Гродно посетили активисты мирового pro-life движения из США и Австрии

Госці падзяліліся методыкай працы за мяжой, а пра перадабортнае кансультаванне ў Магілёве і Віцебску распавёў Уладзіслаў Валаховіч – дырэктар дабрачыннага фонду “Адкрытыя сэрцы”.

 

У семінары ўдзельнічала каля 70 чалавек: псіхолагі, псіхатэрапеўты, каталіцкае і праваслаўнае духавенства, валанцёры і проста неабыякавыя да гэтай тэмы гродзенцы.

 

«За Нараджэнне!»: на Гарадзеншчыне адчыніўся першы кабінет па перадабортным кансультаванні

 

Спачатку мадэль працы здавалася фантастыкай

 

Ёханэс Бухер у Беларусі ўжо чацвёрты раз. У Аўстрыі ён і яго калегі калісьці пачалі працу са спецыяльнай мадэлі айца Філіпа Рэйлі. Яе сутнасць у тым, каб у пралайф-руху было 80% малітвы і 20% працы. «Тады нам здалася фантастыкай гэтакая смелая задума – маліцца ў абартарыях кожны дзень, арганізоўваць малітоўныя маршы», – падзяліўся ўспамінамі спадар Бухер.

 

У выніку ў Аўстрыі за 15 гадоў ад аборту выратавалі больш за 14 000 дзяцей, зачыніліся чатыры прыватныя абартыўныя клінікі, перад якімі праходзіла малітва. «Спыніў рабіць аборты і звярнуўся да веры лекар, уладальнік клінікі ў Вене, які здзейсніў раней больш за 300 тысяч абортаў», – даў прыклад аўстрыйскі госць.

 

«У Беларусі вы ў больш выгаднай сітуацыі – можаце маліцца і кансультаваць унутры абартарыя. У Аўстрыі мы кансультуем на вуліцы, бо гэта прыватная ўласнасць і сярэдні кошт аборту 600 еўра», – растлумачыў Ёханэс.

 

«Пагладзь, пашкадуй, прыхініся»

 

Менавіта Ёханэсу Бухеру належала ідэя пачаць у Беларусі перадабортнае кансультаванне і маліцца ў абартарыях.

 

«Вясной 2008 года ён патэлефанаваў мне і сказаў: «Добры дзень, я хачу ратаваць вашых беларускіх дзяцей ад абортаў », – успамінаў Уладзіслаў Валаховіч. Да таго моманту абодва мужчыны былі наогул незнаёмыя. «Я памятаю час, калі 15 гадоў таму на вуліцах не было відаць матуль з каляскамі, – падзяліўся Уладзіслаў. – Дзякуючы нашай малітве і працы за 2015 год было выратавана каля 2000 дзяцей».

 

У працы пры кансультаванні Уладзіслаў выкарыстоўвае «правіла трох П»: пагладзь, пашкадуй, прыхініся.

 

У гродзенскім дэпо асвяцілі тралейбус, які будзе прапагандаваць адмову ад абортаў

 

Валанцёры «Адкрытых сэрцаў» пісалі петыцыі ў парламент і дзяржава адрэагавала. У снежні 2014 года быў прыняты закон аб абавязковым перадабортным кансультаванні, а лекар зараз мае права адмовіцца ад аборту. Уладзіслаў Валаховіч лічыць гэта заслугай неабыякавых грамадзян.

 

Святар выкарыстоўваў жорсткія параўнанні

 

Айцец Шэнан Боке за пяць гадоў наведаў больш за 50 краін і праехаў два мільёны кіламетраў – ён літаральна «жыве на валізках». У Гродне ён заклікаў прысутных спецыялістаў працягваць сваю працу.

 

“Калі мы падумаем пра трагедыі ўсіх сусветных войнаў, то колькасць загінуўшых не будзе нават стаяць побач з колькасцю жорстка забітых у імя свабоды хлопчыкаў і дзяўчынак “, – святар выкарыстаў жорсткія параўнанні.

 

Боке лічыць, што для паспяховай дзейнасці трэба прыцягваць розных людзей: валанцёраў, лекараў, журналістаў і адукацыйныя структуры. “Мы можам зрабіць Беларусь прыкладам для ўсяго свету”, – сказаў айцец Шэнан.

 

У канцы сустрэчы ўдзельнікі падзяліліся тым, што больш за ўсё кранула. «Вельмі важна, што мы сёння тут сустрэліся, важная наша матывацыя. Гэта не пройдзе бясследна», – упэўнены ўдзельнік семінара Антон Яскевіч. «Мне 38 гадоў і я падумала пра другое дзіця», – падзялілася адна з удзельніц.

 

Фота orthos.org