Гарадзенскія дачнікі скардзяцца на кепскую дарогу, але звяртацца да ўладаў баяцца

Грэйдар працуе неэфектыўна

 

Як аказалася, за кепскай дарогай хаваецца шэраг “падводных камянёў”. Пенсіянеры лічаць галоўнай прычынай разбітай дарогі рэгулярныя паездкі грузавых аўтамабіляў фірмы “Мока”, якая мае там пітомнік буякоў. “Пастаянна ездзяць трактары і грузавікі, бывае, што па некалькі разоў на дзень. Тэхніка так моцна разбівае дарогі, што прыходзіцца часта рамантаваць падвеску ў аўтамабілі, а для пенсіянера гэта вельмі дорага”, – абураецца сябра таварыства садаводаў.

 

Іншай праблемай з’яўляецца кепскае грэйдаванне дарог. Па сцвярджэнню дачнікаў, грэйдар рэгулярна выраўноўвае палатно грунтавой дарогі, але праходзіць толькі па паверхні, што зусім не дапамагае.

 

Пры Шапіры дарога была добрай

 

“Летам на аўтобусе ехаць зусім некамфортна, ён пастаянна падскоквае і трасецца на гэтых ямках. Пасажырам проста нязручна, а ўявіце сабе колькі аўтапарк потым аддасць на рэмонт гэтых аўтобусаў! Тэхніка ж моцна растрасаецца!” – абураецца жанчына-дачніца.

 

Дачнікі садаводнага таварыства “Вадаканал” усе як адзін лічаць вінаватымі абласныя ўлады. Падобная праблема з дарогай узнікла некалькі год таму, раней такога не назіралася, упэўнена адзначаюць дачнікі: “Калі кіраўнікамі вобласці былі Саўчанка, а потым Сямён Шапіра, дык дарога нашая была ў добрым стане, а з 2014 году ўсё змянілася, як Шапіра пакінуў сваю пасаду”.

 

Звяртацца да ўладаў бессэнсоўна?

 

Не так даўно дачнікі збіраліся звярнуцца да мясцовых уладаў з просьбай вырашыць іх праблему, нават арганізавалі збор подпісаў сярод чальцоў таварыства. Але калі справа дайшла да рэальных подпісаў пад зваротам, то дачнікі рэзка адмовіліся ад гэтай ідэі, каб не афішаваць свае прозвішчы. “Наўрад ці ўлады сталі б займацца нашай праблемай, абазліліся яшчэ б. Магло б тады стаць яшчэ горш”, – дзеліцца сваім меркаваннем адзін з пенсіянераў-дачнікаў.