асобная яе частка, назву якой ангельцы ўжываюць датычна ўсяе краіны.

 

Адразу падумалася пра Гродна-Горадню-Гародню. Колькі найменьняў, і кожнае – чарговая падстава для сваркі: чыя ж назва сапраўднейшая. Хаця якая розьніца з тае сапраўднасьці? Вось каб у час «бульдозэрнай рэканструкцыі» сваё ўлюбёнае места супольна вышлі бараніць прыхільнікі і Гродна, і Горадні, і Гародні – плёну было б шматкроць больш.

 

Калі мяжа – толькі на мапе…

Разам зь сябрам мы даехалі да Нэдэрляндыі аўтастопам. Пакуль ехалі, у галаве сьвярбіла адно: вось яно – бязьмежжа! Вільня, Варшава, Познань, Бэрлін, Гановэр… Уффф, Айнговэн! Аніякіх табе перашкодаў, едзь куды заўгодна, спазнавай сьвет самастойна, а ня зь нечай падказкі. Захацеў папіць кавы ў Бэльгіі – калі ласка! Надумаў пабачыцца зь сяброўкай у Партугаліі – ю а вэлкам, аміго!

 

Па вяртаньні з падарожжа выпадкова ўбачыў ля гарадзенскага чыгуначнага вакзалу вялізную рэкляму: «С нами – в Европу!». І подпіс ніжэй: «Гродно-Минск». Вось і ўся Эўропа – едзь не хачу.

 

 

Я ня ўсё люблю ў Беларусі

Першае ж уражаньне ад Нэдэрляндыі – безумоўна, ровары. Іх тут нават ня тысячы – мільёны! Паўсюль! Усюдыісныя дарожкі і стаянкі для раварыстаў, адмысловыя чатырохпавярховыя паркінгі, службы абслугі і дагляду «коняў на двох колах». На паведамленьне пра тое, што ў Горадні штрафуюць раварыстаў, нават ня ведаў, як і рэагаваць. Карысьць ад ровараў відавочная: здароўе + экалёгія + большая бясьпека на дарогах + зьмяншэньне аўтамабільных затораў… – сьпіс можна працягнуць. У Заходняй Эўропе гэта даўно зразумелі. І «сяброў на двох колах» там сёньня паболей, чым нелегалаў з адной далёкай усходняй «раваровай краіны».

 

Чым жа кіруюцца гарадзенскія ДАІшнікі, якія штрафуюць нешматлікіх тутэйшых аматараў націснуць на пэдалі? Альбо мясцовыя ўлады, якія замест раваровых дарожак упіхваюць у старыя вулкі чарговыя аўтамабільныя плыні ды высякаюць апошнія дрэўцы? Магчыма, меркаваньнем, нібыта беларусы – і бяз ровараў дастаткова здаровая нацыя? Раддом каля гарадзенскай тэлевежы, паўсюдныя лядовыя палацы як буйныя гандлёвыя кропкі, гарналыжны комплекс у Мазыры пры гэткіх «суворых» зімах, абавязковае разьмеркаваньне выпускнікоў ВНУ ў забруджаныя радыяцыяй раёны і як мага хутчэйшае вяртаньне апошніх у рэспубліканскі севазварот, пабудова АЭС і ТЭЦ акурат пасярод «чыстай» тэрыторыі… Ну вядома ж, ровары нам зашкодзяць! Дэмаграфічныя праблемы ў Беларусі – даўно пройдзены этап. Як там той казаў? Няма чалавека – няма праблемы? Вось і памірае «праблем» сёньня значна больш, чым нараджаецца. Дый народжаныя – спрэс хворыя, наўрад ці будуць доўга замінаць…

***

Прырода. Чаго яшчэ варта было б павучыцца беларусам у нэдэрляндцаў, дык гэта стаўленьню да прыроды. Вядома ж, у іх няма Белавескае пушчы ці Блакітных азёраў. Затое ёсьць сапраўдныя лясы ветракоў, якія ловяць вятры і даюць іх энэргію людзям. Няма зуброў і чорных буслоў. Затое ёсьць зайцы, якія зусім не баяцца людзей, сядзяць на ўзбочынах і мэлянхалічна праводзяць позіркам самаходы і электрычкі.

 

Але самае дзіўнае – о майн Гат! – нэдэрляндцы не зьбіраюць грыбы ў лесе: маўляў, навошта чыніць шкоду прыродзе, калі ўсё можна купіць у краме? Вы ў шоку? Мяне спачатку таксама крыху трэсла. Адпусьціла, калі прыгадаў беларускія горы – горы сьмецьця, панакіданыя і па маляўнічых лясох ды вазёрах, і пад старадаўняй Каложай, і ў падворках адразу ж за гэткімі чыстымі цэнтральнымі вуліцамі. Беларуская прырода, якой гэтак старанна прарочаць лёс эўрапейскай турыстычнай Мэкі («тое, чым мы можам узяць немца!»), сёньня хутчэй уражвае нашым барбарскім стаўленьнем да яе, а ня ўласным хараством.

***

Нэдэрляндзкія месты – спрэс старыя. Сярэднявечная забудова тут ахайная, дагледжаная. Думаю, каб пасунуліся сюды гарадзенскія «бульдозэрныя рэканструктары», то паадрывалі бы ім рукі і адправілі прэч.

Зрэшты, адно нэдэрляндзкае места амаль ня мае «староўкі». Гэта Родэрдам. Яго разбамбілі немцы ў час ІІ усясьветнай вайны, калі напалі на сваіх паўночна-заходніх суседзяў. Празь 5 дзён Нэдэрляндыя капітулявала. Іншыя месты краіны былі ўратаваныя ад разбурэньня. Ротэрдам жа быў пазьней адбудаваны. Аднак, у адрозьненьне ад варшавякаў, ротэрдамцы ня сталі аднаўляць «староўку». Замест гэтага яны збудавалі новае места, даўшы волю сваёй фантазіі. І архітэрктурныя фантазіі ротэрдамцаў сапраўды ўражваюць!

 

Адразу прыгадваюцца аднастайныя адказы гарадзенцаў на пытаньне, чым можна ганарыцца ў сваім месьце. Каложа, Стары й Новы замкі, Фарны касьцёл… Толькі дзіўнавата неяк выглядаюць наднёманскія «аб’екты гонару», засьмечаныя й занядбаныя. І зусім незразумела: няўжо ж мы самыя ані на што ня здатныя? Няўжо за апошняе стагодзьдзе не пабудавалі анічога, вартага гонару? Ці рукі ў нас крывыя? Ці галовы ў нас пустыя? Была краіна замкаў, стала краіна катэджаў і аграгарадкоў?

***

Калі вы думаеце, што Беларусь – гэта аграрная краіна, то вы папросту не былі ў Нэдэрляндыі. Каля 80% бюджэту гэтай прыгожай паўночнай эўрапейскай краіны дае менавіта аграрны сэктар. Мясцовыя цяпліцы падобныя на бязьмежныя шкляныя палацы. Бездакорна дагледжаныя палеткі, казачныя кароўкі ды авечкі, бясконцыя сады – як выявілася, усё гэта цалкам рэальна бяз штогадовай «бітвы за ўраджай» і паказальных дажынак

***

Ну і, напэўна, апошні пункт у маім зусім не патрыятычным сьпісе. Мора. Нэдэрляндцы жывуць на беразе велічнага Паўночнага мора. Калі сядзіш на яго ўзьбярэжжы, раптам разумееш: вось які ён – водар свабоды! Салёны, моцны, бясконцы. Вецер надзімае твае ветразі й нясе некуды наперад, насустрач цёпламу Гальфстрыму, які яшчэ памятае гарачы подых прыгажуні-Афрыкі. І сэрца тваё грукае гэтак моцна і радасна, што цябе абавязкова пачуюць недзе там, наверсе – і ўсьміхнуцца ў адказ, падміргнуць чароўным сонечным трусікам…

Паўночнае мора: тут можна дагрукацца да нябёсаў

Беларусы ж ня маюць ўласнага мора, хоць і хочуць. Адсюль – і Менскае мора, і тэрытарыяльныя прэтэнзіі ў кірунку Каралявеччыны, і нават Герадотавае мора ў балотах Палесься. Папраўдзе, уласна мора ад гэтага ў беларусаў гэтак і не зьявілася. Хаця выйсьце ўсё-ткі ёсьць: нам папросту трэба пазбаўляцца самаізаляцыі. Каб не было жахлівых межаў і прыніжальных візаў. А тады сеў у самаход ці самалёт і – але-оп! – прывітаньне, мора!

***

Ну добра, стоп. Яшчэ адзін пункт. Легалайз і Квартал чырвоных ліхтароў. Усё праўда, гэта там ёсьць. Дазвол на вырошчваньне двох кусткоў марыхуаны для асабістага спажываньня. Адмысловыя cofeshops, дзе можна цалкам законна забіць касячок ці зьесьці кекс з грыбочкамі і дзе сустрэнеш амаль выключна турыстаў. Спакушальныя паставы і прывабныя формы на які заўгодна густ з-за шыбаў Чырвонага Кварталу.

 

О’кей, усё гэта ёсьць. І калі на гарадзенскім чыгуначным вакзале будзе немагчыма «зьняць» за бутэльку таннага бырла 15-гадовую прасталытку альбо калі з майго пад’езду зьнікнуць апошнія шпрыцы, я з задавальненьнем выслухаю абсалютна ўсіх маралістаў і вымяральнікаў ступені прагніласьці гэткага далёкага ад нас Захаду.

 

Р.(ра) S.(увэніры)

 

Сувэніры – яшчэ адна спроба схалявіць. Як па мне, то непараўнальна лепш – узяць і паехаць самому, каб пабачыць сьвет. У кожным выпадку, гэта значна прыемней, чым задавольвацца чужымі аповедамі пра далёкія краіны ды замежнымі сувэнірнымі дрындушкамі.

 

Дадому я вяртаўся з пустымі кішэнямі і торбамі. І сэрцам, напоўненым новымі ўражаньнямі.

 

І новымі плянамі.

 

Сучасная забудова ў Ротэрдаме

Кожны зарабляе, як можа і як хоча

 

Старыя вулкі Амстэрдаму                                  Ідзеш сабе, ідзеш – бац! – і настрой адразу

                                                                                    палепшыўся

Амстэрдам – горад каханьня ўва ўсіх яго праявах

Квартал чырвоных ліхтароў запрашае!

І ня трэба паскудзіць па завулках!

   

Традыцыйны абутак нэдэрляндцаў         Марыхуана таксама мае права на жыццё!

Алея славы ў Ротэрдаме – адна зь мясцовых турыстычных фішак

Раваровы паркінг у Амстэрдаме

Амстэрдам: тут вам заўсёды радыя!

Да сустрэчы, Нэдэрландыя!

Фота на застаўцы: Палац міру ў Гаазе – вядомы больш як Гааскі трыбунал: тут судзяць дыктатараў

*захаваны аўтарскі правапіс