ЛІПЕНЬСКАЯ БАРСЕЛОНА Ў ЛЮТАЎСКІМ «КАСТРЫЧНІКУ»

|

Спецыфічнае пачуццё гумару, якім прасякнутыя яго фільмы ды ўласная недарэчная акторская гульня заўсёды былі распазнавальнай рысай дзіўных камедый Алена. І тут ён выдае стужку ў нечаканай для яго манеры, дзеянне якой адбываецца да таго ж у Гішпаніі.

Дзве сяброўкі з ЗША прыязджаюць на лета ў Барселону. Вікі, упэўненая ў сваіх жаданнях, якая не дазваляе сабе быць хоць троху спантаннай, заручоная з паспяховым бізнэсмэнам. Хрысціна, псіхалагічна нязрэлая, якая шукае і знаходзіць заўсёды тое, чаго не хоча. Ніхто не падазрае, якімі істотнымі ў іх жыцці стануць гэтыя гарачыя сонечныя дні сярод гукаў гішпанскай гітары, духу Каталоніі і архітэктуры Гаўдзі.

«Жыццё кароткае, жыццё нуднае, жыццё поўнае болю. А гэта шанец на нешта незвычайнае», – кажа таямнічы Хуан Антоніё, і ўсё стае з ног на галаву. Адзін халерны, недарэчны ўікэнд у Авіэда і Вікі, Вікі якая заўсёды думала, што добра ведае, чаго хоча, ўжо не ведае, дзе знаходзіцца. Паўстае незвычайны любоўны… Не, не трохкутнік! Квадрат. А можа і ромбакубаактаэдр. Неістотна як назавем, але гэта трымае ў напружанні без пагоняў, выбухаў і супер-злачынцаў. Сапраўды, даўно кіно не стварала ўва мне такога сціску эмоцый.

Выдатны сцэнарыст Ален распавядае нам гісторыю няспоўненасці, дзе ўсе героі хочуць, але ніяк не могуць дасягнуць спакою адначасова. Здаецца, ён кажа: не шукай магічнага вырашэння, яно нерэальнае. Дзейнічай, пакуль ёсць час! Але і Вікі, і Хрысціна, і Хуан, і нават тая самая Барселона – эксцэнтрычная Марыя Элена ў выкананні Пенелопы Круз – толькі людзі. А людзі, як вядома, нават праз усе мінулыя тысячагоддзі цывілізацыі, ўсё яшчэ не навучыліся кахаць. Проста. Але толькі сапраўдныя майстры могуць так распавядаць пра простыя рэчы. Гумар Алена тут больш вытанчаны, нейкі нечакана добры. Можа таму, што яго самога няма на экране? І музыка, таксама не складаная, але яе адразу хочацца мець у плэеры.

Ці патрэбныя нагоды для кахання, ці не хапае таго простага факту, што мы жывем? Ці сапраўды толькі няспоўненнае каханне можа быць рамантычным? Ці можна асуджаць за спробы ўцёкаў з сітуацыі, калі ёсць каханне, але няма закаханасці? Шмат пытанняў. Адказаць і адначасова зразумець яе, Барселону-Марыю-Элену, з усімі яе дзівацтвамі і нясталасцю, можа толькі вялікі паэт. Праўда, ён нікому пра гэта не раскажа. Між тым лета сканчаецца, усё вяртаецца на старыя (але ці свае?) месцы. Хрысціна знайшла чарговую частку сябе ў фатаграфіі. А Вікі? Яна вырашае захаваць status quo. Толькі чаму мы не верым табе, Вікі?

Фільм: Вікі. Хрысціна. Барселона / Vicky. Cristina. Barcelona, Гішпанія / ЗША, 2008 г., 96 хв.

Рэжысёр і сцэнарыст: Вудзі Ален

Жанр: рамантычная камедыя / драма На мінулагоднім кінафестывалі ў Канах прэм’ера фільма прайшла па-за конкурсам.

У кінатэатры «Кастрычнік» з 10 лютага.

Аляксей ШОТА

На здымку: кадр са стужкі «Вікі. Хрысціна. Барселона»