Мінус 50 па Цэльсію: як выглядае зіма ў Якуцку
Плошча Арджанікідзэ, адна з цэнтральных у горадзе
Пошча Арджанікідзэ, але ўжо вечарам: усё як звычайна – елка, светавая інсталяцыя на месцы закрытага на зіму фантана, людзі выходзяць на шпацыр, фатаграфуюцца
– Як людзі жывуць пры такой тэмпературы? Няўжо нехта ходзіць на працу, у школу? Ці працуюць грамадскі транспарт, крамы?
Калі я быў у Якуцку, там было -35ºС. Але мясцовыя расказваюць, што і -50ºС тут справа звычайная. Таксіст казаў, што тады проста вісіць ў паветры ледзяное крошыва, як туман. З-за высокай вільготнасці ўсе дрэвы стаяць ў шэрані.
Грамадскі транспарт прадстаўлены ў асноўным аўтобусамі ПАЗ – атрымліваецца нешта сярэдняе паміж нашымі аўтобусамі і маршруткамі (Фота з інтэрнэта)
Прыпынкі ў аўтобусах заўсёды аб’яўляюць, бо вокны пакрыты слоем наледзі і практычна нічога не ўбачыш. У горадзе шмат былых ва ўжыванні праварульных іншамарак – іх прывозяць сюды з Японіі. І час тут такі самы, як ў Токіа. З Гродна розніца складае шэсць гадзін.
Дзеці ў школу ходзяць, гэта бачыў. А ідучы са школы нават песьні на вуліцы спяваюць. Усе прадпрыемствы працуюць у звычайным рэжыме, хаця светавы дзень доўжыцца каля чатырох гадзін і сонца ўвесь час стаіць вельмі нізка.
На будоўлі – эстакада з трубаправодам, што злучае верхнюю і ніжнюю мантажныя пляцоўкі. Светавы дзень ў снежні доўжыцца каля 4 гадзін, сонца ўвесь час стаіць нізка, а з-за высокай вільготнасці можна назіраць светавое гала
Будаўнічая пляцоўка а палове пятай вечарам. А шостай, калі людзі вяртаюцца з працы, на вуліцы ўжо глыбокая ноч
Што тычыцца працы на адкрытым паветры, то канечне, яна абмежавана. На мантажы абсталявання гэта часткова абумоўлена тым, што пры нізкіх тэмпературах забараняецца праводзіць, напрыклад, зварачныя работы і не можа працаваць будаўнічая тэхніка, часткова – нормамі аховы працы, што абмяжоўваюць працу людзей пры нізкіх тэмпературах.
Ідуць мантажныя працы – падрыхтоўка тэхналагічных трубаправодаў да ўкладкі на эстакаду
Так выглядае Якуцк з верхняй пляцоўкі будоўлі электрастанцыі. Горад не высокі, дамы ў асноўным па 5 ці 9 паверхаў і стаяць на сваях, бо там вечная мерзлата
– Як нязвыкламу да такіх тэмператур чалавеку з нашых шыротаў трэба сябе паводзіць, каб уратаваць сваё здароўе?
Паводзіць сябе як звычайна ў холад – адзявацца цяплей і менш часу быць на вуліцы. Я прыязджаў у Якуцк толькі на некалькі дзён, то ніякіх медыцынскіх патрабаванняў ці праверак не было. Адзенне браў звычайнае, зімовае. Аднак, як толькі выйшаў з самалёта, адчуў, што халоднае паветра проста пячэ ў лёгкіх.
Сэлфі адмыслова для тых, хто не мог паверыць, што бывае столькі снегу
Для тых супрацоўнікаў, што едуць на вахту, ёсць спецыяльная медкамісія, бо каб там працаваць здароўе трэба мець моцнае. Мясцовыя ў холад адзяваюцца ў футры і ўнты. Рабочым на будоўлі выдаюць уцепленую спецвопратку і валёнкі.
– Што цябе занесла ў Якуцк?
Фірма, дзе я зараз працую, будуе там электрастанцыю, то службовыя абавязкі патрабавалі маёй прысутнасці на аб’екце.
На зваротным шляху самалёт увесь час абганяў усход – сонца паўгадзіны вісела за ілюмінатарам
Фота Анатоля Новіка