Іншае каляднае кiно

|

Усе чатыры часткі «Адзін дома» даўно перагледжаны, а дзесяткі амерыканскіх фільмаў з невыразнымі акторамі і аднатыпнымі сюжэтамі накшталт: «Санта Клаўса кантузіла, а я заняў яго месца», зусім не нагадваюць святочнай казкі.

Нават сучасныя інтэрпрэтацыі традыцыйнай «Каляднай гісторыі» не ратуюць сітуацыю. Але ў сапраўднага баечніка заўсёды знойдзецца некалькі незвычайных апавяданняў. Перад вамі Тым Бёртан – галоўны казачнік Галівуда! Кожны фільм гэтага рэжысёра лёгка пазнаецца дзякуючы выразнаму стылю. Змрочная готыка або вар’яцкія колеры карнавалу – усё гэта ён, «дзіўны хлопец, што здымае фільмы пра такіх жа дзівакоў».

Як і калісці Эд Вуд, Тым проста хоча апавядаць гісторыі. І ён у гэтым праўдзівы мастак. Напрыклад, адно з ягоных апавяданняў: «Сумная смерць Хлопчыка-Вустрыцы» – самая назва ўжо зносіць дах, праўда? Фільм, які непасрэдна, нават у назве датычыцца святаў, гэта вядомы «Жах перад Калядамі» – стылістычнае развіццё творчага маніфеста «Вінсэнт». Лялечны мюзікл пра горад ваўкалакаў ды прывідаў, зняты ў каштоўнай пакадравай тэхніцы, паказвае нам што здараецца, калі нехта займаецца не сваімі справамі.

Джэк Уладар Гарбузоў (не смейцеся, яго так сапраўды клічуць!) – майстар у пужанні дзяцей на Хэлоўін і проста чароўны шкілет – пачынае сумнявацца ў сэнсоўнасці свайго паклікання. Тады ён даведваецца пра існаванне Раства і вырашае замяніць Санту ў ягоных абавязках. Далей, цалкам згодна з платонаўскай ідэяй справядлівасці, ледзь не адбываецца катастофа, але як у кожнай казцы, у канцы ўсё вяртаецца на свае месцы. Гісторыя кахання шкілета і дзяўчыны-франкенштайна (хэпі-энд, які так не любяць «аматары добрага кіно») прыкладаецца. У выніку маем: зусім незвычайныя дэкарацыі для звычайнага апавядання, цікавую загробную эстэтыку і вельмі добры пераклад на расейскую мову (агучвалі Сугранава, Сукачоў, гурт «Машина Времени» і іншыя знакамітыя расейскія рокеры). Хаця мюзіклы трэба глядзець у арыгінале. Чарговы фільм Бёртана, які пазіцыянуецца як калядны, хаця тэматыка святаў там ужо не зусім у цэнтры падзей – «Эдвард Рукі-Нажніцы». Створаны паводле школьных малюнкаў Тыма, ён быў першай спробай супрацоўніцтва Бёртана з Джоні Дэпам, што дало пачатак адному з найбольш цікавых творчых дуэтаў сучаснага кіно.

З часам дуэт ператварыўся ў трыо, калі далучылася Хэлена Бонэм-Картэр, сённяшняя пасія Бёртана і партнэрка Дэпа ў некалькіх фільмах. Галоўны герой – Эдвард – істота створаная геніяльным вынаходнікам, мы нават не ведаем, ці гэта чалавек. Ён жыве адзін самотна ў вялікім замку на гары з таго часу, як Стваральнік памёр (дарэчы, гэта сапраўды была апошняя роля вялікага Вінсэнта Прайса). Памёр, не паспеўшы скончыць Эдварда і ў таго замест рук – нажніцы. Праз збег абставін трапляючы ў горад, Эдвард робіцца мясцовай славутасцю і адкрывае ў сабе талент цырульніка.

Глядач жа назірае больш за жыццём антыўтапічнага «ідэальнага амерыканскага горада»: ад адных колераў дамоў можа зрабіцца кепска, таму пра штодзённае жыццё і норавы мясцовых казаць не буду. На фоне ўжо недзе замалёўваецца гісторыя кахання, але іншасць Эдварда, з часам усё больш заўважная, прыводзіць да бяды… Мабыць, самы кранальны з фільмаў Тыма. З падобных эмацыйна прыгадваецца толькі «Вялікая рыбіна».