ПРАГА СПАКУСАЎ

| Без катэгорыі

З Градчанаў, якія помняць нашага Скарыну і на якіх месцяцца славутыя Сабор Святога Віта, Злата ўлічка і прэзідэнцкі палац, адчыняецца шыкоўная панарама Малай страны – аднаго з самых прыгожых раёнаў горада.

Прага спакушае сваёй казачнай архітэктурай, арыгінальнымі мастацкімі праектамі, незабыўным смакам добрага піва ці бехераўкі, шыкоўнымі кавярнямі і вітрынамі крамаў, мноствам разнастайных светлых твараў на сваіх вуліцах.

align=none alt=”3″ sub=”3″>

Сотні турыстаў штоноч збіраюцца на цэнтральнай плошчы Старой Прагі, каб палюбавацца на шыкоўна падсвечаныя старажытныя храмы і іншыя будынкі.

А вось тая ж Малая страна з Градчанамі з супрацьлеглага берагу Влтавы, у водах якой адбіваюцца цені мінулых часоў.

А вось вам і кавалак Венецыі – пражская вулачка, па якой можна вандраваць толькі на лодцы.

Калісьці на такіх вулічках стаялі млыны, рэшткі аднаго з якіх вы бачыце.

Помнік Францу Кафцы з’яўляецца адным з найбольш улюбёных месцаў для турыстаў.

А гэта ўжо ўзор авангарднага мастацтва: скульптура чалавека, складзеная з літараў.

Па-мастацку зробленая нават сацыяльная рэклама. «Абмежаванне ў доступе да грошай – гэта таксама праява хатняга гвалту» – сцвярджае з плакату славутая чэшская мадэль Андрыяна Скленарыкава-Карамбё, жонка славутага французскага футбаліста, якая таксама пацярпела ад гвалту ў сям’і.

Цікава, ці прыемна ўвесь час стаяць у калюжыне, якую ты напусціў сам?

А вось і чаравічкі ў «Тваім стылі»! Як далёка можна ў іх забегчы?

Багацце і беднасць заўсёды жывуць побач. Варта апусціць вочы крыху ўніз – і ўбачыш ледзь не ў кожным больш-менш наведваемым турыстамі месцы жабрака на каленях…

Штодня ў Прагу прызямляецца дзесант з сотняў турыстаў.

Найбольш шчырае захапленне і здзіўленне можна ўбачыць у вачах дзяцей.

Ды й не дзіва – ці кожны дзень можна, напрыклад, з рук пакарміць лебедзяў?

У дарослых – свае спакусы. На кожным кроку – шыкоўныя кавярні са славутым чэшскім півам, бехераўкай ды слівавіцай, свінымі галёнкамі ды кнэдлікамі. Паспрабуй прайсці міма, асабліва калі з уваходу цябе заклікаюць завітаць у госці такія афіцыянты!

Музыка ў цэнтры Прагі гучыць дзень і ноч. Джаз-бэнд з 5 дзядулек на працягу некалькіх гадзін трымаў вакол сябе пару сотняў удзячных пражан ды турыстаў.

І мы там былі ды нешта пілі, а што спадабавалася – у «Стыль» прывязлі! Не бойцеся спакусіцца, паспрабуйце смак Прагі!

Вітаўт Руднік, Лана Руднік