Кожная школа ў Гродне мае ў 2016 годзе адкрыць сваю этнаграфічную экспазіцыю
Гэта вынікае са службовай паперы, якая была яшчэ ўвосень разасланая па ўсіх гарадзенскіх аддзелах адукацыі. Зараз папера была адпраўленая па школах паўторна, каб нагадаць пра тэрміны. Згодна ёй, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскай вобласці Аляксандр Сангін вымагае стварэння ў кожнай школе этна-кутка.
Мэта стварэння падобных экспазіцый сфармуляваная лаканічна: “Стварэнне дадатковых умоваў для патрыятычнага выхавання вучняў”. Для гэтага ў кожнай школе меліся збіраць самабытныя прадметы інтэр’еру, вырабы народных промыслаў, абразцы традыцыйных строяў і іншае. Калі няма арыгіналаў – рэкамендуецца выкарыстоўваць стылізацыю і замяняць аўтэнтычныя прадметы наваробамі.
Справаздача аб выкананні даручэння мае быць прадстаўленая 6 студзеня 2016, а пасля паўторна – 10 траўня гэтага ж году.
Агулам ініцыятыва вельмі нагадвае ранейшую кампанію па масавым стварэнні “міні-музеяў ВАВ” у кожнай школе. Пра тое, ці вылучаныя на стварэнне экспазіцыяў нейкія стродкі – невядома.
Дарэчы, набыць вышыванкі рознай ступені аўтэнтычнасці сабе або для школьнага музею можна ў Гродне ў некалькіх месцах.
Фота ілюстрацыйнае