Беларусы пачалі святкаваць Новы год 1 студзеня пры Пятры І? Насамрэч не

Традыцыя адзначэння Новага году бярэ пачатак з язычніцтва. Тады яго надыход звязаны з пачаткам земляробчых прац – 1 сакавіка.

 

З прыходам хрысціянства на нашыя землі, на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага доўгі час надыход Новага году адзначаўся 1 верасня, згодна з праваслаўнай традыцыяй заснавання сусвету.

 

У 1582 годзе Папа Рымскі Грыгорый XIII уводзіць новую каляндарную сістэму, атрымаўшую назву Грыгарыянскага календару. Аднак у 1583 годзе на Канстанцінопальскім саборы праваслаўная царква вырашыла на гэты каляндар не пераходзіць.

 

У Рэчы Паспалітай новы каляндар увёў у 1583 годзе кароль Стэфан Баторый. Не ўсе жыхары Рэчы Паспалітай гэта ўспрынялі станоўча. Напрыклад, жыхары Вільні, Львову і Полацку ўчынілі супраць новай каляндарнай сістэмы сапраўдны бунт. Кароль быў вымушаны пайсці на саступкі сваім падданым і дазволіць адзначаць Новы год як і раней – 1 верасня.

 

Патлумачыць такую рэакцыю можна тым, што насельніцтва, пераважна, было праваслаўным. Аднак з 1596 году, пасля прыняцця Берасцейскай царкоўнай уніі, адзначэнне Новага году 1 студзеня пашырылася сярод праваслаўнага насельніцтва, якое прыняло ўніяцтва.

 

У Расіі адзначаць Новы год 1 студзеня пачалі значна пазней – такую традыцыю з Захаду прынёс Пётр І толькі ў 1700 годзе. Падданых Расійскай Імперыі абавязалі ўпрыгожваць дамы галінкамі ялінак.

 

Важна адзначыць, што для звычайных жыхароў нашых зямель Новы год даўней не з’яўляўся святам. Людзі святкавалі ў асноўным рэлігійныя святы. Традыцыйным зімовым святам было Раство, якое адзначалася каталікамі і ўніятамі з 24 на 25 снежня, а праваслаўнымі з 6 на 7 студзеня. Новы год святкавала толькі дваранскае асяроддзе. Але крах Расійскай Імперыі прынёс кардынальныя змены.

 

З 1918 году, згодна дэкрэту Саўнаркама, Новы год стаў святам і адзначаўся 1 студзеня. Савецкая дзяржава была атэістычнай, таму трэба было знайсці аналаг традыцыйнага зімовага свята, якім раней было Раство. Гэтым аналагам стаў Новы год, а Святога Мікалая, які наведваў дзяцей на Раство, замянілі на Дзеда Мароза.

 

Але адзначэнне рэлігійных зімовых святаў Савецкай дзяржаве так і не атрымалася выкараніць і па гэтай прычыне зараз  адзначаецца цэлы шэраг зімовых святаў: каталіцкае Раство, “савецкі” Новы год, праваслаўнае Раство і Новы год па-старому Грыгарыянскаму стылю.