“Восем жанчын”, якія кахаюць”: навучэнцы тэатральнай студыі “Універсітэту Залатога Веку” прадставілі новы спектакль
Пастаноўка па п’есе Рабера Тама “Восем жанчын, якія кахаюць” была прадстаўлена 28 студзеня.
Нягледзячы на хваляванне, кожная з акторак, якія былі на сцэне (а сярод іх былі і тыя, хто толькі сёлета пачаў наведваць курс акторскага майстэрства) справілася са сваёй роляй на выдатна.
Кіраўнік тэатральнага калектыву УЗВ рэжысёр Васіль Калач пасля спектаклю прызнаўся, што моцна ўражаны выступам калектыва:
– Я не чакаў такога выніку, такога натхнення ад іх. Яны зрабілі паўнавартасны спектакль, які можна паказваць гледачу на любой сцэне.
Уражаннямі ад падзеі падзялілася і Лілія Грыгарук (на здымку ніжэй), якая толькі што адгуляла адну з роляў у пастаноўцы:
– Мы вельмі хваляваліся, бо спектакль вельмі складаны: шмат тэксту ды і памяць у нас не вельмі добрая ўжо. Але, думаю, мы справіліся са сваёй задачай на 90% і я вельмі задаволеная!
Пра аграмадную эмацыйную і фізічную напругу кажа і Лідзія Бяганская (на здымку ніжэй злева) і дадае:
– Сёлета да нас далучыліся новыыя студэнты, якія сёння ўпершыню былі на сцэне, і, як вы бачылі, выдатна з усім справіліся. Дзякуй вялікі нашаму кіраўніку, які так творча і натхнёна працуе з намі!
Не першы ўжо раз выступае на сцэне Ганна-Галіна Гапоненка (на здымку ніжэй злева):
– Мы вельмі стараліся! Усе выклаліся на 100%. Ёсць людзі, якія проста неверагодна раскрыліся: такія яркія эмоцыі, павароты лёсу. У нас атрымаўся выдатны акторскі ансамбль і гэта нашая агульная заслуга!
Па словах кіраўніцы праграмы “Універсітэт Залатога Веку” Ланы Руднік, ужо зараз ёсць дамоўленаць пра тое, што спектакль будзе паказаны яшчэ на некалькіх пляцоўках у горадзе.
Праграма “Універсітэт Залатога Веку” дзейнічае ў Гродне з 2010 г. Яе студэнты (сёлета гэта каля 200 чалаве) маюць магчымасць наведваць больш як 30 курсаў і клубаў.
Студыя акторскага майстэрства пад кіраўніцтвам вядомага многім гарадзенцам рэжысёра Васіля Калача прауе тут ужо трэці год.
Фота Рона Сольфа
Праект “Паляпшэнне якасці жыцця сталых людзей праз адукацыю, актывізацыю і валанцёрскую дапамогу” рэалізуецца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” і прафінансаваны Фондам “Памяць, адказнасць і будучыня” (EVZ) у межах праграмы “Месца сустрэчы: дыялог”. Арганізатар праграмы ў Беларусі – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Узаемапаразуменне”.
Гэтая публікацыя не адлюстроўвае меркаванне фонда EVZ. Адказнасць за змест нясе аўтар/нясуць аўтары.