Большасць стралковых шчытоў здалі на металалом
Як прызнаецца Зміцер, акцэнт пры стварэнні экспазіцыі рабіўся акурат на папулярызацыю ведаў аб І Сусветнай, гісторыю якой ён вывучае ўжо не першы год:
– У нас шмат цікавых рэчаў, напрыклад, ёсць макет форту Гарадзенскай крэпасці, апорны пункт №8, які зрабіў знакаміты майстар Ігар Адасік па нашай замове. Акрамя таго ў нас ёсць планы Гарадзенскай крэпасці ды некалькі плакатаў, якія паказваюць працэс будаўніцтва, архіўныя схемы і чарцяжы, фотаздымкі.
Ёсць тут рэчы цалкам унікальныя, напрыклад, адзіны вядомы захаваўшыся стралковы шчыт, які выкарыстоўвалі расейскія жаўнеры падчас абароны. Такіх шчытоў першапачаткова было шмат: на кожным форце каля сотні-паўтары, але, усе яны былі разабраныя ды здадзеныя на метал… Гэты ж перададзены на часовае захаванне гісторыкам і археолагам Сяргеем Піваварчыкам.
Шчыты меліся быць індывідуальнай абаронаю для кожнага байца ды ўсталёўваліся ў байніцы форта. Такія шчыты былі вышынёю каля паўметра і маглі абараніць ад вінтовачнай кулі. Падобныя канструкцыі былі і ў немцаў, хіба крыху ніжэйшыя ды абароненыя з бакоў.